Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уся заля чула, як ён біў». Падлеткі пра дзедаўшчыну ў алімпійскай вучэльні


Абвінавачаны Руслан Сіроцін
Абвінавачаны Руслан Сіроцін

Суд у справе сьмерці падлетка-цяжкаатлета Андрэя Дараховіча апытвае сьведак — іншых навучэнцаў, якія адзін за адным расказваюць пра выпадкі дзедаўшчыны ў калектыве. Раней яны не казалі пра гэта, бо баяліся.

Трагедыя адбылася сёлета 1 красавіка ў Лідзе ў разьдзявальні пры спартовай залі лідзкай вучэльні алімпійскага рэзэрву. Пасьля трэніроўкі 18-гадовы Руслан Сіроцін ударыў ня менш за тры разы ў грудзі 16-гадоваму Андрэю Дараховічу. Ад апошняга ўдару Андрэй упаў, у яго спынілася сэрца, «хуткая» ня здолела яго выратаваць.

На чарговым паседжаньні суд дапытаў сьведак у гэтай справе.

«Уся заля чула, як ён біў»

Сябар Дараховіча 17-гадовы Віталь В., які ўжо скончыў вучэльню алімпійскага рэзэрву і прысутнічаў у разьдзявальні ў той вечар, сказаў, што Дараховіч і Сіроцін не былі сябрамі. Паводле ягонай інфармацыі, Сіроцін, апрача цяжкай атлетыкі, займаўся нейкімі адзінаборствамі.

У той вечар Сіроцін паклікаў іх дваіх з Дараховічам у разьдзявальню пасьля трэніроўкі. На пытаньне, чаму яны паслухаліся, хоць той ужо ня быў выхаванцам вучэльні, Віталь адказаў, што баяліся. Раней Сіроцін «наяжджаў» на яго і некаторых іншых навучэнцаў, мог ударыць за тое, што ня слухаесься старэйшага.

Загінулы Андрэй Дараховіч
Загінулы Андрэй Дараховіч

«Ён сказаў даслоўна Андрэю: „Я ведаю, што ты „закідваесься“ (зн. ужываеш насвай). Станавіся на „фанэру““», — прыгадвае Віталь.

Хлопец кажа, Сіроцін біў моцна.

«Уся заля чула, як ён біў», — кажа хлопец.

— Якая справа была Сіроціну да насваю? — удакладніў пракурор.
— Для прафіляктыкі.

Пасьля здарэньня Сіроцін прасіў Віталя нікому не казаць пра тое, што адбылося.

Віталь сказаў у судзе, што «прабіваньне фанэры» — распаўсюджаная практыка ў вучэльні. Яе выкарыстоўвалі, калі выхаванцы ня слухаліся старэйшых. Апрача яе, ужывалі «лапаць» — удары нагой у абутку зь цьвёрдай падэшвай. Пэдагогам пра гэта не казалі, бо баяліся потым для сябе наступстваў.

— Вы таксама былі старэйшым [Віталь адвучыўся ў вучэльні тры гады]. Чаму вы не прабівалі «фанэру»? — запытаўся ў сьведкі судзьдзя.
— Я не такі, — адказаў Віталь.
Абвінавачаны Сіроцін пацьвердзіў, што «лапці» былі. Хлопцы маглі згуляць паміж сабой у карты на прыбіраньне пакоя або «на ваду» — той, хто прайграў, выпівае шклянку вады.
— У сувязі з чым вы так рабілі? — запытаўся судзьдзя.
— Настаўнікі скардзіліся на іхныя (малодшых) паводзіны, бо яны не выконвалі, — адказаў Сіроцін.
— Вам нехта даваў паўнамоцтвы так ставіцца?
— Не, але нам казалі, каб мы глядзелі за імі, — удакладніў падсудны.

Віталь ня бачыў, каб Дараховіч курыў або ўжываў насвай, але ж бачыў, як насвай ужываў Сіроцін — «разоў пяць».

Андрэя ўсе сьведкі характарызавалі як спакойнага, які «і мухі не пакрыўдзіць». Руслана — як выбуховага і агрэсіўнага.

«Не здавайце мяне, пацаны»

Другі сябар Дараховіча, 16-гадовы Вадзім Д., былы навучэнец лідзкай вучэльні, таксама прысутнічаў у той вечар у разьдзявальні.

Ён пацьвердзіў, што Сіроцін займаўся, апрача цяжкай атлетыкі, адзінаборствамі: боксам, барацьбой, самба.

У залі падчас суду. 17 ліпеня 2019 году
У залі падчас суду. 17 ліпеня 2019 году

У Вадзіма іншая думка, чаму Дараховіч паслухаўся Сіроціна і стаў на «прабіваньне фанэры»: па-першае, баяўся, па-другое, думаў, што гэта слушнае пакараньне за насвай.

Па словах Вадзіма, старэйшыя маглі пабіць малодшых зь любой прычыны: лаяўся, не прыйшоў на трэніроўку, ня вынес сьмецьце. Калі біліся адзін з адным, стараліся ня біць па твары, каб сьлядоў не заўважылі настаўнікі і не было праблем.

Згодна з паказаньнямі Вадзіма, калі Андрэю стала кепска, спачатку яго ратавалі ён і Віталь. Руслан у гэты час пераадзяваўся. І толькі калі ўбачыў, што хлопцы не даюць рады, прыйшоў на дапамогу.

Ён таксама згадаў, як Сіроцін прасіў пра выпадак нікому не расказваць: «Не здавайце мяне, пацаны». Пазьней пра тое самае іх прасілі пэдагогі вучэльні, каб не кантактавалі з журналістамі і ні з кім не дзяліліся тым, што бачылі.

Першыя некалькі хвілін хлопцы самастойна аказвалі першую дапамогу, бо думалі, што сябар ачуняе. Іншыя выхаванцы раней падчас нагрузак часам страчвалі прытомнасьць на кароткі час.

Сяброўка Дараховіча Карына К. была побач з разьдзявальняй, калі ўсё здарылася. Яна чакала Андрэя, каб пайсьці разам на аўтобус. Кажа, што нават празь дзьверы пачула ўдары. Калі зазірнула ў разьдзявальню, убачыла, што Андрэй ляжыць на падлозе, увесь пасінелы.

Пасьля паседжаньня навучэнцы прызнаваліся, што праяваў дзедаўшчыны ў апошні час стала меней, пасьля таго, як выпусьціўся папярэдні курс, на якім вучыўся і Сіроцін.

«Я сам вучыўся ў гэтай вучэльні, ведаю»

Трэнэр Дзяніс Ірчыц, які прыбег ратаваць Андрэя Дараховіча празь некалькі хвілінаў пасьля здарэньня, расказаў, адкуль там узяўся Сіроцін. Апошні ўжо выпусьціўся з вучэльні, аднак 1-2 разы на месяц прыходзіў трэнавацца.

Ён прыходзіў пасьля трэніровак навучэнцаў. Ірчыц наўмысна заставаўся ў залі і чакаў, пакуль той пазаймаецца.

Суд Шчучынскага раёну, дзе ідзе працэс над Русланам Сіроціным
Суд Шчучынскага раёну, дзе ідзе працэс над Русланам Сіроціным

«Яму ж трэба рыхтавацца да спаборніцтваў, падтрымліваць сябе ў форме. Ён жа раней у нас вучыўся. Усё роўна я яго чакаў», — патлумачыў ён згоду на трэнаваньне Сіроціна.

Высьветлілася, былі і іншыя спартоўцы, якія не зьяўляліся навучэнцамі вучэльні, але займаліся ў гэтай спартовай залі ў іншы час. Гэтай практыкі дагэтуль не адмянілі.

Па словах трэнэра, Сіроцін рыхтаваўся, каб атрымаць майстра спорту. Аднак, па ягоных словах, заняткаў 1-2 разы на месяц абсалютна не хапала для падрыхтоўкі.

Як запэўніў Ірчыц, ён не заўважаў дзедаўшчыны падчас трэніровак у залі. Аднак ведаў, што такое «фанэра» і «лапці».

«Я сам вучыўся раней у гэтай вучэльні, ведаю», — патлумачыў ён.

Сям’я памерлага Андрэя Дараховіча
Сям’я памерлага Андрэя Дараховіча

Разгляд справы аб сьмерці 16-гадовага Андрэя Дараховіча пачаўся ў судзе Шчучынскага раёну 17 ліпеня. Падсуднаму Руслану Сіроціну пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч заявіў, што сьмерць Дараховіча не была прыватным выпадкам, парушэньні ў працы вучэльні насілі сыстэмны характар.

Пасьля таго, як пракуратура выявіла дзедаўшчыну ў вучэльні алімпійскага рэзэрву ў Горадні (лідзкая — ейны філіял), адтуль звольніўся дырэктар установы Тадэвуш Калошыч.

Заля на судзе перапоўненая, даводзіцца дастаўляць крэслы: прысутнічаюць родныя і сябры фігурантаў справы, сярод якіх шмат цяперашніх або былых навучэнцаў.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG