Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6-кілямэтровае шэсьце цягам 5 гадзінаў, і без затрыманьняў. Чым зьдзівіў пратэст супраць інтэграцыі з Расеяй


Сотні людзей цягам 5 гадзінаў выстрайваліся ў жывы ланцуг, хадзілі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі па цэнтры горада і нават бегалі навыперадкі з супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным. У Менску прайшоў самы працяглы за апошнія гады пратэст. Ён выкліканы магчымым паглыбленьнем інтэграцыі з Расеяй. Мы выбралі самыя яскравыя адметнасьці сёньняшняй акцыі.

1. Шмат людзей

Нават арганізатар сёньняшняга пратэсту быў зьдзіўлены тым, колькі людзей выйшла на вуліцы Менску.

«Я думаю, тут некалькі разоў па 300 спартанцаў. Па-мойму, больш за тысячу людзей», — сказаў падчас жывой трансьляцыі Свабоды Павал Севярынец.

Па ацэнках нашых карэспандэнтаў, у розных час у пратэсьце ўдзельнічала ад некалькіх соцень да адной тысячы людзей.​

2. 5 гадзінаў і 6 кілямэтраў

Пратэстоўцы расьцягнуліся ад плошчы Незалежнасьці да вуліцы Інтэрнацыянальенай
Пратэстоўцы расьцягнуліся ад плошчы Незалежнасьці да вуліцы Інтэрнацыянальенай

Гэта дакладна нешта новае. Ужо праз гадзіну пасьля збору на Кастрычніцкай плошчы Павал Севярынец павёў людзей на плошчу Незалежнасьці. А адтуль — на плошчу Свабоды, а адтуль — назад на плошчу Незалежнасьці. І ўрэшце, у парк Купалы і на плошчу Якуба Коласа. Па словах Севярынца, гэта вельмі сымбалічныя кропкі для беларускага народу: Незалежнасьць, Свабода, Купала, Колас.

Мы замералі даўжыню маршруту. Выйшла амаль 6 кілямэтраў. Для сувымернасьці, калі б калёна рушыла проста па праспэкце, то праз 6 кілямэтраў яна дайшла б да Нацыянальнай бібліятэкі на станцыі мэтро «Ўсход».

Алена Талстая з руху салідарнасьці «Разам» удзельнічала ў пратэсьце ад самага пачатку і да канца. Усе 5 гадзінаў.

«Я думаю, добра, што мы прайшлі праз увесь горад. Мелі магчымасьць пабачыць гэтую акцыю і тыя, хто ехаў па праспэкце, і большасьць людзей. [Трэба,] каб гэтая інфармацыя распаўсюджвалася далей — што беларусы хочуць жыць у незалежнай краіне».

3. Без затрыманьняў. ДАІ суправаджала калёну ўвесь час

Міліцыянта нагадвае пра тое, што акцыя несанкцыянаваная
Міліцыянта нагадвае пра тое, што акцыя несанкцыянаваная

Акрамя выпадку з затрыманьнем хлопца, што крычаў «Расея», невядома ні пра воднае затрыманьне. І гэта за 5 гадзінаў. І гэта пры тым, што пратэстоўцы рушылі па самы цэнтры, каля цэнтральных будынкаў КДБ і МУС. Калі ў мінулы раз праходзіла падобнае шэсьце і ў калёне зьвіўся фаер, людзі ў цывільным пачалі зьбіваць і саміх пратэстоўцаў, і журналістаў. А гэта было менш як месяц таму — падчас «Сустрэчы свабодных людзей».

Так, на пачатку, калі людзі спрабавалі ўзяцца за рукі і ўтварыць «Ланцуг незалежнасьці» ўздоўж праспэкту, адразу падыходзілі міліцыянты і нагадвалі, што акцыя несанкцыянаваная. І ў трансьляцыі было бачна, як гэта ўплывала на некаторых. Але потым было ўражаньне, што засталіся толькі супрацоўнікі ДАІ, якія сачылі, каб пратэстоўцы пераходзілі дарогу на зялёнае сьвятло, і каб не ішлі па праезнай частцы.

Чаму такое ляяльнае стаўленьне сілавікоў да пратэстаўцаў? Вядома, калі ёсьць загад зьверху, то для падаўленьня любой акцыі пратэсту прыяжджае АМАП у поўнай экіпіроўцы, вадамёты і машыны для застрашэньня. А чаму не было загаду — вось гэта добрае пытаньне.

4. Гульні з людзьмі ў цывільным

Сутычка на Кастрычніцкай плошчы
Сутычка на Кастрычніцкай плошчы

Адзіны напружаны момант здарыўся на самым пачатку акцыі на Кастрычніцкай плошчы. Выступоўцы спрабавалі ўзьняцца на прыступкі Палацу Рэспублікі, якія раней нярэдка станавіліся імправізаванай сцэнай падчас мітынгаў на плошчы. Але людзі ў цывільным спрабавалі не пусьціць выступоўцаў на прыступкі. Колькі хвілінаў доўжылася сутычка.

А потым пачаўся бег навыперадкі. Павал Севярынец заклікаў перайсьці да іншых прыступак — да суседняга Палацу прафсаюзаў. І ў момант людзі ў цывільным рынуліся праз усю плошчу. У гэты самы час выступоўцы вярнуліся на прыступкі Палацу Рэспублікі і працягнулі прамовы.

З боку гэта выглядала як бег навыперадкі.

5. Сьмелыя людзі


У часе трансьляцыі мы размаўлялі зь людзьмі, многія зь якіх, як аказалася, у першы раз выйшлі на вулічны пратэст. Хтосьці прыехаў з рэгіёнаў адмыслова на гэты пратэст. Хтосьці прыйшоў з малымі дзецьмі. Студэнты не хавалі свой твар і распавядалі, дзе яны вучацца. З вуснаў усіх гучала: незалежнасьць Беларусі пад пагрозай, таму яны тут.

6. Сёньняшняя акцыя — толькі пачатак?

Павал Севярынец шмат каго зьдзівіў сёньня сваім маршрутам
Павал Севярынец шмат каго зьдзівіў сёньня сваім маршрутам

Так прынамсі абяцае Павал Севярынец. Сёньня ягоны прагноз цалкам спраўдзіўся. На плошчу выйшла больш чым «трыста спартанцаў». І людзі сапраўды не сыходзілі да самай цемры, як ён і абяцаў. На заўтра ён ізноў заклікае прыйсьці ў цэнтар Менску.

Ці стануць пратэсты ў Беларусі масавымі?

«Каб выйшаў народ, трэба падзея нейкая. Каб сёньня прыйшла інфармацыя, што падпісаны пратакол пра адзін урад, пра адну дзяржаву, вывалілі б сотні тысяч», — сказаў паэт Уладзімер Някляеў у камэнтары для Свабоды.

Ці адбудзецца падзея, якая па словах Някляева выведзе на вуліцы «сотні тысяч», неўзабаве будзе вядома. Акурат у гэты час Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін абмяркоўваюць «паглыбленьня інтэграцыі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG