Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз 25 год ён заўважыў, што ў краіне няма правасудзьдзя


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Сыстэма правасудзьдзя ў Беларусі працуе толькі тады, калі дае збой.

Сьцісла:

  • Лукашэнка канстатаваў «распушчанасьць праваахоўных органаў».
  • Падставай для скандалу стала справа галоўнага інжынэра МЗКЦ Андрэя Галавача.
  • Унікальнасьць справы Андрэя Галавача палягае ў тым, што беларуская сыстэма правасудзьдзя дала збой і ўзьнік міжведамасны канфлікт.
  • Так выходзіць, што суды ў Беларусі разглядаюць справу ў строгай адпаведнасьці з законам толькі ў выпадку злому звыклага мэханізму.

Аляксандра Лукашэнку раптам пачала турбаваць сытуацыя ў праваахоўных органах. І тое, што там адбываецца, яго абурыла. Падчас рабочай сустрэчы са старшынём Сьледчага камітэту Іванам Наскевічам ён заявіў:

«Справа ў тым, што гэта распушчанасьць праваахоўных органаў. І, у прыватнасьці, хутчэй за ўсё сьледзтва. Я з генэральным пракурорам буду разьбірацца, чаму ён так „наглядае“ за крымінальнымі справамі і за выкананьнем закону... Мы да людзей павінны ставіцца па-чалавечы».

І нават паабяцаў наступным тыднем правесьці адмысловую нараду з праваахоўнымі органамі, каб даць прачуханца.

Сытуацыя трохі дзіўная. Бо адсутнасьць у Беларусі правасудзьдзя — гэта праблема даўняя. Дзесяцігодзьдзямі ў краіне пануе «прававое бязьмежжа». Беларускія суды практычна не выносяць апраўдальных прысудаў. Іх доля складае толькі 0,2%. Гэта ўзровень статыстычнай хібнасьці. У той час як у Эўропе 20–45% прысудаў апраўдальныя.

То бок беларускія суды асабліва не заглыбляюцца ў сутнасьць справы, аўтаматычна становяцца на бок сьледзтва і пракуратуры, мэханічна штампуюць абвінаваўчыя прысуды. Роля адвакатаў зьведзеная да нуля (дакладней, да 0,2%).

Усё гэта даўно вядома ўсім дасьведчаным людзям, акрамя кіраўніка дзяржавы. І толькі цяпер, праз чвэрць стагодзьдзя з моманту стварэньня ім самім гэтай сыстэмы, ён раптам убачыў непарадак.

Падставай для такіх высноваў Лукашэнкі сталі вынікі расьсьледаваньня крымінальнай справы ў дачыненьні да галоўнага інжынэра МЗКЦ Андрэя Галавача. Той праседзеў за кратамі чатыры гады і быў двойчы апраўданы судом. Лукашэнка з гэтай нагоды абураўся:

«Я не разумею, як можна затрымаць чалавека, пасадзіць яго ў сьледчы ізалятар (нават не ў турму, а ў сьледчы ізалятар — розьніца зразумелая) і трымаць яго ў чатырох сьценах чатыры гады? Трымаць гэтага чалавека і потым за недаказанасьцю адпусьціць».

Але ўнікальнасьць справы Андрэя Галавача палягае ў тым, што тут беларуская сыстэма правасудзьдзя дала збой. Галоўнаму інжынэру МЗКТ пашанцавала таму, што нечакана, зь нейкіх невядомых прычын, узьнік канфлікт паміж Сьледчым камітэтам і пракуратурай, з аднаго боку, і судовай сыстэмай, з другой. Бакі ўвайшлі ў зацяты клінч. Галавач аказаўся тут разьменнай манэтай, выпадковым прадметам для бойкі, інструмэнтам для высьвятленьня адносін паміж ведамствамі. І суд нечакана для ўсіх пачаў разглядаць справу ў строгай адпаведнасьці з законам. У выніку падсуднага апраўдалі.

Паглядзім на факты. 8 лютага 2018 году суд апраўдвае Андрэя Галавача, аднак тут жа ў судовай залі яго рашэньнем сьледзтва зноў арыштоўваюць па новай крымінальнай справе. Больш за тое, супраць ягонага адваката Ірыны Рэут былі распачатыя дзьве крымінальныя справы (цяпер спыненыя). 19 ліпеня суд апраўдвае Андрэя Галавача другім разам. Аднак пракуратура абскардзіла прысуд, галоўнага інжынэра МЗКЦ чакае новы судовы разбор. Відавочна, бакі пайшлі на прынцып, і толькі ўмяшаньне Лукашэнкі можа спыніць гэты канфлікт.

І яшчэ адна акалічнасьць. У Беларусі, каб асудзіць чалавека за хабар, не патрэбныя ні аўдыё- ці відэаматэрыялы, ні мечаныя купюры. Дастаткова, каб хтосьці прызнаў, што даваў хабар. І ўсё. Прычым без асаблівых падрабязнасьцяў. Таму судовыя дакумэнты па падобных справах маюць шмат фармулёвак кшталту «ў неўстаноўлены час», «у неўстаноўленым месцы», «неўстаноўленая сума» хабару.

Дык вось, пра збой звыклага мэханізму суду ў справе Галавача сьведчыць такі факт. Тры чалавекі далі паказаньні, нібыта давалі яму хабар. Аднак суд не прызнаў іхнія паказаньні дакладнымі.

А, напрыклад, у нядаўняй, таксама даволі сумнеўнай справе былога старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Дамарацкага толькі адзін сьведка даводзіў, што даваў хабар. І гэтага было дастаткова, каб асудзіць на 12 гадоў. Бо там не было міжведамаснага канфлікту, і суд дзейнічаў па звыклай схеме.

Нешта падобнае адбылося і ў добра вядомай гісторыі з магілёўскімі цыганамі. Там таксама сыстэма дала невялікі збой. Міліцыя ўжо амаль знайшла «злачынцаў», калі раптам Сьледчы камітэт прыйшоў да высновы, што супрацоўнік ДАІ скончыў жыцьцё самагубствам. І цыганоў давялося вызваляць — з прычыны няўзгодненасьці паміж ведамствамі.

Гэтая «цыганская гісторыя», як і справа Галавача, займела вельмі моцны мэдыйны і грамадзкі розгалас. І кіраўнік дзяржавы пасьпяшаўся ўмяшацца як інстанцыя вышэйшай справядлівасьці.

То бок калі б праваахоўная сыстэма не дала збою, то Лукашэнка і ня ўбачыў бы, што ў краіне няма правасудзьдзя. І ў гэтым палягае трагічны абсурд беларускай сытуацыі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG