Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

абноўлена

Юры Гараўскі
Юры Гараўскі

Deutsche Well апублікавала відэа, ў якім 41-гадовы Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», распавёў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі ў 1999 годзе.


Свабода сабрала рэакцыя экспэртаў і зацікаўленых людзей.

Экс-камандзір «​СОБРу»​ Дзьмітры Паўлічэнка

«Гараўскі адслужыў паўтара года тэрміновай службы, а пасьля зганьбіў [унутраныя войскі]. Ніякага дачыненьня да „СОБРу“ ён ня мае. У нас [у 1998 годзе] адкрыўся штат кантрактнікаў, у яго асаблівага інтэлекту не было, хлопец здаровы, але пэўныя навыкі былі, і ў рукаемным баі, і мы яго ўзялі».​ (У інтэрвію Tut.by 16 сьнежня).

«Такі чалавек пад маім кіраўніцтвам не служыў. Я асабіста ствараў Спэцыяльны атрад хуткага рэагаваньня. І цудоўна памятаю ўсіх, асабліва з тых, хто ствараў. Ніякага Гараўскага там не было. Можа, у 3214 і быў такі чалавек, там усіх не запомніш… Але я не ведаю такога Юрыя Гараўскага». (У інтэрвію «Нашай ніве» 16 сьнежня)

«Шчыра кажу, не помню такога чалавека. У інтэрв’ю Tut.by я яго, магчыма, паблытаў з іншым байцом. Мне потым сябры пазванілі, сказалі, што ніхто з іх яго не прызнаў. Мяркуючы па тым відэа, ніхто яго не ведае». (У інтэрвію «Нашай ніве» 17 сьнежня).

17 сьнежня «Наша ніва» знайшла фота, на якім ёсьць і Паўлічэнка, і Гараўскі.

Памочнік Паўлічэнкі Сяргей Матвіенка пацьвердзіў, што на апублікаваным выданьнем «Беларусь Сегодня» здымку з выступу Паўлічэнкі перад сябрамі асацыяцыі «Гонар» насамрэч знаходзіцца Гараўскі.

«Я бачыў гэты фатаздымак таксама, там ёсьць Гараўскі, — пацьвердзіў Сяргей Матвіенка. — Гэта было агучана, што ён некалі служыў. На такое мерапрыемства можа хто заўгодна прыйсьці. Вы што, думаеце, там па сьпісах? Ёсьць пэўная падзея. Засьвяціць свой твар можа хто заўгодна. Калі нават і недзе спатыкаўся, нешта было ў жыцьці ў чалавека, то чаму не. Хаця я таксама ўсё ведаю толькі са СМІ».

Сьвятлана Завадзкая, жонка зьніклага ў 2000 годзе апэратара расейскага тэлеканалу ОРТ Зьмітра Завадзкага

«Магу параўноўваць з тым, што раней ведала. Сапраўды, большасьць дэталяў падобная. Нават пра тое, што Ганчар і Красоўскі былі закапаныя на нейкай закрытай тэрыторыі, на нейкай базе, а Дзіму (Завадзкага. — РС) і Захаранку пахавалі на Паўночных могілках. Бо са мной у 2010 годзе зьвязваўся праз інтэрнэт чалавек, які сябе не назваў, і ён казаў, што бачыў нейкія дакумэнты, у якіх былі ўказаныя месцы іх пахаваньня менавіта на Паўночных могілках. І ў інтэрвію гэтага Гараўскага таксама — розныя месцы пахаваньня Захаранкі ды Ганчара з Красоўскім.

Потым — кроў Ганчара. Адкуль яна ўзялася? Гэты собравец кажа, што ён трапіў яму па твары ланцугом, пабілі шкло. Але ж гэтак і было на месцы выкраданьня Ганчара і Красоўскага: і шкло, і кроў, якую потым экспэртыза вызначыла як кроў менавіта Ганчара. Дык як мне ацэньваць гэтыя паказаньні? Альбо гэтак, што чалавек добра падрыхтаваўся, каб атрымаць палітычны прытулак на Захадзе, альбо сапраўды ўсё так і ёсьць. Думаю, цяпер гэтым мусіць заняцца наш адвакат, наш прадстаўнік. Магчыма, мы зробім асобную ці агульную заяву, і трэба дамагацца аднаўленьня справаў па зноў адкрытых абставінах».

Юры Сівакоў, кіраўнік унутраных войскаў у 1999–2000 гадах

«Матэрыял такі дыхтоўны, зроблены прафэсійна, на высокім тэхнічным узроўні і, адчуваецца, на добрай такой кухні. Галоўнае — своечасова. Калі ў нас там сустрэча Лукашэнкі і Пуціна? 20 сьнежня? І мне здаецца, што гэта нават не дэсэрт, а толькі закуска... Мне здаецца, што такія казыры загадзя рыхтуюцца. Яны дзесьці ляжаць, чакаюць моманту ісьціны, укідваньня ў грамадзтва». (У інтэрвію «Нашай ніве»).

Сівакоў пацьвердзіў сваю мянушку «дзед», якую называў Гараўскі. «Усё астатняе, што там напісана, я сам прачытаў, як дэтэктыўны раман».

Алег Воўчак, былы сьледчы пракуратуры, у 1999 годзе ўзначальваў грамадзкую камісію расьсьледаваньня зьнікненьня апанэнтаў Лукашэнкі

«Гэта вельмі супадае з нашай вэрсіяй, якую мы разам з Уладзімерам Барадачом агучылі праз тры дні пасьля здарэньня паводле нашага агляду месца захопу і паводле паказаньняў сьведак. Мы тады разьвесілі аб’явы, і знайшліся людзі, 5 ці 6 чалавек, якія бачылі, як гэта адбывалася. Шмат што супадае таксама па выніках агляду: чырвоная фарба ад аўтамабіля на дрэве — а Гараўскі кажа менавіта пра чырвоны BMW, на якім езьзіў з Паўлічэнкам. Разьбітае шкло. Кавалкі задняй фары ад джыпа Красоўскага каля дрэва. Кроў на асфальце там, дзе былі дзьверы пасажырскага сядзеньня, дзе сядзеў Ганчар. Такім чынам, і тут малюнак захопу збольшага супадае з нашай вэрсіяй».

Анатоль Лябедзька, палітык, быў дэпутатам Вярхоўнага Савету разам з Ганчаром

«[У Ганчара] сапраўды пальцаў на назе бракавала, гэта я сам бачыў. Здаецца, на левай. Справа была ў лазьні. Але аб прычынах, што здарылася, не пытаўся».

Гары Паганяйла, былы судзьдзя і адвакат, цяпер праваабаронца

«А калі нагадаць пастанову аб затрыманьні і зьмяшчэньні ў сьледчы ізалятар КДБ Паўлічэнкі, дык там наўпрост указана, што па выніках доўгачасовай апэратыўнай праверкі (якая цягнулася каля 6 месяцаў) былі сабраныя матэрыялы, якія сьведчаць, што Паўлічэнка і ягоная каманда рабілі злачынствы, у тым ліку забойствы. І ня толькі палітычныя, а забівалі і камэрсантаў, і іншых людзей, у якіх вымагалі грошы. Вось пра што сьведчылі апэратыўныя дакумэнты, сабраныя КДБ, якія, цалкам верагодна, спаліў Паўлічэнка».

Мікалай Казлоў, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі

«Я думаю, што яму можна верыць. Ён апавядае падрабязнасьці, якія лёгка праверыць, і гэта шмат пра што кажа. Калі чалавек кажа, што трупы закапалі, што машыну закапалі, і ён гатовы паказаць месца, калі называе прозьвішчы, і можна праверыць, ці сапраўды такія людзі служылі ў адпаведным падразьдзяленьні. Гэта ўсё лёгка праверыць. І ёсьць падставы ўсё гэта праверыць пільна».

Вадзім Кабанчук, былы лідэр спартыўна-патрыятыянай арганізацыі «Край», у 2001-м годзе удзельнічаў у пошуку аўтамабіля Красоўскага

«На 70% я веру, што ён быў удзельнікам. Гэта ўсё гучыць боль-менш праўпадабона. Зь іншага боку, ёсьць розныя варыянты. Можа яго проста выкарыстоўвалі, каб ціснуць на Лукашэнку. Я маю на ўвазе Расею, бо ён не дамаўляецца зь імі па-мірнаму. Можна дапускаць, што ім маніпулююць расейскія спэцслужбы. Яны могуць, напрыклад, мець інфармацыю. У іх жа хаваўся генпракурор Алег Бажэлка, які засьвяціўся расьсьледаваньнем гэтай справы... Мы ў свой час называлі цэлы шэраг прозьвішчаў, якія супадаюць з прозьвішчамі, якія агучыў Гараўскі».

Мечыслаў Грыб, старшыня Вярхоўнага савету Беларусі ў 1994-1996 гг., генэрал-лейтэнант міліцыі ​

«Мне цяжка меркаваць, бо ні я, ні вы ня ведаем праўды. Але наконт праўдападобнасьці, як гэтыя падзеі разьвіваліся, то вельмі праўдападобна ён апавядае. Напрыклад, я памятаю, што калі зьніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі, то ўжо на другі дзень паднялі трывогу. Было заяўлена ў міліцыю, і міліцыя выяжджала на вуліцу Фабрычную, глядзела. І там знайшлі аскепкі шкла ад машыны і кроў, і яна, як потым было даказана, належала Віктару Ганчару. І сапраўды Юры Гараўскі кажа, што падышоў да машыны, разьбіў шыбу, адчыніў дзьверы і выцягнуў Ганчара вонкі. І што ён быў у крыві, крыві было шмат і яна капала. Гэта як прыклад».​

Ігар Парэчын, называе сябе памочнікам Паўлічэнкі ў асацыяцыі вэтэранаў спэцпадразьдзяленьняў «Гонар»

«Я даўно ведаю Юрыя Гараўскага, я сам бачыў, як ён да Дзьмітрыя Валеравіча (Паўлічэнкі. — РС) падыходзіў і прасіў грошы. Ведаю, што Юра выпіваў, і выпіваў сур’ёзна. Вы паглядзіце, як ён інтэрвію дае, які ён апухлы. Як ён апрануты.

Што мне не спадабалася ў ягонай заяве, дык гэта тое, што ён на памяці родных (родных зьніклых. — РС) робіць такія заявы. Гэта няправільна. Калі ты такі раскаяўся, дык прыйдзі і зрабі заяву адкрыта. Скажы — я ўдзельнічаў, было. Здымі грэх з душы. А то недзе там за мяжой напярэдадні выбараў пачынае расказваць, што і як адбывалася. І яшчэ гаворыць, што ён ня бачыў тых людзей, каго забівалі (у інтэрвію Гараўскі кажа, што бачыў твары Ганчара і Красоўскага. — РС). Што Захаранку пазнаў па форме. А Захаранка тады ўжо быў разжалаваны. Шмат нестыковак».

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG