Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ведаю, што ты ўжываеш насвай». Спартоўца судзяць за сьмерць цяжкаатлета з алімпійскай вучэльні


Падсудны Руслан Сіроцін

18-гадовы хлапец тройчы ўдарыў у грудзі 16-гадовага навучэнца лідзкай вучэльні алімпійскага рэзэрву. У таго спынілася сэрца. Справу пачалі разглядаць у судзе Шчучынскага раёну 17 ліпеня.

Памёр пасьля трэніроўкі ад удараў у грудзі

У судовай залі сабраліся больш за 20 чалавек, большасьць — маладыя людзі. Калі канвой уводзіць падсуднага — 18-гадовага Руслана Сіроціна, некаторыя дзяўчаты пачынаюць плакаць. Пад варту яго ўзялі ў канцы чэрвеня. Пацярпелымі прызнаныя бацькі памерлага 16-гадовага Андрэя — Іна і Дзьмітры Дараховічы.

Справу разглядае судзьдзя Дзьмітры Цівунчык. Пракурор — Аляксандар Дзямідаў.

Андрэй Дараховіч
Андрэй Дараховіч

Трагедыя адбылася сёлета 1 красавіка ў Лідзе ў разьдзявальні спартовай залі лідзкай вучэльні алімпійскага рэзэрву. Пасьля трэніроўкі Руслан ня менш як тры разы ўдарыў Андрэя ў грудзі. Ад апошняга ўдару Андрэй упаў, «хуткая» ня здолела яго выратаваць.

«Ніколі зь ім не сварыліся»

На судзе пацярпелыя заявілі хадайніцтва на кампэнсацыю матэрыяльнай шкоды — больш за 3 тысячы рублёў, якія пайшлі на пахаваньне, і маральнай шкоды — па 100 тысяч рублёў для кожнага з бацькоў. Хадайніцтва будзе разгледжана пазьней.

Паводле дзяржаўнага абвінавачваньня, Руслан Сіроцін 1 красавіка каля 19.50 у разьдзявальні спартовай залі лідзкай вучэльні на глебе непрыязных асабістых адносін нанёс Андрэю Дараховічу ня менш як 3 удары ў грудную клетку. Гэта прывяло да спыненьня сэрца.

Сіроцін віну прызнаў часткова. Патлумачыў, што не хацеў сьмерці Дараховіча.

Руслану Сіроціну 18 гадоў. Паходзіць зь вёскі ў Карэліцкім раёне. Бацькі разьведзеныя, працуюць у калгасе, мае двух старэйшых братоў. Займаўся цяжкой атлетыкай з 8-й клясы. У лідзкай вучэльні алімпійскага рэзэрву правучыўся 3 гады да 2018 году. Займаў прызавыя месцы на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Кандыдат у майстры спорту. Выціскаў штангу вагой 130 кіляграмаў у штуршку.

Паступіць у Горадзенскі ўнівэрсытэт ня здолеў, плянаваў падаваць дакумэнты паўторна налета. Пайшоў вучыцца ў лідзкі каледж Горадзенскага ўнівэрсытэту на тэхніка-будаўніка.

Руслан заікаецца, калі дае паказаньні. Заіканьне зьявілася пасьля сьмерці Дараховіча.

Андрэй Дараховіч вучыўся на клясу раней, чым Руслан. Хлопцы жылі разам у інтэрнаце, але ў розных пакоях. Сустракаліся на трэніроўках. Сябравалі, разам гулялі ў футбол, у кампутар, прыходзілі ў госьці адзін да аднаго.

«Ніколі зь ім не сварыліся. Ён заўсёды спагадлівы, нічога не пашкадуе. Усе добра да яго ставіліся, у тым ліку і я», — кажа Руслан.

Суд Шчучынскага раёну, дзе ідзе працэс над Русланам Сіроціным
Суд Шчучынскага раёну, дзе ідзе працэс над Русланам Сіроціным

«Я ведаў, што Андрэя за насвай могуць выгнаць»

Паводле паказаньняў Сіроціна, ён прыходзіў на трэніроўкі ў спартовую залю вучэльні алімпійскага рэзэрву. Трэнэры пускалі яго, хоць ён ужо ня быў выхаванцам.

1 красавіка Сіроцін прыйшоў у залю ўзважыцца і пазаймацца перад спаборніцтвамі каля 19:00. Усе выхаванцы ўжо зьбіраліся сыходзіць з залі.

Сіроцін паклікаў Дараховіча ў распранальню.

«Я сказаў: „Я ведаю, што ты ўжываеш наркотыкі, насвай“», — успамінае падзеі Сіроцін.

Пра насвай ён даведаўся ад агульных знаёмых. Дараховіч на гэта нічога не адказаў.

«Я сказаў: «Давай я табе тры „фанэры“. Ён згадзіўся», — дадае Сіроцін.

Дараховіч сам выпрастаўся каля сьцяны, каб зручней было біць.

— Чаму вы да яго зьвярнуліся з-за насваю? Што вам да таго? — удакладніў пракурор.

— Я ведаў, што яго за гэта могуць выгнаць. Або нават нешта горшае... Ён быў вельмі добрым чалавекам. Я хацеў, каб ён гэтым не займаўся, — адказаў Сіроцін.

Абвінавачаны запэўніў, што раней нікога ня біў падобным чынам у грудзі, у вучэльні гэта не было заведзена.

Па словах Сіроціна, ён ударыў тры разы нямоцна, каб не нанесьці траўмы. Андрэй быў вышэйшы за Руслана, займаўся ў большай вагавой катэгорыі.

«Пасьля ўдараў Андрэй стаяў. Я ўжо зьбіраўся сыходзіць, падышоў да дзьвярэй. Тады Віталь закрычаў: „Андруша!“ У яго [Дараховіча] быў цяжкі ўздых. Ён пачаў спаўзаць па сьцяне. Я адразу разьвярнуўся і пачаў прыводзіць у прытомнасьць», — расказвае Сіроцін.

Усё адбывалася вельмі хутка. У распранальні ў той момант былі яшчэ двое выхаванцаў вучэльні Віталь В. і Вадзім Д. Паклікалі трэнэра Дзяніса Ірчыца.

Сіроцін пачаў спачатку біць Дараховіча па шчоках, рабіць штучнае дыханьне, масаж сэрца. Выклікалі хуткую.

У залі падчас судовага працэсу
У залі падчас судовага працэсу

Пакуль Руслан расказваў пра абставіны сьмерці Андрэя, у залі плакалі.

— Чаму вы білі безабароннага чалавека? — запытаўся пракурор.
— Я нават ня думаў, што можа такое быць, — адказаў Сіроцін.
— Вы не аспрэчваеце, што менавіта ад вашых удараў наступіла сьмерць?
— Прызнаю, ад маіх. Але я не хацеў, каб хоць блізка такое атрымалася.

Сіроцін адзначыў, што шкадуе пра тое, што адбылося. З бацькамі Андрэя Дараховіча ўбачыўся выпадкова ў вёсцы, куды яны прыехалі на пахаваньне агульнага знаёмага. Кажа, што выбачыўся. Але размова атрымалася кароткай, эмацыйнай і скамечанай. Пазьней Сіроцін не званіў Дараховічам, бо ня ведаў, як і што сказаць.

«Стала кепска на прыпынку, упаў і памёр»

Маці Іна Дараховіч расказала, што Андрэй быў добрым, спакойным хлопцам.

«Калі ўбачыла, што сядзіць у кампутары, вырашыла аддаць яго ў спартовую сэкцыю. Ён казаў: „Мама, як добра, што ты мяне туды аддала“», — кажа Іна Дараховіч.

Пасьля трэніроўкі ён заўжды званіў расказаць, як маецца. Але 1 красавіка званка не дачакалася.

Увечары 1 красавіка каля 22:40 пазваніў намесьнік дырэктара вучэльні і сказаў бацькам Андрэя Дараховіча, што сыну стала кепска на прыпынку, ён упаў і памёр. Пра тое, што насамрэч здарылася, бацькам расказалі іншыя выхаванцы вучэльні на пахаваньні.

«Імя Руслана ніколі не гучала, калі Андрэй прыяждаў дадому. Расказваў пра іншых сяброў», — кажа маці.

Па ейных словах, сын ніколі ня скардзіўся на стаўленьне да яго іншых выхаванцаў або выхавальнікаў.

«Адзінае, што ён неяк сказаў: «Мама, 11-я кляса выпусьцілася, цяпер усё будзе добра», — кажа Іна Дараховіч.

Яна таксама ведала, што ў інтэрнаце ў выхаванцаў прападала ежа, асабістыя рэчы.

Маці і бацька памерлага Андрэя папрасілі суд пра самае суворае магчымае пакараньне.

«Яму ніхто не даваў права біць. Ён мог настаўнікам сказаць. Ён забіў ня толькі Андрэя, а ўсю нашую сям’ю. Мы не камунікуем дома, сустракаемся на могілках», — кажа Іна Дараховіч.

Дом у Скідзелі, дзе жыве сям’я Дараховічаў
Дом у Скідзелі, дзе жыве сям’я Дараховічаў

Праблемы ў вучэльні мелі сыстэмны характар

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу па артыкуле «Прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці» (ч. 1 арт 144 Крымінальнага кодэксу Беларусі) праз два тыдні пасьля сьмерці Андрэя Дараховіча. Пазьней справу перакваліфікавалі на ч. 3 арт 147 КК Беларусі («наўмыснае прычыненьне цяжкога цялеснага пашкоджаньня, якое пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека»). Першы артыкул прадугледжваў да трох гадоў калёніі, другі — да 15 год.

Старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч падчас расьсьледаваньня справы адзначыў, што трагедыя з падлеткам была не прыватным выпадкам, а праблемы ў дзейнасьці вучэльні мелі «сыстэмны характар».

Паводле Івана Наскевіча, за апошнія гады выхаванцаў абвінавачвалі ў шэрагу злачынстваў, што стала вынікам «бескантрольнасьці за імі з боку трэнэраў, выкладчыкаў, выхавальнікаў і службовых асоб абласнога ўзроўню, якія пакліканыя каардынаваць і кантраляваць адукацыйны і выхаваўчы працэс».

У сьнежні 2018 году быў звольнены кіраўнік Горадзенскай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзэрву Тадэвуш Калошыч (лідзкая вучэльня — ейны філіял). Паводле Генпракуратуры, у вучэльні выявілі парушэньні заканадаўства, якія ўшчамляюць правы і законныя інтарэсы навучэнцаў.

Гэты артыкул падрыхтаваны пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG