Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца


Закансэрваваная вайсковая база за 5 кілямэтраў ад Бегамлі, дзе базаваўся СОБР. Там, паводле Юрыя Гараўскага, забілі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.
Закансэрваваная вайсковая база за 5 кілямэтраў ад Бегамлі, дзе базаваўся СОБР. Там, паводле Юрыя Гараўскага, забілі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Дзьмітры Петрушкевіч — былы сьледчы пракуратуры, які расьсьледаваў справы аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

У чэрвені 2001-га разам з калегам Алегам Случаком яны заявілі, што да зьнікненьняў і іншых цяжкіх злачынстваў датычныя буйныя чыноўнікі і кіраўнікі сілавых структур. Абодва эмігравалі, атрымалі палітычнае прыстанішча і жывуць за мяжой.

На запыт Радыё Свабода Дзьмітры пісьмова пракамэнтаваў інтэрвію Юрыя Гараўскага, у якім той прызнаецца, што ўдзельнічаў у выкраданьнях і забойствах палітыкаў у групе пад кіраўніцтвам Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

— Наколькі праўдападобнай для вас выглядаюць падзеі ў вэрсіі Гараўскага?

— Па сутнасьці, гэта кампіляцыя ўсяго, што было апублікавана за 20 гадоў, з дадаткам некаторых дэталяў. У мяне засталося скептычнае ўражаньне.

— Што з агучанага Гараўскім прагучала ўпершыню?

Дзьмітры Петрушкевіч, архіўная выява
Дзьмітры Петрушкевіч, архіўная выява

— Толькі пра адсутнасьць пальцаў на назе ў Ганчара ніколі не казалі ў прэсе, але я гэты факт ведаў. Ён згадваўся як «асаблівая прыкмета» ў арыентыроўках, якія рассылалі, калі Ганчара абвясьцілі ў вышук як зьніклага. Яны захоўваліся ў матэрыялах справы, і пра гэта мог даведацца любы супрацоўнік МУС у той час. Таксама ён пералічвае шэраг прозьвішчаў, якія ніколі ня згадваліся ў прэсе, але ў ягонай сытуацыі можна пералічыць увесь асабісты склад в/ч 3214.

— Што ў вэрсіі Гараўскага выклікае ў вас асабіста сумненьні ці падазрэньні?

— Апісаньне забойстваў. Яны вельмі рызыкавалі, атрымліваючы і вяртаючы расстрэльны пісталет, нібыта каб надаць забойству статус сьмяротнай кары. А паводле паказаньняў Гараўскага, Паўлічэнка страляў у сэрца з боку сьпіны. У чым тады сакральнасьць дзейства, дзеля якога яны нібыта выкарыстоўвалі менавіта гэты пісталет? Дзеля чаго яны рызыкавалі? Мне такія паводзіны здаюцца непасьлядоўнымі.

Па ягоных словах, яны адвезьлі Захаранку на вучэбную базу на Валоўшчыне, а пасьля таго, як Паўлічэнка застрэліў яго, адвезьлі цела на Паўночныя могілкі. Агулам гэта каля 60 кілямэтраў спачатку з выкрадзеным чалавекам, а пасьля з трупам у машыне. Навошта пераадольваць такія адлегласьці, калі за 10 кілямэтраў ад месца выкраданьня ў крэматорыі ўжо і труна гатовая стаяла?

За 3 дні да выкраданьня Ганчара Паўлічэнка абвясьціў сваім людзям, што трэба будзе затрымаць і ліквідаваць дваіх. Аднак з усіх матэрыялаў справы вынікае, што нават сам Ганчар ня ведаў, колькі чалавек будзе ў той дзень у лазьні. І ці будзе там Красоўскі, таксама, па-мойму, за 3 дні дакладна не было вядома.

Гараўскі кажа: «Недзе на кальцавой ёсьць „кішэня“ на зьезьдзе на віцебскі кірунак». Наколькі я памятаю той раён, на гэтым участку ў 1999 годзе шлі дарожныя работы і ніякай «кішэні» там тады не было. Работы ня скончылі нават на момант майго адʼезду ў 2001 годзе.

Цяпер пра падбор выканаўцаў. Па словах Гараўскага, усе яны прыкладна ягоныя аднагодкі. Значыць, камандзір вайсковай часткі для такой справы не знайшоў нікога лепшага за нядаўніх тынэйджараў? А ці не было больш лягічна выкарыстоўваць ужо правераных у справе байцоў, зь якімі яны «нетрадыцыйнымі» мэтадамі змагаліся з бандытызмам і ліквідавалі аўтарытэтаў да таго?

Завадзкага выкралі 7 ліпеня 2000 году, гэта была пятніца. Але Гараўскі кажа, што ў іх у гэты дзень быў выходны. Пра выходны ў пятніцу ў органах МУС я ніколі ня чуў.

Юры Гараўскі ў маладосьці
Юры Гараўскі ў маладосьці

Ня ведаю, што яны спалілі (Гараўскі сьцвярджае, што пасьля вызваленьня Паўлічэнка спаліў тэчку з дакумэнтамі. — РС), але матэрыялы, датычныя Паўлічэнкі, засталіся. Арыгінал пастановы аб прымяненьні да яго прэвэнтыўнага затрыманьня тэрмінам на 1 месяц, санкцыянаваны старшынём КДБ і намесьнікам генэральнага пракурора, быў падшыты ў адным з тамоў, які захоўваўся ў маім сэйфе. Як і шэраг іншых дакумэнтаў, апублікаваных у прэсе празь месяц пасьля майго адʼезду. Так, дакумэнты былі ня ўсе, але частка засталася.

Ёсьць і іншыя пытаньні, якіх пасьля інтэрвію больш, чым адказаў.

— Прозьвішчы, якія пералічвае Гараўскі (Юры Барадач, Сяргей Шкіндзераў, Аляксей Румянцаў і іншыя) — гэта рэальныя людзі? Ці сустракаліся вы з кімсьці зь іх асабіста?

— Упэўнены, што шэраг гэтых прозьвішчаў згадваўся і раней. У сьпісе байцоў СОБРу, якіх правяралі на магчымую датычнасьць да злачынстваў, былі дзясяткі прозьвішчаў. Па іх працаваў Уладзімер Міхайлавіч Чумачэнка, зь якім мы доўгі час дзялілі адзін кабінэт у будынку МУС, і я часам прысутнічаў пры допытах. Магчыма, з кімсьці зь іх я сустракаўся, але цяпер прозьвішчы не прыгадаю.

Я ўспамінаю эпізод, калі яму патэлефанаваў хтосьці з байцоў з в/ч 3214 і прызначыў сустрэчу. Ён папрасіў мяне забясьпечыць яму прыкрыцьцё на выпадак, калі яго таксама вырашаць вывезьці ў лес. Яны прайшлі ад чыгуначнага вакзала да будынка МУС, пра штосьці размаўлялі. Я ў першы і апошні раз у жыцьці ажыцьцяўляў скрытае назіраньне. За мной таксама ня раз вялося назіраньне, але калі я паведаміў пра гэта кіраўніку сьледчай групы, той мяне «супакоіў», што такі «гонар» пэрыядычна мае кожны з нас.

За кароткі прамежак часу памерлі некалькі чалавек, якія мелі дачыненьне да расьсьледаваньня справы. Кіраўніка групы ўдарылі ў твар кулаком проста на вуліцы. Мне адмовіліся выдаць зброю — мой непасрэдны начальнік матываваў гэта тым, што я першы застрэлю яго ж. На гэтых прыкладах можна зразумець, якое апэратыўнае забесьпячэньне было ў сьледчай групы і наколькі абароненымі мы сябе адчувалі.

— Гараўскі кажа, што яго затрымлівалі разам з Паўлічэнкам у 2000-м годзе. Ці затрымлівалі таксама іншых людзей разам зь ім?

— На момант затрыманьня Паўлічэнкі я ў сьледчай групе не працаваў — мяне туды накіравалі адразу пасьля таго, як яго вызвалілі, а кіраўніцтва КДБ і пракуратуры звольнілі. Згодна матэрыялам справы, Паўлічэнка быў адзіным, каго затрымалі ў той пэрыяд.

— Колькі крыві было на месцы выкраданьня Ганчара? Ці рэалістычна, што гэта кроў ад разьбітай ланцугом губы і носа, як кажа Гараўскі?

— Складаецца ўражаньне, што ўсе паказаньні Гараўскага выстраеныя ў дакладнай адпаведнасьці з раней апублікаванымі ў прэсе матэрыяламі справы. Сьляды крыві і шкла на месцы выкраданьня згадваюцца паўсюль, таму дадалі эпізод з ланцугом.

— Чаму менавіта Гараўскі і чаму менавіта цяпер зроблена такое прызнаньне?

— Таму што ўсе ў Беларусі, а ён не? Таму што гэта выгадна адной суседняй краіне, якая ўпіваецца сваёй веліччу? Усе паралелі са справай Гангадзэ, якія былі праведзеныя за 2 дні (пасьля публікацыі прызнаньняў. — РС), мне здаюцца цалкам дарэчнымі.

Фільм («Как убивали критиков Лукашенко» — РС) зроблены ў духу «Хроснага бацькі» з выкананьнем расейскіх традыцый нагнятаньня і без таго страшнаватай атмасфэры расейскім журналістам. З такімі ж характэрнымі для іх «кіналяпамі».

(Насамрэч «Как убивали критиков Лукашенко» — фільм Deutsche Welle. Яго аўтар — нямецкі журналіст Крыстыян Трыпэ. Над фільмам працавалі Мікалай Берднік, Уладзімір Дорахаў, Натальля Макушына, Кацярына Сотнік, — удакладньне РС).

Пастаноўка ў фільме зроблена нязграбна: пасьля фразы «Мы супрацоўнікі міліцыі, просім прысесьці ў аўтамабіль» СОБРаўцы паказваюць нейкую кніжачку, хоць на той момант у міліцыі ўжо былі лямінаваныя пасьведчаньні. Па паказаньнях Гараўскага, яны надзелі на Захаранку кайданкі за сьпінай і пасадзілі яго ў «Опэль», а на відэа чалавеку зашпільваюць кайданкі сьпераду і саджаюць у «БМВ». Гэта толькі адзін 5-сэкундны эпізод. Пэдантычныя немцы такога б сабе не дазволілі. Мне здаецца, што калі ўжо рабіць пастаноўку, то варта было прытрымлівацца сюжэту. Усё гэта не дадае даверу ані да фільма, ані да героя».

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG