Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўнага інжынэра МЗКЦ, які адседзеў у СІЗА больш за 4 гады, апраўдалі 

абноўлена

Андрэй Галавач. Першы званок на волі

Суд Першамайскага раёну прызнаў яго невінаватым у атрыманьні хабару і вызваліў.

Напярэдадні пракурор Юры Шарсьнёў заявіў, што віна Андрэя Галавача даказаная ў поўным абʼёме і папрасіў прысудзіць яго да 9 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Абаронцы прывялі на гэта свае аргумэнты.

  • Ніводзін з чатырох хабарадаўцаў не зьявіўся на працэс.
  • Іх паказаньні падчас папярэдняга расьсьледаваньня былі непасьлядоўнымі і супярэчлівымі.
  • Адсутнічаюць відэа- ці аўдыёзапісы, якія б пацьвярджалі, што галоўны інжынэр браў хабар.

Выслухаўшы ўсе бакі, судзьдзя Сьвятлана Чараповіч пасьля двух дзён абмеркаваньня агучыла рашэньне: Андрэй Галавач невінаваты паводле ч. 2, 3 арт. 430 КК («Атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры»), ч. 2 арт. 424 («Злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі»).

У выніку суд пастанавіў яго апраўдаць. У былога фігуранта справы ёсьць права зьвярнуцца з пазовам аб кампэнсацыі маральнага ўрону за такое працяглае ўтрыманьне ў сьледчым ізалятары.

Галавач пасьля вынясеньня выраку сказаў: «Для мяне гэта не сюрпрыз, я верыў і спадзяваўся на апраўданьне».

Андрэй Галавач дае падпіску аб нявыезьдзе на 10 дзён — пакуль прысуд ня ўступіць у сілу
Андрэй Галавач дае падпіску аб нявыезьдзе на 10 дзён — пакуль прысуд ня ўступіць у сілу

Пракурор Юры Шарсьнёў ад камэнтару адмовіўся.

Галавач адзначыў, што ён дагэтуль у штаце МЗКЦ — кантракт зь ім тройчы працягвалі. Але калі вернецца на працу, ня ведае: «Дайце прыйсьці ў сябе».

Прысуд вынесла Сьвятлана Чараповіч.

Андрэй Галавач з дочкамі
Андрэй Галавач з дочкамі

Былога галоўнага інжынэра Менскага заводу колавых цягачоў Андрэя Галавача затрымалі яшчэ ў траўні 2015 году. Асудзілі на 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за хабар у асабліва буйным памеры (180 тысяч рублёў), пасьля перагляду апраўдалі, але затрымалі па новым абвінавачаньні.

Сёлета ў траўні ў Першамайскім раённым судзе пачаўся новы працэс над Андрэем Галавачом. Акрамя хабарніцтва, былога галоўнага інжынэра судзяць за службовае злоўжываньне. Гэтым разам яму інкрымінавалі хабар на 192,2 тысячы даляраў, 35 тысяч эўра і «намер» атрымаць яшчэ 240 тысяч даляраў.

Галавач віны не прызнаў.

«Спадзяюся, гэты кашмар скончыцца», — сказаў у апошнім слове Андрэй Галавач пра сваё знаходжаньне пад сьледзтвам. Ён нагадаў суду, што ў сьледчым ізалятары знаходзіцца ўжо 51 месяц.

Што казаў галоўны інжынэр МЗКЦ пра абвінавачаньне ў хабары

  • Сьледзтва адразу мела толькі абвінаваўчы ўхіл. «Ужо праз 15 хвілін пасьля апраўданьня на працэсе ў 2018 годзе супроць мяне завялі новую крымінальную справу», — згадаў Галавач.
  • Усе кантракты, якія фігуруюць у справе, шматразова правяраліся кантралюючымі органамі, але перавышэньня ўлады зь ягонага боку ніхто не знаходзіў.
  • Ніводнага разу ня браў хабару. Хабар, які ён нібыта атрымліваў у Маскве, ніяк не даказаны, ёсьць толькі словы хабарадаўцы. Хабар у Менску таксама ніяк не засьведчаны дакумэнтальна.
  • Паказаньні 4 сьведак пра тое, што ён нібыта браў грошы, блытаныя, няпэўныя, супярэчлівыя. Галавач лічыць падазроным тое, што гэтыя паказаньні не прагучалі ў судзе, а былі зачытаныя з матэрыялаў справы.

«Чаму гэтыя людзі не прыехалі на суд, каб даць тут свае паказаньні? Бо яны хлусілі і баяліся, што гэтая хлусьня выявіцца і тут за яе прыйдзецца несьці адказнасьць», — мяркуе Андрэй Галавач.

  • Сьведкі, якія казалі, што давалі яму хабар, былі вызваленыя ад адказнасьці за іншыя злачынствы, і за гэта яны на яго паклёпнічалі. Таксама Галавач абурыўся, што сьледзтва не зацікавілася маёмасным станам гэтых сьведак, а ў перапісцы зь імі сьледчы фактычна падказваў зьвесткі, у якіх было зацікаўленае сьледзтва. Паводле Андрэя Галавача, сьведка, які нібыта перадаваў яму вялікі хабар, насамрэч пакінуў гэтыя грошы сабе.
  • Пасьля арышту ў траўні 2015 году ён даведаўся, што цягам больш як году адносна яго вяліся апэратыўныя дзеяньні, у тым ліку праслухоўваліся тэлефоны. Чаму апэратыўнікі не ўжылі супроць яго свой улюбёны прыём — не падаслалі аднаго з хабарадаўцаў з прычэпленым мікрафонам? Быў бы неабвержны доказ хабару! Чаму гэтак не зрабілі? «Яны ведалі, што я адмоўлюся і ўся іх камбінацыя праваліцца», — перакананы Андрэй Галавач.

Падсудны таксама заявіў, што «ніколі нічога не рабіў на шкоду прадпрыемству».

На адвакатку Галавача завялі крымінальную справу

На працэсе Галавача абараняў старшыня менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў, які прыняў гэтую справу ад сваёй намесьніцы Веры Арэшкі.

На адвакатку Галавача Веру Арэшку завялі крымінальную справу паводле арт. 407 КК па абвінавачаньні ў раскрыцьці зьвестак з крымінальнай справы трэцім асобам — тады, калі яна прадстаўляла інтарэсы Андрэя Галавача.

Ужо ў час папярэдняга сьледзтва ў яе дома правялі ператрус і знайшлі пісталет «Вальтэр» mod. 1938 (Р.38), а таксама патроны да яго. Высьветлілася, што зброя прыдатная да стральбы, а законных падставаў для валоданьня ёю Вера Арэшка ня мае. На адвакатку завялі справу і за гэта, паводле ч. 2 арт. 295 КК.

Першы артыкул прадугледжвае як максымальнае пакараньне штраф або арышт, а па другім могуць асудзіць на 7 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці.


Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG