Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Некаторыя ў пагонах „прыбурэлі і абарзелі“ да таго, што яны проста не павінны іх насіць»

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка на вайсковым парадзе, архіўнае фота

На нарадзе з прадстаўнікамі праваахоўных органаў Аляксандар Лукашэнка жорстка выказаўся наконт сьледчых і пракурораў, якія фальсыфікуюць крымінальныя справы, і зноў згадаў справу галоўнага інжынэра МЗКЦ.

Аляксандар Лукашэнка назваў справу супраць галоўнага інжынэра МЗКЦ Андрэя Галавача «добрым прыкладам вашай працы як па сутнасьці, так і па форме» — Галавач больш як чатыры гады правёў у ізалятары, але быў прызнаны невінаватым.

Паводле Лукашэнкі, «колькасьць зваротаў, іншыя рэзанансныя справы сьведчаць аб сурʼёзных недахопах і праліках у працы апэратыўна-вышуковых і сьледчых падразьдзяленьняў, а таксама, на жаль, пракуратуры».

Таксама Лукашэнка заявіў, што ў людзей «часам складваецца ўражаньне, што супрацоўнікаў праваахоўных органаў перадусім цікавяць не жыцьцё і лёс чалавека, а лічбы і рэйтынгі, якімі вымяраецца эфэктыўнасьць іхнай працы», а фальсыфікацыі крымінальных справаў такія, што «лепей бы вы не пачыналі гэтыя крымінальныя справы».

«Некаторыя ў пагонах прыбурэлі і абарзелі да таго, што яны ня проста не павінны іх насіць — гэтыя людзі павінны быць выключаныя з нашага грамадзтва ў першую чаргу, перш чым тыя, справы якіх яны расьсьледуюць», — заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка ўскосна згадаў зьбіцьцё менскага лекара?

Таксама ён адзначыў, што яшчэ горш за гэта тое, што сілавікі выкарыстоўваюць «актыўныя гвалтоўныя мэтады, несувымерныя сытуацыям, што ўзьніклі». З апісаньня падобна (хоць супадаюць ня ўсе дэталі здарэньня), што гаворка можа быць пра лекара Дзьмітрыя Сераду, якога ў 2016 годзе жорстка зьбілі пры затрыманьні за нібыта ўчыненае хуліганства, якое пазьней не пацьвердзілася.

«Ці бачыце, вяршыцелі лёсаў! — абураўся Лукашэнка. — Уварваўшыся ў дом пры дзецях, цяжарных жонках, пакласьці чалавека пысай у падлогу, як у вас прынята казаць, заламалі рукі, паламалі некалькі рэбраў, і страсаньне мазгоў — гэта як мінімум. Гэта бязмозглыя людзі, якім таксама ня месца ў праваахоўнай сыстэме. Што наогул недапушчальна ў практыцы сілавікоў — зьяўляецца новая форма працы, прамы ціск на ўдзельнікаў крымінальнага працэсу. Нават да судзьдзяў пад'яжджаюць і пачынаюць на іх накатваць: ды мы з вамі, ды мы вас будзем прэсаваць, нахіляць».

Паводле Лукашэнкі, яго пра гэтыя факты толькі інфармуюць, а захадаў па выпраўленьні сытуацыі не прымаюць. Да таго ён казаў, што сустрэча зь сілавікамі 20 жніўня «мае стаць гістарычнай», бо ад іх «залежыць сувэрэнітэт і незалежнасьць, у аснове якіх ляжыць стабільнасьць».

Ды яшчэ ў чэрвені Лукашэнка, калі прызначаў новага міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева, казаў, што «той, хто заслугоўвае па мазгаўні або па мордзе, павінен атрымаць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч

Самае папулярнае

XS
SM
MD
LG