Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы любяць пакутаваць і выбіраюць БДСМ». Рэпартаж з сэкс-шопа «Каханьне». 18+


Супрацоўніца сэкс-шопа
Супрацоўніца сэкс-шопа

Лубрыкант ці шмаравідла? Якія прылады для сэксу абіраюць беларусы? Ці праўда, што ў сэкс-шопе ніхто не размаўляе па-беларуску? Свабода схадзіла ў першы беларускамоўны сэкс-шоп.

Першы раз у першы беларускамоўны сэкс-шоп

​У Менску адкрылася крама «Каханьне», і яе імгненна ахрысьцілі ў інтэрнэце першым беларускамоўным сэкс-шопам.

— Добры дзень. Ці можна мне паглядзець вось гэтую штуковіну? А карткай у вас можна разьлічыцца?

Уважліва ўглядаюся ў твар супрацоўніцы сэкс-шопу «Каханьне». І падаецца, што ёй ад маёй беларускай мовы няёмка ня меней, чым мне ад сотні чэлесаў навокал.

— Что, извините?

​Супрацоўніца стараецца ўсьміхацца. Я стараюся ўсьміхацца, але ўсім відавочна не па сабе. Слова за слова, і прыходзіцца тлумачыць, што я размаўляю па-беларуску і хацела б спраўдзіць, ці не дарма краму называюць першай беларускамоўнай у гэтай сфэры?

— О, это вам Аллу надо. Я вас понимаю. Вы не подумайте. Но с журналистами лучше Алла может, и по-белорусски она говорит хорошо, а я немного стесняюсь.

Пра славу беларускамоўнай крамы супрацоўнікі ведаюць няшмат, але зусім ня супраць, што інтэрнэт-карыстальнікі іх абмяркоўваюць. І па слову, па два, паступова пачынаюць адказваць мне па-беларуску. І нават ганарацца, што іх назва спадабалася некаму ў інтэрнэце. Таму што «Ну мы ж у Беларусі» і ня ўсім жа крамам называцца «Эроцікс», «Аргазмус» і «Экстаз».

Мы дамаўляемся сустрэцца з той самай Алай, якая гатовая размаўляць пра сэкс і краму па-беларуску.

Ала, якая не саромеецца ані слова «сэкс», ані беларускай мовы

Ала Пірумава. Супрацоўніца беларускамоўнага сэкс-шопа “Каханьне”.
Ала Пірумава. Супрацоўніца беларускамоўнага сэкс-шопа “Каханьне”.

— Лубрыкант ці шмаравідла?

— Я б выкарыстоўвала лубрыкант.

— Чэлес ці член?

— Чэлес? (сьмяецца). Як па мне, выглядае як штучны пераклад. Проста калі пачаць перакладаць тое, што трэба і ня трэба, то людзі ня будуць разумець зусім нічога. Не кажу ўжо пра тое, што большасьць ніяк не называе. «Дайце мне вось гэта», і ўсё.

Ала сапраўды не саромеецца ніякіх пытаньняў і адказвае на прыгожай беларускай мове. Ёй 20 гадоў і яна марыць адкрыць свой сэкс-шоп, вядзе старонку ў Інстаграме і вучыцца завочна ва ўнівэрсытэце. Мы яе злавілі падчас сэсіі, літаральна паміж падрыхтоўкай да здачы курсавой, іспытамі і працай.

— У інтэрнэце пішуць, што тут адзіны ў Беларусі беларускамоўны сэкс-шоп. Гэта праўда?

— Так. Насамрэч у нас першы ў краіне беларускамоўны сэкс-шоп. Было рашэньне, што мы адкрыемся і возьмем назву менавіта «Каханьне». Чаму б не выдзяляцца з масы астатніх сэкс-шопаў хаця б гэтым? У нас і на цэтліках паўсюль надпіс — «Каханьне».

— А пасьля такой рэклямы ў інтэрнэце да вас пайшлі беларускамоўныя наведнікі?

— Пакуль што не. Мне падаецца, у нас быў толькі адзін беларускамоўны чалавек, і то гэта мой знаёмы. Калі нашая назва трапіла ў інтэрнэт, мне пачалі пісаць: «О-о-о, беларускамоўны сэкс-шоп, трэба зайсьці».

Я шчыра адказала, што зь беларускамоўнага ў нас, на жаль, пакуль толькі назва. Імгненна прыйшло пытаньне: ці адкажуць тут па-беларуску, калі нехта прыйдзе і пачне размаўляць па-беларуску?

— І што вы адказалі?

— (Усьміхаецца.) Сьпярша няхай дойдуць!

Што выбіраюць у сэкс-шопе беларусы?

Каб трапіць у краму, трэба спусьціцца ў падвальнае памяшканьне і прайсьці наскрозь краму «Востраў чысьціні» ў самы канец калідора. За шыльдай «Уваход толькі для паўналетніх» і месьціцца тое самае «Каханьне». Наведнікаў, на першы погляд, нямнога — два, разам са мной.

Спрабую падгледзець, што выбірае мужчына. Падаецца, ён заглядаецца на вітрыну з кайданкамі, але як толькі я падыходжу бліжэй — хаваецца ўжо за іншай вітрынай, зь бялізнай. Спрабую падысьці да той вітрыны — мужчына ізноў хаваецца ад мяне за іншай шафай. Ня быць мне шпіёнам: далікатна саступаю і адыходжу далей. І толькі тады ён пачынае размаўляць з кансультантамі і падбіраць кайданкі і кляп.

— Ала, а што выбіраюць беларусы? Што ім падабаецца?

— Беларусы любяць БДСМ. Шмат хто прыходзіць па бізуны і кайданкі, па бандаж і вяроўкі.

— БДСМ? Але чаму?

— Беларусы любяць пакутаваць. Ды годзе вам зьдзіўляцца... Вось паглядзець на ўсё, што ў нас у краіне адбываецца. Канечне, беларусы любяць БДСМ, яны самі сабе выбіраюць гэты шлях.

— Я шчыра думала, што беларусы сарамлівыя. Прыходзяць і такія: «шу-шу-шу»...

— Ага, а потым бяруць бізун жорсткі і бандажныя наборы з распоркамі мэталічнымі. Хто як. Я ўжо такім рэчам не дзіўлюся, дзіўлюся толькі мэталічным бужам. Гэта, напэўна, балюча. Я б такога не купляла. А БДСМ, ашыйнік, павадок, кайданкі, понажы — стандарт.

Раз-пораз перапытваю, што гэта, а чаму і дзеля чаго, каму і куды. Дзяўчына цярпліва і папулярна тлумачыць.

— Ала, паясы вернасьці ў 21 стагодзьдзі? Навошта людзі іх бяруць?

— Ну, напэўна, калі нехта едзе ў камандзіроўку ці падарожжы на некалькі дзён.

— Я думала, гэта прылада зь Сярэднявечча.

— Не. Людзі прыходзяць і бяруць. Магчыма, пад нейкія ролевыя гульні. Але бяруць.

Відаць, што спакойна адказваць на 50 адценьняў дурных пытаньняў Ала прызвычаілася. Частка кліентаў крамы прыходзіць не купляць, а толькі паглядзець і параспытваць, як у музэй.

— Аднойчы зайшоў дзядок і пытаецца: «А дзядоў пускаеце?» Кажу: «Ну, толькі калі вам ёсьць 18 гадоў». А ён: «Толькі на наступным тыдні». — «Заходзьце». А потым ён пахадзіў, паглядзеў і наступным разам прыйшоў са сваёй жонкай.

— А прыходзяць людзі прысароміць? Пакпіць: «Ай-я-я-яй, як вы тут працуеце?»

— Мне падаецца, не. У нас кур’ер працуе, ёй 61 год. Вось ёй сяброўка чытае маралі. Але асабіста мне — ані разу.

Праца мары і газавы балёнчык пад сталом

— Ці бывае так, што пакупнік сышоў, а ў вас засталося адчуваньне, што ўсё, жах, і болей працаваць у гэтай сфэры ня хочацца?

— Ой, не. Такіх не было. Якія б людзі ні прыходзілі, можна разгаварыць і нармальна паразмаўляць.

— А вычварэнцы прыходзяць?

— У маёй калегі быў такі, які хацеў прымераць тое, што купляе. І пратэсьціць на ёй. Да мяне такія не прыходзяць. А нават калі і прыйдуць, то ў мяне ніколі ня будзе такога адчуваньня, што празь нейкага, прабачце, дэбіла я сыду з працы сваёй мары.

— Гэта сапраўды праца мары? І ніхто не псуе тут настрой?

— Зразумела, што і вычварэнцы бываюць. І ў мяне ёсьць газавы балёнчык. На ўсялякі выпадак.

​Некаторыя з калегаў, кажа дзяўчына, не прызнаюцца сябрам і родным, дзе працуюць. Прыдумляюць іншыя фірмы, іншыя крамы і пасады. Але Ала сваім блізкім расказвае як ёсьць.

— Бацькі заўсёды казалі: «Абы табе падабалася». Калі падабаецца, то ідзі і зарабляй грошы. І калі прыяжджаю да бацькоў, у мяне суседзі пытаюцца: а дзе ты працуеш? Я кажу: калі мае бацькі скажуць, то і я скажу. Яны адразу такія: «А я ведаю», і «хі-хі». Ну дык чаго пытаесься? Для мяне гэта ня сорамна. Наадварот.

«Беларусы ня сьціплыя, але і ня самыя разбэшчаныя»

У Беларусі няма кварталу чырвоных ліхтароў. Па словах супрацоўнікаў «Каханьня», турысты ня ломяцца наведваць сэкс-шопы. У Нямеччыне тыя самыя тавары можна набыць значна таньней. Але ня ўсім выгодна ехаць у іншую краіну, аддаваць грошы за візы і паездку, калі тыя самыя тавары ёсьць і на паліцах айчынных крамаў.

— На мой погляд, калі чалавек у нашай краме гатовы пакідаць ад 150 рублёў — гэта ўжо добра. Ёсьць тыя, хто і 500 рублёў за раз пакідае тут. Але мэнталітэт у нас такі, што сэкс далёка не на першым месцы, а для некаторых нават не ў пяцёрцы прыярытэтных.

— Крэдытаў беларусы не бяруць на вашыя тавары?

— У нас няма нейкай растэрміноўкі. Але я бачыла, што ёсьць у Магілёве «Адам і Ева» крама, і яны даюць растэрміноўку.

— Ну, калі ёсьць у вас і попыт, і нават канкурэнты, хто растэрміноўкі дае, я магу напісаць, што сэкс-крама запатрабаваная і сэкс у Беларусі ўсё ж такі ёсьць?

— Канечне, ёсьць.

— А беларускамоўны сэкс ёсьць?

— Ёсьць. Людзі размаўляюць пра сэкс па-беларуску, калі яны ў звычайным жыцьці размаўляюць па-беларуску.

— І ў сэкс-шопе яны змогуць паразумецца?

— Вы зразумейце, калі да мяне прыйдзе чалавек, які і ў жыцьці, і ў ложку размаўляе па-беларуску, мне зь ім не напружна будзе паразумецца.

Няхай, канечне, мне выбачае, што ў мяне часам сустракаюцца расейскія словы. Але калі вось намагацца зрабіць так, што калі да мяне прыйдзе звычайны расейкамоўны чалавек, і я да яго па-беларуску, то тут складана. У яго будзе разрыў шаблёну. Тое ж шмаравідла адно чаго вартае.

Калі б я пачула падчас сэксу «шмаравідла», «дастань шмаравідла з шафы», я б сьмяялася вельмі доўга. Можа, проста даволі спэцыфічныя словы, якія «Наша Ніва» прапанавала. Але, я думаю, людзі размаўляюць па-беларуску. І беларуская мова сёньня — мова стылёвая.

«Купляйце беларускае і кахайцеся»

Разьвітваемся з Алай вельмі доўга. Яна ўсё імкнецца паказаць і расказаць нешта яшчэ. Новых пакупнікоў у краме няма, каб падгледзець, што яшчэ яны набываюць. На разьвітаньне запытваюся, што б Ала параіла набыць.

— Купляйце беларускае. Купляйце беларускую змазку, якая мае назву «Ёска». Таму што «Ёска» — гэта павінна была быць вёска. Але «Вёску» заняў нейкі брэнд у Расеі, таму ў нас «Ёска». І гэта адзіная змазка на алейнай аснове.

Ала кажа, што болей нічога ўнівэрсальнага не параіць,бо перад паходам у сэкс-шоп трэба заўсёды дэталёва паразмаўляць, чаго хоча партнэр ці партнэрка.

— Бо сэкс-шоп — гэта што? Сэкс-шоп — гэта калі ты хочаш даведацца пра сябе болей, пра сваю другую палову болей. І хочаш вывесьці свой сэкс на такі ўзровень, калі ты не падумаеш болей ні пра каго іншага і ўсё жыцьцё будзеш з адным чалавекам. І табе будзе прыемна, і яму будзе добра. І ўвогуле — усім «ваў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG