Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакатаўся на лыжах, папіў гарбаты. Лукашэнка ў трэці дзень у Сочы плянуе абмеркаваць з Пуціным інтэграцыю і адукацыю


Чаяваньне ў Сочы: Аляксандар Лукашэка (зьлева), Хасан Рухані (трэці зьлева), Уладзімір Пуцін (шосты зьлева) і Рэджэп Таіп Эрдаган (другі справа), 14 лютага

Ці 14 лютага праходзілі перамовы між Лукашэнкам і Пуціным, невядома. На чаяваньні з Пуціным, Рухані і Эрдаганам Лукашэнка адзначыў: «У нас жа таксама горныя курорты ёсьць».

У час трохдзённых перамоваў з Уладзімірам Пуціным у расейскім Сочы Аляксандар Лукашэнка таксама ўзяў удзел у чаяваньні ў санаторыі «Русь», дзе прысутнічалі Пуцін, прэзыдэнт Ірану Хасан Рухані і прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган.

Першы дзень: вітаньне і лыжы

У першы дзень перамоваў паведамлялася толькі пра ўступныя словы Лукашэнкі і Пуціна, але не пра вынікі і дамоўленасьці. Таксама ў першы дзень Лукашэнка пакатаўся на лыжах з Пуціным і сваім малодшым сынам Мікалаем.

Уладзімір Пуцін, Мікалац і Аляксандар Лукашэнка ў Сочы, 13 лютага
Уладзімір Пуцін, Мікалац і Аляксандар Лукашэнка ў Сочы, 13 лютага

У той жа дзень старшыня беларускага Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч сустрэўся з прэзыдэнтам Польшчы.

Першы дзень перамоваў быў фактычна другім днём візыту Лукашэнкі ў Расею: ён прыляцеў зь Менску яшчэ ўвечары 12 лютага. Чаму вылет зладзілі загадзя, не паведамлялася.

Другі дзень: у Пуціна свае справы

Чаяваньне 14 лютага праходзіла пасьля трохбаковай сустрэчы прадстаўнікоў Ірану, Расеі і Турэччыны па пытаньнях урэгуляваньня сырыйскага канфлікту (ці былі там прадстаўнікі Сырыі, не ўдкалкдняецца) і асабістых сустрэчаў Пуціна з Эрдаганам і Рухані. Пра прысутнасьць Лукашэнкі там не паведамлялася. На гарбату Лукашэнку запрасіў Пуцін — яшчэ ў першы дзень перамоваў.

Сайт Крамлю паведамляе пра чаяваньне толькі тое, што яно адбылося, і публікуе адзін здымак. Прэс-служба Лукашэнкі ж публікуе відэа (на якім чаяваньню адведзена 19 сэкундаў — ад Лукашэнкі чуваць толькі фразу: «У нас жа таксама горныя курорты ёсьць») і кароткі тэкст.

Паводле беларускага боку, візыт Лукашэнкі супаў з трохбаковым самітам, «што стала добрай магчымасьцю абмеркаваць актуальныя пытаньні міжнароднай праблематыкі і ў больш шырокім фармаце».

«Тым больш што ня толькі з Расеяй, але і з Турэччынай і Іранам Беларусь зьвязваюць даўнія сяброўскія адносіны як у палітыцы, так і ў пляне гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай супрацы, — піша прэс-служба Лукашэнкі. — Беларусь, сама маючы статус міратворчай пляцоўкі, заўсёды выступала з выразнай пазыцыяй аб неабходнасьці найхутчэйшага ўрэгуляваньня лякальных канфліктаў у сьвеце, процідзеяньня тэрарызму».

Лукашэнка 14 лютага таксама выказаў спачуваньні Рухані ў сувязі з тэрарыстычнай атакай на ўсходзе Ірану. Ці выказваў ён гэта падчас чаяваньня, невядома: паведамленьне прэс-службы пра спачуваньні разьмешчанае ў разьдзеле «Тэлеграмы».

Пуцін 14 лютага таксама сустрэўся са старшынём расейскай Фэдэрацыі кёрлінгу, а таксама наведаў зімовы спартовы комплекс, дзе патрэніраваўся з баксёрамі, дзюдаістамі і барацьбітамі.

Уладзімір Пуцін на сустрэчы з расейскімі атлетамі, 14 лютага
Уладзімір Пуцін на сустрэчы з расейскімі атлетамі, 14 лютага

Пры гэтым невядома, ці 14 лютага праходзілі перамовы між Лукашэнкам і Пуціным, як абяцаў прэс-сакратар другога.

Трэці дзень: адукацыя, інтэграцыя?

Сустрэча Лукашэнкі з Пуціным мае працягнуцца 15 лютага ў час наведваньня адукацыйнага цэнтру «Сырыюс». Раней паведамлялася, што ў гэтай сустрэчы возьмуць удзел міністры, адказныя за адукацыю, культуру і спорт. Расейскі бок заяўляў, што «будуць абмеркаваныя канкрэтныя прапановы па далейшым паглыбленьні супрацы ў гэтых важных галінах».

У апошні дзень студзеня адбылася тэлефонная размова Лукашэнкі з Пуціным. Гаворка ішла пра наданьне большай эфэктыўнасьці працы міжурадавай групы дзеля «паглыбленьня інтэграцыі». Тады яны дамовіліся «найбліжэйшым часам» правесьці сустрэчу і абмеркаваць рэалізацыю дамоўленасьцяў, дасягнутых у канцы мінулага году.

Галоўнай праблемай у беларуска-расейскіх дачыненьнях застаецца падзеньне даходаў беларускага бюджэту праз расейскі падатковы манэўр у нафтавай сфэры. Менск налічыў каля 15 млрд даляраў стратаў і цяпер разьлічвае на кампэнсацыю. Масква ставіць прэфэрэнцыі ў залежнасьць ад ступені інтэграцыі дзяржаў.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG