Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для былога інжынэра МЗКЦ патрабуюць 9 гадоў турмы. 4 ён ужо адседзеў у СІЗА


Падсудны Андрэй Галавач і ягоны адвакат Аляксей Швакаў
Падсудны Андрэй Галавач і ягоны адвакат Аляксей Швакаў

Пракурор Юрый Шарсьнёў папрасіў для былога галоўнага інжынэра Менскага заводу колавых цягачоў (МЗКЦ) Андрэя Галавача 9 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, штраф 1 тысяча базавых велічынь і пазбаўленьне на 5 год права займаць кіроўныя пасады. Таксама прапанаваў не здымаць арышт з маёмасьці.

Паводле пракурора, пры арышце ў Галавача знайшлі 20 тысяч даляраў наяўнымі ў дзьвюх пачках па 10 тысяч. Пачкі былі пазначаныя штампамі маскоўскага банку «Интеркоммерц». Паводле сьледзтва, гэта была частка хабару ў 60 тысяч даляраў, якую Галавачу нібыта перадаў прадпрымальнік Кісялеў у менскім «Гранд кафэ».

Галавач сьцьвярджае, што хабару ня браў, а 20 тысяч — гэта доўг, які яму напярэдадні арышту перадаў невядомы, вяртаючы доўг ягонага нябожчыка бацькі. Гэта толькі адзін з 8 эпізодаў абвінавачаньня.

Паводле пракурора, за незаконныя прыбыткі Галавач набыў 2 кватэры ў Менску, дом коштам больш за 200 тысяч даляраў. У яго знайшлі 88 тысяч даляраў.

Чым адметная справа Андрэя Галавача

Былога галоўнага інжынэра Менскага заводу колавых цягачоў Андрэя Галавача затрымалі яшчэ ў траўні 2015 году. Асудзілі на 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за хабар у асабліва буйным памеры (180 тысяч рублёў), пасьля перагляду апраўдалі, але затрымалі па новым абвінавачаньні.

Сёлета ў траўні ў Першамайскім раённым судзе пачаўся новы працэс над Андрэем Галавачом. Акрамя хабарніцтва, былога галоўнага інжынэра судзяць за службовае злоўжываньне. Цяпер яму інкрымінуюць хабар на 192,2 тысячы даляраў, 35 тысяч эўра і «намер» атрымаць яшчэ 240 тысяч даляраў.

Галавач віны не прызнае. Абараняе яго старшыня менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў, які прыняў гэтую справу ад сваёй намесьніцы Веры Арэшкі.

Адвакатка Вера Арэшка
Адвакатка Вера Арэшка

На адвакатку Галавача Веру Арэшку была заведзеная крымінальная справа паводле арт. 407 КК па абвінавачаньні ў раскрыцьці зьвестак з крымінальнай справы трэцім асобам, калі яна прадстаўляла інтарэсы Андрэя Галавача.

Ужо ў час папярэдняга сьледзтва ў яе дома правялі ператрус і знайшлі пісталет «Вальтэр» mod. 1938 (Р.38), а таксама патроны да яго. Высьветлілася, што зброя прыдатная да стральбы, а законных падставаў для валоданьня ёю Вера Арэшка ня мае. На адвакатку завялі справу і за гэта, паводле ч. 2 арт. 295 КК.

Першы артыкул прадугледжвае як максымальнае пакараньне штраф або арышт, а па другім могуць асудзіць на 7 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG