Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доктара зьбілі, сям’ю напалохалі, а «злачынца ня вызначаны, крымінальная справа заведзена па факце»


У Праваабарончы цэнтар «Вясна» зьвярнуўся лекар-пэдыятар Дзьмітры Серада. Да яго ў кватэру 4 жніўня ўварваліся невядомыя ў масках, выламалі ўваходныя дзьверы, разьбілі шкло бальконных дзьвярэй на кухні. Лекара жорстка зьбілі, завезьлі ў Заводзкі РУУС, потым у Сьледчы камітэт. Трымалі паўтара сутак, не кармілі.

Пры канцы другога дня выклікалі нібыта пацярпелую і сьведку, але тыя не апазналі ў затрыманым злачынцу. Спадар Серада напісаў скаргі ў Сьледчы камітэт, МУС і пракуратуру.

Зьбівалі лекара жорстка: паклалі тварам у падлогу, скруцілі рукі за сьпіну, надзелі кайданкі. Потым білі нагамі ў абутку па галаве, нырках, сьпіне, нагах. На пытаньне, за што яго зьбіваюць, спадар Серада пачуў у адказ: «„Няма чаго сваімі прычындаламі махаць“, у больш грубай форме, вядома», — апісвае ён падзеі той раніцы.

Потым лекара даставілі ў РУУС Заводзкага раёну Менску, у машыне працягвалі зьбіваць. Некалькі гадзін пратрымалі ў райаддзеле міліцыі, а пасьля гэтага даставілі ў Сьледчы камітэт, дзе дапыталі. Дзьмітрыя Сераду падазравалі па частцы 1-й 339-га артыкула Крымінальнага кодэксу — «Наўмысныя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадзтва, якія суправаджаюцца прымяненьнем гвалту або пагрозай яго прымяненьня, або зьнішчэньнем ці пашкоджаньнем чужой маёмасьці, або адзначаюцца па сваім зьмесьце выключным цынізмам (хуліганства)».

Правялі апазнаньне з удзелам пацярпелай і сьведкі. Пацярпелая не змагла апазнаць у затрыманым чалавека, які ўчыніў злачынства, а сьведка заявіла, што Дзьмітры зусім не падобны да злачынцы.

Мужчыну пратрымалі яшчэ цэлую ноч і наступны дзень, ні разу не пакармілі. Яму стала дрэнна, выклікалі хуткую дапамогу. Адпусьцілі яго толькі 5 жніўня прыблізна ў 16 гадзін, бо ў сьледчага «адпалі падставы для далейшага ўтрыманьня яго пад вартай».

Пасьля гэтага Дзьмітры Серада зьвярнуўся ў судмэдэкспэртызу. У яго зафіксавалі страсеньне галаўнога мозгу лёгкай ступені і ўдар пярэдняй сьценкі брушной поласьці.

Цяпер Серада на бальнічным. Малую дачку Серады накіравалі да псыхоляга: дзяўчынка перажыла моцны стрэс. У стрэсе і цяжарная жонка Дзьмітрыя.

Дзьмітры Серада ўжо накіраваў скаргі ва ўпраўленьне Сьледчага камітэту, начальніку Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў і ў пракуратуру. У скаргах ён просіць выявіць і прыцягнуць да адказнасьці асобаў, якія аддалі распараджэньне штурмаваць яго кватэру і жорстка затрымліваць, а таксама тых, хто зьбіваў яго ў кватэры і ў міліцэйскай машыне.

Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова пра затрыманьне Серады паведаміла:

«Заводзкім раённым аддзелам Сьледчага камітэту расьсьледуецца крымінальная справа — хуліганства, частка 1 артыкула 339. Расьсьледаваньне дадзенай справы вядзецца па факце. То бок асоба, якая ўчыніла хуліганства, ня вызначаная. Я магу толькі казаць, што тычыцца сьледчай часткі крымінальнай справы, якая расьсьледуецца намі. Усе астатнія пытаньні — не да мяне.

Хуліганства заключалася ў тым, што жанчыне былі прадэманстраваныя мужчынам палавыя органы ў публічным месцы. Яна зьвярнулася ў органы ўнутраных спраў, і былі сьведкі. Пакуль усё. Нічога больш сказаць не магу».

Юлія Ганчарова паабяцала ў панядзелак прадставіць больш разгорнутую інфармацыю.

А вось чаму так жорстка дзейнічала міліцыя — пры тым, што злачынца ня вызначаны, крымінальная справа заведзеная па факце, — тлумачэньняў атрымаць так і не ўдалося.

Кіраўнік прэс-службы УУС Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі сказаў, што ён цяпер на бальнічным і інтэрнэту ў яго няма. Гарадзкі тэлефон іншых супрацоўнікаў прэс-службы цэлы дзень не адказваў. Пры канцы працоўнага дня ў пятніцу толькі праз прыёмную начальніка ГУУС удалося датэлефанавацца да прэс-службы.

Супрацоўніца, якая адмовілася прадставіцца, на пытаньне Радыё Свабода, з чым зьвязанае такое жорсткае затрыманьне Дзьмітрыя Серады, адказала, што бязь ведама кіраўніка прэс-службы ніякай інфармацыі яна прадставіць ня можа:

«У мяне няма якой-небудзь інфармацыі, якая ў дадзенай сытуацыі магла быць вам карысная», — адказала супрацоўніца, якая не назвала сябе.

«Я цалкам расчараваны ў нашай міліцыі. У мяне нават ніхто не папрасіў прабачэньня. Але я такіх зьдзекаў трываць ня маю намеру», — сказаў пацярпелы Дзьмітры Серада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG