Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Якія яны палітыкі?» Лукашэнка ўпершыню пракамэнтаваў прызнаньні пра забойства зьніклых апазыцыянэраў


Зьніклыя палітыкі Юры Захаранка і Віктар Ганчар
Зьніклыя палітыкі Юры Захаранка і Віктар Ганчар

Галоўны рэдактар «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў пацікавіся ў Аляксандра Лукашэнкі, ці абазнаны ён прызнаньнямі былога сцэцназаўца Юрыя Гараўскага адносна выкраданьня і забойства ягоных палітычных апанэнтаў.

«Ніхто зьверху, апроч прэзыдэнта, ня можа даць такую каманду, — сказаў Лукашэнка. — КДБ, ФСБ ніколі на такое ня пойдуць, бо гэта злачынства з пахам палітыкі. Калі Пуцін з Лукашэнкам не дадуць такую каманду, ні ваш Бортнікаў, ні наш Вакульчык пад гэтым не падпішуцца. Дык вось я ніколі ў жыцьці не аддаваў і не аддам такую каманду. Адказ просты: навошта мне гэта было патрэбна? Што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек?», — адказаў Лукашэнка.

Паводле яго, «забіваюць ярых, агалцелых, небястьпечных праціўнікаў».

«Я — палітык, а якімі яны былі палітыкамі? Віця Ганчар быў маім добрым прыяцелем і сябрам, мы ў адным парлямэнце былі. Ня толькі ў лазьню хадзілі. Красоўскага навогул ня ведаў. Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў, навошта грузіць у адну кучу? Захаранка зьвязаўся зь бізнэсам ва Ўкраіне — узяў вялізныя грошы і не вярнуў. Самае цікавае, гадоў 7-8 гадоу таму іх сфатаграфавала ў Нямеччыне. Мы запыт далі, дык нічога не далі», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка кажа, што, пачуўшы пра Гараўскага, загадаў Сьледчаму камітэту неадкладна адрэагаваць — маўляў, хай той Гараўскі тэрмінова прыедзе і дасьць паказаньні. А ў адказ — цішыня.

«Навошта гэта патрэбна? — рытарычна запытаў Лукашэнка. — Адкажу: заўтра прэзыдэнцкія выбары. Усё сабралі, актуалізавалі «Бацька-1, 2, 3» (так называліся фільмы расейскага тэлеканала НТВ. — РС).

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG