Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнік, за якога заступіліся блогеры. Хто такі Андрэй Дамарацкі, якога асудзілі на 12 гадоў турмы


Андрэй Дамарацкі. 5 ліпеня 2019 году
Андрэй Дамарацкі. 5 ліпеня 2019 году

Вярнуў гістарычныя назвы цэнтральным вуліцам, дазволіў фатаграфаваць у крамах, прасоўваў нацыянальную кухню ў рэстаранах.

5 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску агучылі рашэньне па справе былога намесьніка кіраўніка Менгарвыканкаму Андрэя Дамарацкага. Суд прызнаў яго вінаватым ва злоўжываньні ўладай і атрыманьні хабару і асудзіў да 12 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Свабода коратка расказвае, чым ягоная справа адрозьнівалася ад іншых карупцыйных скандалаў.

Хто такі Андрэй Дамарацкі?

Андрэй Дамарацкі скончыў сельгасакадэмію ў Горках па спэцыяльнасьці «Землеўпарадкаваньне». Пасьля нейкі час працаваў у Наваградку і Баранавічах, адкуль трапіў у Менск, узначаліў землеўпарадкавальную службу сталіцы.

У 2012 годзе заняў пасаду намесьніка кіраўніка Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцькі, на якой курыраваў увесь менскі гандаль. Пасьля аптымізацыі складу Менгарвыканкаму і ліквідацыі ягонай пасады ўзначаліў Галоўнае ўпраўленьне спажывецкага рынку.

Андрэй Дамарацкі падчас абвяшчэньня прысуду
Андрэй Дамарацкі падчас абвяшчэньня прысуду

​Жыхарам Менску Андрэй Дамарацкі мог запомніцца сваімі нестандартнымі рашэньнямі. У прыватнасьці, гэта ён абвясьціў пра неабходнасьць зьяўленьня страў беларускай кухні ў гарадзкіх кавярнях і рэстаранах. Адбывалася гэта перад правядзеньнем Чэмпіянату сьвету па хакеі, і рэстаратарам нават паабяцалі льготы, калі яны пяройдуць на беларускую нацыянальную ежу.

У 2016 Андрэй Дамарацкі выступіў з афіцыйным зваротам, у якім дазволіў здымаць фота і відэа ў сталічных крамах і кавярнях. Ён прыняў рашэньне аб усталяваньні ў школьных сталоўках відэакамэр. Прычынай стала крымінальная справа ягонага папярэдніка Сяргея Барысевіча, якога ў красавіку 2017 году асудзілі за махінацыі ў сфэры школьнага харчаваньня.

Таксама Андрэй Дамарацкі быў ініцыятарам усталяваньня ў цэнтры Менску шыльдаў з гістарычнымі назвамі вуліц. «Упэўненыя, што рэалізацыя прапанаванага вамі праекту атрымае адабрэньне жыхароў сталіцы і павысіць турыстычную прывабнасьць гораду Менску», — так камэнтаваў чыноўнік сваю ініцыятыву.

Як і за што яго арыштавалі?

Неафіцыйна пра затрыманьне Андрэя Дамарацкага стала вядома яшчэ 7 траўня. А за некалькі месяцаў да арышту ён выступаў сьведкам на працэсе свайго папярэдніка Сяргея Барысевіча.

Барысевіча абвінавацілі ў атрыманьні хабару, злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі і саўдзеле ў злачынстве. На працэсе ён заявіў, што дзейнічаў зь ведама Дамарацкага і нават дзяліўся зь ім атрыманымі злачынным шляхам сродкамі. Сам Андрэй Дамарацкі ўсе абвінавачаньні катэгарычна адмаўляў. На допытах у залі суду ён прызнаваўся, што не хацеў браць Барысевіча на працу (бо той ня меў неабходнага досьведу), аднак паддаўся на ціск з боку кіраўніцтва.

Пракурор
Пракурор

​Паводле сьледзтва, агулам Сяргей Барысевіч атрымаў хабару на суму больш за 170 тысяч рублёў, таксама валодаў трыма аўтамабілямі, матацыклам, кватэрай у Менску.

Пасьля арышту Барысевіча, які ўрэшце атрымаў 14 гадоў турмы, Дамарацкі выконваў свае абавязкі яшчэ некалькі месяцаў.

Пра затрыманьне Андрэя Дамарацкага 11 траўня 2019 году афіцыйна паведаміла прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова. «Ён падазраецца ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, што пацягнула за сабой прычыненьне істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам, — цытавала яе словы агенцтва БелТА. — Пракурорам санкцыянавана прымяненьне да затрыманага меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Праводзіцца расьсьледаваньне».

У чым абвінавацілі былога намесьніка Ладуцькі?

Суд па справе былога чыноўніка Менгарвыканкаму пачаўся 17 красавіка 2019 году. Дамарацкаму прад’явілі абвінавачаньні ў атрыманьні хабару, перавышэньні службовых паўнамоцтваў і крадзяжы шляхам перавышэньня службовых паўнамоцтваў.

Падчас разгляду справы высьветлілася, што за крадзяжом з дапамогай службовых паўнамоцтваў хаваецца атрыманьне прэміі памерам каля 2000 рублёў. А за перавышэньнем службовых паўнамоцтваў — загады падначаленым заключаць дадатковыя пагадненьні з гандлёвымі прадпрыемствамі, што прывяло да значнага завышэньня дасягнутых паказчыкаў і прычыніла бюджэту страты на 3 мільёны рублёў.

Эпізод з атрыманьнем хабару тычыўся пэрыяду 2015–2016 году. На працэсе прысутнічаў толькі пасярэднік, які расказаў, што заяву аб перадачы грошай Дамарацкаму напісаў падчас допытаў у КДБ. Размова вялася пра 2500 даляраў у якасьці падзякі за ўзгадненьне працы летняй кавярні.

Пасьля затрыманьня СК арыштаваў маёмасьць Дамарацкага — двухпакаёўку ў Малінаўцы, зарэгістраваны на сястру аўтамабіль KIA, два мабільныя тэлефоны, 216 рублёў наяўнымі і 1501 рубель на банкаўскай картцы. Паводле матэрыялаў сьледзтва, у выніку сваёй злачыннай дзейнасьці Андрэй Дамарацкі атрымаў 3500 даляраў.

Перад абвяшчэньнем прысуду сястра Дамарацкага падняла ўлёткі са словамі Лукашэнкі
Перад абвяшчэньнем прысуду сястра Дамарацкага падняла ўлёткі са словамі Лукашэнкі

Што гаварыў на працэсе сам Андрэй Дамарацкі?

Былы чыноўнік катэгарычна адмаўляе сваю віну. Паказаньні ў залі суду Дамарацкі даваў пасьля допыту сьведак (іх было каля 60 чалавек). Ён назваў эпізод з атрыманьнем хабару хлусьнёй і заявіў, што пасярэднік, які расказаў пра гэта ў КДБ, падчас вочнай стаўкі нават папрасіў у яго прабачэньня.

Адмаўляе былы намесьнік кіраўніка Менгарвыканкаму і іншыя абвінавачаньні. У залі суду ён заявіў, што нават самастойна вярнуў у бухгальтэрыю прэмію, калі даведаўся, што сапраўдныя паказчыкі разьвіцьця не адпавядаюць раней заяўленым. У лістах, дасланых родным зь СІЗА, Андрэй Дамарацкі таксама называе магчымую прычыну свайго арышту. На думку экс-чыноўніка, некаму можа быць выгадна прыбраць яго такім чынам зь Менгарвыканкаму за незгаворлівасьць.

Маці Андрэя Дамарацкага перад абвяшчэньнем выраку
Маці Андрэя Дамарацкага перад абвяшчэньнем выраку

«Будзе страшнай памылкай пакараць нявіннага чалавека»

Справа Андрэя Дамарацкага адрозьніваецца ад іншых карупцыйных скандалаў яшчэ і тым, што выклікала незвычайную рэакцыю ў сацыяльных сетках. Гарадзкі актывіст і папулярны блогер Антон Матолька, напрыклад, прысьвяціў ёй каля дзясятка допісаў у сваім фэйсбуку. Прычым выступіў на баку чыноўніка.

«Я казаў ужо раней, паўтаруся і цяпер. Андрэй Дамарацкі — адзін з найлепшых людзей у Менгарвыканкаме, зь якім мне даводзілася сустракацца, — пісаў Матолька. — У нас маглі быць розныя палітычныя погляды або сваё бачаньне той ці іншай праблемы, але ён заўсёды гатовы быў да дыялёгу, прызнаваў свае памылкі і падтрымліваў разумныя ідэі... І пакуль мне не пакажуць 100% доказ віны Андрэя Дамарацкага ў судзе — я будуць тапіць за яго невінаватасьць у сваіх акаўнтах. Менск страціў вельмі крутога спэцыяліста, які любіў гэты горад і хацеў зрабіць яго лепшым. Пытаньне: каму гэта было выгадна і чаго ўлада гэтым дамаглася?»

Публічна выступіў у падтрымку Андрэя Дамарацкага і старшыня прэзыдыюму Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва, старшыня Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін.

«13 гадоў пазбаўленьня волі пагражае былому намесьніку кіраўніка Менгарвыканкаму Андрэю Дамарацкаму, — напісаў Карагін пасьля выступу на працэсе пракурора. — Я шмат гадоў па грамадзкай лініі аб’яднаньняў прадпрымальніцтва сустракаўся з рознымі людзьмі, навучыўся параўноўваць. І зь ім неаднаразова абмяркоўваў праблемы і пытаньні... Заўсёды прынцыпова, заўсёды бескаштоўна. І раптам такое абвінавачаньне! У ягонай прыстойнасьці не было і ценю сумненьня. Я ніколі не абараняў хабарнікаў і карупцыянэраў, вось чаму тут не магу прамаўчаць! Будзе страшнай памылкай пакараць нявіннага чалавека... Сябры, калегі, адгукніцеся!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG