Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мечыслаў Грыб: «Калі ўлада проста так адмахнецца, то яна фактычна прызнае праўду»


Мечыслаў Грыб

Былы кіраўнік Вярхоўнага Савету Беларусі, генэрал-лейтэнант міліцыі Мечыслаў Грыб пракамэнтаваў прызнаньні Юрыя Гараўскага, які назваў сябе ў інтэрвію Deutsche Welle​ байцом беларускага «эскадрону сьмерці» і расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

— Наколькі праўдападобнымі здаюцца вам сьведчаньні Юрыя Гараўскага?

— Мне цяжка меркаваць, бо ні я, ні вы ня ведаем праўды. Але наконт праўдападобнасьці, як гэтыя падзеі разьвіваліся, то вельмі праўдападобна ён апавядае. Напрыклад, я памятаю, што калі зьніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі, то ўжо на другі дзень паднялі трывогу. Было заяўлена ў міліцыю, і міліцыя выяжджала на вуліцу Фабрычную, глядзела. І там знайшлі аскепкі шкла ад машыны і кроў, і яна, як потым было даказана, належала Віктару Ганчару. І сапраўды Юры Гараўскі кажа, што падышоў да машыны, разьбіў шыбу, адчыніў дзьверы і выцягнуў Ганчара вонкі. І што ён быў у крыві, крыві было шмат і яна капала. Гэта як прыклад.

Другое, што тычыцца таго, як бралі Юрыя Захаранку, таксама былі зьвесткі, што пасьля таго, як ён паставіў машыну і рухаўся дадому, яго прыпынілі, пасадзілі ў аўтамабіль і зьвезьлі. І быў сьведка, які бачыў, што Захаранку пасадзілі ў машыну і павезьлі.

І першае, і другое не былі сакрэтнымі зьвесткамі, раней пра гэта казалі.

Але навошта чалавеку так прызнавацца ў тым, што ён учыніў цяжкае злачынства? Ён жа прызнаецца, што ўдзельнічаў, ён учыніў гэта цяжкае злачынства і расказвае, як было. Выглядае вельмі праўдападобна. Трэба правяраць: частка людзей, на якіх ён указвае, зь якімі ён быў, зь якімі ўсё рабілася, яны ж тут, у Менску, яны яшчэ жывыя. Але сьледзтва, мабыць, будзе разьбірацца, калі ім будзе дадзена каманда. Усё ж яны будуць азірацца, як на гэта паглядзіць кіраўніцтва — дасьць адмашку правяраць усё гэта ці не. А я думаю, што хутчэй за ўсё ня дасьць.

— А ці ёсьць падставы праводзіць праверку гэтай інфармацыі?

— Несумненна, ёсьць. Па-першае, трэба высьветліць, ці ён там служыў — гэта ж усё на паверхні ляжыць і лёгка правяраецца. Дзе, калі і ў якія каманды ён уваходзіў, як фармаваўся гэты СОБР, ці ёсьць нейкія зьвесткі, хто ў яго ўваходзіў. Ці проста людзі лічыліся, што знаходзяцца ва ўнутраных войсках, а самі фактычна былі ў СОБРы. А калі ўлада ня будзе правяраць, а проста так адмахнецца, то яна фактычна прызнае, што Юры сказаў праўду. Адмахнуцца так ня ўдасца.

— А ці могуць гэтыя сьляды забойства недзе застацца — закапаныя целы, аўтамабіль, пра што кажа Юры Гараўскі?

— Я раней ня чуў, як іх расстрэльвалі. Юры цяпер расказаў. А што аўтамабіль бронетранспартэрам пераехалі і закапалі, я пра гэта і раней чуў. Даўно пра гэта такая размова была.

А вядома ж, што КДБ у свой час, перад затрыманьнем Паўлічэнкі, запрасіла спэцыяльную машыну, якая можа адшукваць трупы пахаваных людзей. У той час у нас такой машыны не было. І Расея тады пагадзілася, выдзеліла такі транспарт, і ён ужо быў накіраваны ў Беларусь. Але, калі ўсё гэта здарылася, Паўлічэнку затрымалі, а потым адпусьцілі, потым пракурора і начальніка КДБ зьнялі. А Віктар Шэйман стаў генпракурорам, і ён адмовіўся ад таго, каб гэтая машына прыяжджала. Ён сказаў, што яна нам не патрэбна. І яе назад павярнулі. Вось такія тут складанасьці. Таму ўсё гэта вельмі падобна на жудасную, але праўду.

Мечыслаў Грыб сказаў, што асабіста не знаёмы з Паўлічэнкам і ня ведае тых хлопцаў, якія, як сьцьвярджае Гараўскі, уваходзілі ў ягоную каманду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG