Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальнай справы пра зьбіваньне ў Менску АМАПам дзіцячага лекара ня будзе, — Сьледчы камітэт


Дзьмітры Серада

Дзьмітрыю Сераду, дзіцячаму лекару, якога летась зьбілі амапаўцы падчас памылковага затрыманьня ва ўласнай кватэры, зноў адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы.

Пра гэта лекар напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» і выклаў у інтэрнэце атрыманы са Сьледчага камітэту ліст.

«Па фактах нанясеньня цялесных пашкоджаньняў (лёгкіх, без расстройства здароўя), а таксама пашкоджаньня маёмасьці пры затрыманьні Серады ў завядзеньні крымінальнай справы адмовіць з прычыны адсутнасьці ў дзеяньнях складу злачынства», — напісалі Дзьмітрыю Сераду ва ўпраўленьні СК па Менску. Рашэньне было прынятае 6 лютага.

Лекар скардзіўся на дзеяньні АМАПу і дамагаўся прыцягненьня міліцыянтаў да крымінальнай адказнасьці ўжо трэці раз. Спачатку яму адмовілі, потым пракуратура гораду ўсё ж завяла справу на неназванага супрацоўніка міліцыі, але генпракуратура гэтае рашэньне адмяніла і адправіла справу ў СК на новую праверку. Сьледчыя зноў вырашылі, што хаця амапаўцы памылкова штурмавалі кватэру лекара і неабгрунтавана нанесьлі яму пашкоджаньні ды зламалі дзьверы і мэблю, закону яны не парушылі, бо дзейнічалі «ў адпаведнасьці з апэратыўнай інфармацыяй». Нібыта апэратыўная інфармацыя даводзіла, што Серада ёсьць фізычна моцнай асобай і пры затрыманьні можа аказаць супраціў, таму для ягонага затрыманьня быў выкліканы АМАП. Пра гэта сьледчым СК паведаміў падчас праверкі інцыдэнту апэратыўны супрацоўнік Заводзкага РУУС. Неабходнасьць затрыманьня Дзьмітрыя Серады міліцыянт патлумачыў падазрэньнямі ў датычнасьці лекара да факту хуліганства, якія пазьней не пацьвердзіліся. Кіраўніцтва Заводзкага РУУС дзеяньні оперупаўнаважанага падтрымала.

Інцыдэнт адбыўся 4 жніўня 2016 году. Празь месяц пацярпелы лекар Дзьмітры Серада трапіў на прыём да кіраўніка менскай міліцыі Аляксандра Барсукова, якому выказаў свае прэтэнзіі да сталічных міліцыянтаў. Са слоў Дзьмітрыя Серады вядома, што Аляксандр Барсукоў ня стаў перад ім выбачацца, спаслаўшыся на тое, што на той момант не была завершаная праверка, але прапанаваў за кошт міліцыі выправіць пашкоджаньні ў ягонай кватэры.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG