Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністры абароны краінаў NATO абмеркавалі расейскую пагрозу


Міністры абароны краінаў NATO на сустрэчы ў Брусэлі, 13 лютага 2019 году

У Брусэлі завяршылася сустрэча міністраў абароны краінаў NATO. Галоўнай тэмай абмеркаваньня стала сусьветная бясьпека пасьля канчатковага выхаду ЗША і Расеі з Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасьці, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода.

Усе 29 краінаў NATO прыйшлі да высновы, што расейскія ракеты ўяўляюць пагрозу для Эўропы. Аднак альянс не плянуе разьмяшчаць у Эўропе новыя ядзерныя сыстэмы наземнага базаваньня.

Гаворачы пра расейскую пагрозу, NATO арыентуецца на высновы ўласнай і амэрыканскай выведкі. Яны паказваюць, што ракеты, якія разгортвае Масква, мабільныя, іх цяжка выявіць і перахапіць.

Як адзначыў генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг, на працягу апошніх гадоў Расея ў парушэньне дамовы інвэставала ў разьвіцьцё новых ядзерных узбраеньняў, а таксама праяўляла агрэсію ў дачыненьні да суседніх краінаў — Украіны і Грузіі. Расея дачыненьне да канфліктаў у гэтых краінах адхіляе.

Каб супрацьстаяць пагрозе, у NATO прынялі так званы плян «4 па 30». Ён азначае, што да 2020 году NATO разьмесьціць на сваёй тэрыторыі 30 баявых караблёў, 30 мэханізаваных батальёнаў і 30 авіяцыйных эскадрыльляў. Яны будуць гатовыя адказаць на любую пагрозу на працягу 30 дзён.

Столтэнбэрг у чарговы раз заявіў, што NATO гатова да далейшага дыялёгу, і заклікаў Расею вярнуцца да выкананьня Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасьці.

Дамова была падпісаная ў 1987 годзе прэзыдэнтам ЗША Рональдам Рэйганам і лідэрам СССР Міхаілам Гарбачовым і прадугледжвала зьнішчэньне на працягу трох гадоў часткі ядзернага арсэналу абедзьвюх краін, у прыватнасьці ракет далечыні палёту ад 500 да 5500 кілямэтраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG