Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 галоўных парушэньняў праваахоўнікаў, якія заўважыў Лукашэнка. Коратка


Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка 20 жніўня ўчыніў «разнос» на нарадзе з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, якую назваў «гістарычнай»: маўляў, «некаторыя ў пагонах прыбурэлі і абарзелі». Ён заявіў, што агучвае дэталі з «сакрэтнага дакладу».

Што менавіта агучыў Лукашэнка сярод «праблемных пытаньняў» — у кароткім пераказе Свабоды.

1. Кепскія сьледзтва і збор доказаў

На месцах «паверхнева» правяраюць заявы аб злачынствах, «слаба інфармаваныя» пра крымінал. Занадта павольна выяўляюць злачынцаў, а тыя праз адчуваньне беспакаранасьці ўчыняюць больш цяжкія злачынствы. Гоняцца за сумамі нясплочаных падаткаў, а не прадухіляюць парушэньні. Сьледчыя задоўга і з парушэньнямі зьбіраюць доказы, за іх частку працы даводзіцца рабіць дзяржаўным абвінаваўцам. Выстаўляюць неабгрунтаваныя абвінавачаньні. Нясвоечасова ўжываюць меры прымусу і абвяшчаюць у вышук.

2. Злоўжываньні ўладай і гвалтам

Праваахоўнікі мусілі б змагацца са злоўжываньнем уладай, а самі злоўжываюць сваёй. Ціснуць на падазраваных, абвінавачаных, абаронцаў і судзьдзяў. Фальсыфікуюць доказы і заключэньні экспэртызаў. Схіляюць да даваньня «патрэбных» паказаньняў або адмовы ад заяваў. Празьмерна ўжываюць гвалт і спэцсродкі супраць грамадзянаў, «з палкамі і зброяй урываюцца ў дамы грамадзянаў і зьдзекуюцца зь іх».

3. Кіданьне за краты невінаватых

Неабгрунтавана пачынаюць крымінальныя справы і кідаюць за краты. Штогод каля 4000–4500 крымінальных справаў спыняюць праз адсутнасьць складу злачынства, нязначнасьць парушэньня або іншыя «рэабілітавальныя абставіны». Больш за палову затрыманых заключаюць пад вартай, і могуць больш за год трымаць за кратамі падчас сьледзтва. Штогод каля трох дзясяткаў людзей трымаюць у зьняволеньні, пасьля выпускаюць праз адсутнасьць злачынства, і ніхто за гэта не нясе адказнасьці. Гоняцца за статыстыкай і колькасьцю распачатых справаў.

4. Накіраваньне справы ў суд без аналізу доказаў

Пракурорскія работнікі слаба кантралююць законнасьць дасудовай вытворчасьці, не аналізуюць доказы пры накіраваньні справы ў суд, а абвінаваўцы падтрымліваюць па іх абвінавачаньні ў поўным аб’ёме. Дзясяткі людзей штогод апраўдваюць празь недаказанасьць або адсутнасьць складу злачынства, у тым ліку па цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах.

5. «Палачная сыстэма»

Сыстэма ацэнкі дзейнасьці праваахоўнікаў і сьледчых неэфэктыўная, «палачная», са штучнымі паказьнікамі (як то «колькасьць сьледчых дзеяньняў на дзень»). Органы працуюць на статыстыку, а не бароняць інтарэсы грамадзянаў. Фальсыфікуюць сьляды злачынства дзеля статыстыкі. Праз завышаныя паказьнікі зьніжаецца якасьць расьсьледаваньняў, сьледчыя вымушаныя ўхіляцца ад прыняцьця складаных справаў.

6. Падкідваньне наркотыкаў, правакаваньне на іх ужываньне

Замест барацьбы з гандлем наркотыкамі і спыненьня буйных паставак «ловяць нейкага бамжа з наркотыкамі, а тое яшчэ і падкідваюць наркотыкі няўгодным», масава ловяць спажыўцоў і кур’ераў-закладнікаў, чыняць правакацыі і нават схіляюць грамадзян да ўжываньня наркотыкаў.

7. Даказваньне карупцыі на словах

Пры расьсьледаваньні карупцыйных справаў абвінавачаньне часта будуюць на «блытаных успамінах аб даўніх падзеях», у якіх можа нават адсутнічаць факт атрыманьня хабару. Не заўсёды зьбіраюцца доказы атрыманьня хабару — гэта падвышае рызыку абгаворваньня бізнэсоўца ці чыноўніка канкурэнтамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG