Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апраўдальны прысуд галоўнаму інжынэру МЗКЦ пакінулі бязь зьменаў


Андрэй Галавач у судзе, архіўнае фота
Андрэй Галавач у судзе, архіўнае фота

Менскі гарадзкі суд у апэляцыйным парадку праверыў законнасьць і абгрунтаванасьць пастановаў апраўдальнага прысуду ў дачыненьні да галоўнага інжынэра МЗКЦ Андрэя Галавача, піша БелаПАН.

Калегія пад кіраўніцтвам судзьдзі Сяргея Хрыпача пакінула апраўдальны прысуд бязь зьменаў, пратэст Генэральнай пракуратуры — без задавальненьня.

Андрэй Галавач выйшаў на волю пасьля 51 месяца — больш як 4 гадоў — у СІЗА, прайшоўшы за гэты час праз шэраг судоў. Але Генпракуратура бачыла «неадпаведнасьць высноваў суду фактычным абставінам справы».

На судзе пракурор сьцьвярджаў, што віна Галавача ў атрыманьні хабару цалкам даказаная. Абаронцы ж адзначалі, што ніводзін з чатырох хабарадавальнікаў не зьявіўся на працэс, іхныя паказаньні падчас папярэдняга сьледзтва былі непасьлядоўныя і супярэчлівыя, а відэа- ці аўдыёзапісы, якія б пацьвярджалі, што Галавач браў хабар, адсутнічалі. Сам Галавач віны не прызнаў.

Былога галоўнага інжынэра Менскага заводу колавых цягачоў Андрэя Галавача затрымалі яшчэ ў траўні 2015 году. Асудзілі на 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за хабар у асабліва буйным памеры (180 тысяч рублёў), пасьля перагляду апраўдалі, але затрымалі праз новае абвінавачаньне.

Сёлета ў траўні ў Першамайскім раённым судзе пачаўся новы працэс над Андрэем Галавачом. Акрамя хабарніцтва, былога галоўнага інжынэра судзілі за службовае злоўжываньне. Гэтым разам яму былі інкрымінаваныя хабар на 192,2 тысячы даляраў, 35 тысяч эўра і «намер» атрымаць яшчэ 240 тысяч даляраў.

Аляксандар Лукашэнка абурыўся «празьмерным зацягваньнем сьледчых дзеяньняў» у праваахоўнай сыстэме, у прыватнасьці ў справе Галавача.

«Я не разумею, як можна затрымаць чалавека, пасадзіць яго ў сьледчы ізалятар (нават не ў турму, а ў сьледчы ізалятар — розьніца зразумелая) і трымаць яго ў чатырох сьценах чатыры гады? Трымаць гэтага чалавека і потым празь недаказанасьць адпусціць. Справа ў тым, што гэта разбэшчанасьць праваахоўных органаў. І, у прыватнасьці, хутчэй за ўсё сьледзтва. Я з генэральным пракурорам буду разьбірацца, чаму ён так „наглядае“ за крымінальнымі справамі і за выкананьнем закону», — сказаў Лукашэнка.

На адвакатку Веру Арэшку, якая бараніла Галавача ў судзе, заводзілі крымінальную справу — падазравалі, што яна раскрыла зьвесткі сьледзтва і незаконна захоўвала дома пісталет. Але справу спынілі, бо дзеяньні Арэшкі «не маглі прычыніць грамадзка-небясьпечных наступстваў», а ў зьдзейсьненым не было складу злачынства. Высьветлілася таксама, што знойдзены пісталет і патроны належалі памерламу мужу адвакаткі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG