Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: нельга адставаць ад «монстраў», а то зробяць «парубкамі, як у ВКЛ»

абноўлена

Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з курсантамі, слухачамі і прафесарска-выкладчыцкім складам Вайсковай акадэміі, 22 лютага 2019 году
Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з курсантамі, слухачамі і прафесарска-выкладчыцкім складам Вайсковай акадэміі, 22 лютага 2019 году

На сустрэчы 22 лютага ў Вайсковай акадэміі Аляксандар Лукашэнка засьцярог ад эканамічнай дэстабілізацыі краіны, піша БелТА. Каб не было дэстабілізацыі, трэба займацца эканомікай, казаў ён.

Нас будуць біць бізунамі, а дзеці будуць пакутаваць

«Калі толькі мы дэстабілізуем нашую краіну — яна камусьці дастанецца, мы зноў пойдзем пад бізун, як у народзе кажуць, нас будуць цягаць бізуном, — казаў Лукашэнка. — Добра, нас: мы гэта заслужылі, калі мы да гэтага давялі. А дзеці за што будуць пакутаваць?»

Ён запэўніў, што заклікае захаваць стабільнасьць, спакой і мір не таму, што нечага баіцца: маўляў, «ужо ўсё прайшоў».

«Я ўжо адбаяўся, — пераконваў Лукашэнка. — У мяне ў першы год праз тры месяцы ў Менску, я прыводжу прыклад часта, на тры дні мукі заставалася і мэтро забаставала, спыніўся ўвесь транспарт. Я ўжо ўсё гэта прайшоў. Таму галоўнае — гэта мір і стабільнасьць».

Згадак пра тое, як Лукашэнка раней расказваў пра «муку на тры дні», у інтэрнэце не знайшлося. Але забастоўка працаўнікоў мэтро ў Менску сапраўды была 17 жніўня 1995 году. На той момант Лукашэнка ўжо займаў пасаду прэзыдэнта амаль 13 месяцаў.

Што за слова «парубак»?

Абноўлена, 17:00: Празь нейкі час пасьля публікацыі навіны пра «парубка» БелТА выправіла слова ў артыкуле на «парабак» — гэта значыць «наёмны сельскагаспадарчы рабочы ў памешчыцкай або кулацкай гаспадарцы».

На сайце БелТА ўжо выправілі слова «парубак» на «парабак», але яно захавалася ў перадруках іншых СМІ і ў пошуку Google
На сайце БелТА ўжо выправілі слова «парубак» на «парабак», але яно захавалася ў перадруках іншых СМІ і ў пошуку Google

Лукашэнка заявіў, што Беларусі цяжка канкураваць з усясьветнымі дзяржавамі, якія «забясьпечваюць сябе прыроднымі рэсурсамі», а адставаць ад іх нельга, іначай «будзем чыёйсьці правінцыяй», таму патрэбныя новыя тэхналёгіі і крыніцы энэргіі.

«Калі мы адстанем — мы загінем, — казаў Лукашэнка. — Таму патрэбная стабільнасьць. І ўвесь час трэба працаваць, увесь час трэба бегчы, каб ад гэтых „монстраў“ не адстаць, бо яны нас адной рукой прыхопяць, і будзем мы зноў парубкамі ў якім-небудзь Вялікім княстве Літоўскім або Рэчы Паспалітай. Ня хочацца, асабліва для дзяцей, асабліва калі ўжо мы і вы адчулі, што такое сувэрэнітэт і незалежная дзяржава».

Малады ўкраінец, ілюстрацыйнае фота, ©Shutterstock
Малады ўкраінец, ілюстрацыйнае фота, ©Shutterstock

Слова «парубкі», якое ўжыў Лукашэнка, не фіксуецца ў беларускіх слоўніках, але добра вядомае ва ўкраінскай мове. Яно перакладаецца з украінскай як «юнак», «хлопец». Але яно ўжывалася ў расейскай мове, напрыклад, у кнігах расейскага пісьменьніка ўкраінскага паходжаньня Мікалая Гогаля.

Раней Лукашэнка некалькі разоў заяўляў, што мае ўкраінскія карані, але гісторык-архівіст Зьміцер Дрозд даводзіў, што па лініі маці «з амаль стоадсоткавай імавернасьцю быў ён карэнным беларускім селянінам з Магілёўскай губэрні».

«Лепш памыліцца, але прыняць рашэньне»

Як мяркуе Лукашэнка, прэзыдэнт краіны мае быць дасьведчаны і адукаваны, а ягоны «кампутар» павінен прымаць імгненныя рашэньні (з кантэксту падобна, што пад кампутарам маюцца на ўвазе мазгі — сам Лукашэнка раней казаў, што «ў кампутар рэдка залазіць»).

«Часта кажуць: лепш памыліцца, але прыняць рашэньне, чым яго не прымаць наогул, — дадаў Лукашэнка. — Гэта галоўнае для кіраўніка, а для прэзыдэнта тым больш».

На трэці дзень у гарах ці на моры Лукашэнка «воўкам вые»

Лукашэнка заявіў, што прэзыдэнцкага жыцьця «нікому не пажадае», і адзначыў, што ўсе ягоныя сыны і «ня хочуць быць прэзыдэнтамі». Але ён расказаў, што ягоны графік не такі насычаны, як думаюць некаторыя.

«Вы некалькі перабольшваеце тое, што тут мы, прэзыдэнты, такія героі, круцімся і верцімся дзень і ноч, — заявіў ён курсантам Вайсковай акадэміі. — Круціцца і вярцецца ў мяне ёсьць каму: што тычыцца вайсковай сфэры, міністар абароны, цэлы Генэральны штаб. Кіраўнік Адміністрацыі складае графік штодзённай працы прэзыдэнта, калі трэба зь нейкімі праблемамі разабрацца, то і на суботу, і на нядзелю. Я ведаю, што павінен яго выконваць».

Лукашэнка расказаў, што адпачывае з дапамогай зьмены абстаноўкі, спорту і сустрэчаў зь людзьмі. Але найлепей адпачывае дома: адпачынак для яго — гэта не «паехаць кудысьці на мора». Маўляў, вось у гарах быў, «ужо на трэці дзень воўкам выю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG