Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Горш, калі амэрыканскія ракеты разьмесьцяць на тэрыторыі Ўкраіны


Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка
Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што асьцерагаецца магчымага разьмяшчэньня ў Эўропе ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (РСМД) у сувязі з сытуацыяй вакол Дамовы аб ліквідацыі РСМД, паведамляе БЕЛТА.

Такую заяву ён зрабіў, адказваючы на пытаньні прадстаўнікоў асабістага складу Вайсковай акадэміі.

Лукашэнка дадаў, што абмяркоўваў гэтую тэму і з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, і падкрэсьліў, што верыць расейскаму боку ў тым, што той не парушаў адпаведнай дамовы, а калі на Захадзе заяўляюць пра такія парушэньні, то спрабуе знайсьці адказ на адрасаваныя Расеі абвінавачаньні.

«Але інфармацыі ў гэтым пляне ў мяне няма. Яна схаваная. Яе ведае абмежаванае кола людзей», — сказаў Лукашэнка.

Як сказаў Лукашэнка, існуе меркаваньне, што выхад ЗША з Дамовы аб ліквідацыі РСМД накіраваны, у прыватнасьці, супраць Кітаю, які такой зброяй валодае, але ў дамове ня ўдзельнічаў. Цяпер, паводле Лукашэнкі, амэрыканцы перажываюць перш за ўсё не за сваю бясьпеку, а за сваіх саюзьнікаў у раёне Ціхага акіяну — «Карэя, Японія, свае амэрыканскія базы, якія там створаныя».

«Але я баюся таго, што амэрыканцы скарыстаюцца момантам — сарвалі гэтую дамову, і разьмесьцяць ракеты ў Эўропе. Вось тут ужо мала не падасца і нам. Таму нам трэба будзе разам з Расеяй думаць аб мерах у адказ. (...) А горш будзе, калі гэтыя ракеты будуць разьмешчаныя (крый божа, гіпатэтычна) на тэрыторыі Ўкраіны», — заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка падкрэсьліў, што ён адназначна супраць скасаваньня Дамовы аб ліквідацыі РСМД, але мяркуе, што NATO можа пайсьці на разьмяшчэньне падобных ракет у Эўропе.

«Мне здаецца, хоць Паўночнаатлянтычны альянс заяўляе аб тым, што яны не зьбіраюцца разьмяшчаць у Эўропе гэтыя ракеты, гэта проста блеф. У адваротным выпадку — навошта выходзіць? Навошта было разбураць гэтую дамову? Трэба было дамаўляцца з Кітаем і падключаць яго (да дамовы. — РС), калі гаворка пра Кітай».

Што важна ведаць пра дамову аб ліквідацыі РСМД

ЗША 2 лютага пачалі выходзіць з Дамовы аб ліквідацыі РСМД. У адказ на гэта Ўладзімір Пуцін 2 лютага заявіў, што Расея прыпыняе ўдзел у дамове.

  • Вашынгтон сьцьвярджае, што Масква парушыла дамову аб РСМД, стварыўшы і разгарнуўшы ракетную сыстэму 9М729. Цяпер Расея валодае 100 такімі ракетамі.
  • Масква абвяргае ўсе абвінавачаньні, заяўляючы, што далёкасьць палёту ракеты 9М729 складае 480 кілямэтраў, што на 20 кілямэтраў менш за ніжнюю мяжу, вызначаную дамовай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG