Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура абскардзіла прысуд галоўнаму інжынэру МЗКЦ, якога апраўдалі пасьля 4 гадоў СІЗА


Андрэй Галавач пасьля апраўдальнага прысуду 19 ліпеня

Афіцыйны прадстаўнік Генэральнай пракуратуры Беларусі Дзьмітры Брылёў расказаў Tut.by, што ў Менскі гарадзкі суд ад намесьніка генпракурора пададзены апэляцыйны пратэст на апраўдальны прысуд Андрэю Галавачу, галоўнаму інжынэру Менскага заводу колавых цягачоў.

Галавач выйшаў на волю 11 дзён таму пасьля 51 месяца — больш як 4 гадоў — у СІЗА і судах. Але Генпракуратура пабачыла «неадпаведнасьць высноваў суду фактычным абставінам справы». Апраўдальны прысуд яшчэ не пасьпеў набыць законную моц, будзе новы суд.

На судзе пракурор сьцьвярджаў, што віна Галавача ў атрыманьні хабару цалкам даказаная. Абаронцы ж адзначалі, што ніводзін з чатырох хабарадавальнікаў не зьявіўся на працэс, іхныя паказаньні падчас папярэдняга сьледзтва былі непасьлядоўнымі і супярэчлівымі, а відэа- ці аўдыёзапісы, якія б пацьвярджалі, што Галавач браў хабар, адсутнічалі. Сам Галавач віны не прызнаў.

Былога галоўнага інжынэра Менскага заводу колавых цягачоў Андрэя Галавача затрымалі яшчэ ў траўні 2015 году. Асудзілі на 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за хабар у асабліва буйным памеры (180 тысяч рублёў), пасьля перагляду апраўдалі, але затрымалі праз новае абвінавачваньне.

Сёлета ў траўні ў Першамайскім раённым судзе быў пачаўся новы працэс над Андрэем Галавачом. Акрамя хабарніцтва, былога галоўнага інжынэра судзілі за службовае злоўжываньне. Гэтым разам яму былі інкрымінаваныя хабар на 192,2 тысячы даляраў, 35 тысяч эўра і «намер» атрымаць яшчэ 240 тысяч даляраў.

«Спадзяюся, гэты кашмар скончыцца», — сказаў у апошнім слове Андрэй Галавач пра сваё знаходжаньне пад сьледзтвам.

На адвакатку Веру Арэшку завялі крымінальную справу паводле арт. 407 КК па абвінавачаньні ў раскрыцьці зьвестак з крымінальнай справы трэцім асобам — тады, калі яна прадстаўляла інтарэсы Андрэя Галавача. Ужо ў час папярэдняга сьледзтва ў яе дома правялі ператрус і знайшлі пісталет «Вальтэр» mod. 1938 (Р.38), а таксама патроны да яго.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG