Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паабяцаў Пуціну не пастаўляць кепскую гарэлку. Пасьля перамоваў была горналыжная траса

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 13 лютага сустракаецца з Уладзімірам Пуціным у расейскім Сочы, куды прыляцеў яшчэ мінулым вечарам.

«Мы ніколі расейцам не будзем пастаўляць ні кепскую гарэлку, ні кепскую закуску»

Як перадае БелТА, на пачатку сустрэчы Лукашэнка заявіў, што адносіны Беларусі і Расеі непарушныя, «што бы хто ні казаў», і выказаў падзяку Пуціну за «падтрымку нашай эканомікі».

«Пры гэтым я часта кажу, што эканоміка Беларусі — гэта фінішная вытворчасьць расейскай эканомікі, — казаў Лукашэнка. — Мы сыравіну, камплектуючыя — 60-70% у асноўны машынабудаўнічай прадукцыі, нафтаперапрацоўцы — закупляем у Расеі. Таму гэта нашая агульная эканоміка. І падтрымліваючы нас, вы, вядома, падтрымліваеце тыя прыкладна 35-40 мільёнаў людзей, разам з сем'ямі, якія працуюць на расейскіх прадпрыемствах, пастаўляюць у Беларусь прадукцыю. Калі нехта там у Расеі і Беларусі не разумее гэта, я думаю, зразумеюць».

Лукашэнка таксама заявіў аб высокай якасьці харчовай прадукцыі, якую вырабляюць у Беларусі: казаў Пуціну, «якія б ні былі канфлікты і скандалы, вы памятаць павінны, што мы ніколі расейцам не будзем пастаўляць ні кепскую гарэлку, ні кепскую закуску».

Пуцін сказаў на пачатку сустрэчы з Лукашэнкам, што ён задаволены разьвіцьцём гандлёвых і фінансавых адносін Расеі зь Беларусьсю. Гаворачы пра крэдыты, выдзеленыя Масквой Менску, ён пахваліў беларускі бок за тое, што «Беларусь вельмі дысцыплінавана ў фінансавым сэнсе выконвае свае абавязаньні».

Разам з тым прэзыдэнт Расеі адзначыў:

«Ведаю, што ў нас бываюць і шурпатасьці, бываюць і праблемы, але так, як гэта і належыць паміж сябрамі, спадзяюся, што гэтыя праблемы будуць вырашацца так, як яны вырашаліся, і далей».

Гаворачы пра супрацоўніцтва Масквы і Менску «ў сфэры міжнародных адносін», Пуцін сказаў:

«Для нас Беларусь зьяўляецца найважнейшым стратэгічным партнэрам, саюзьнікам, і для мяне вельмі важна зьверыць гадзіньнік з прэзыдэнтам Беларусі і па гэтых пытаньнях, уключаючы і пытаньні, дарэчы кажучы, інтэграцыі на постсавецкай прасторы».

«Мы ўжо пракаціліся па трасах сочынскіх: для мяне гэта родны дом»

Пазьней кіраўнікі дзьвюх краінаў зрабілі невялікі перапынак у перамовах і паехалі на гарналыжную трасу, паведамляе расейскае выданьне «Коммерсант». «Дзякуй за тыя трасы, якія былі падрыхтаваныя, <...>. Мы ўжо пракаціліся па трасах сочынскіх: для мяне гэта родны дом», — адзначыў Аляксандар Лукашэнка.

Дзьмітры Пяскоў, архіўнае фота
Дзьмітры Пяскоў, архіўнае фота

Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў казаў, як перадае РИА Новости, што сустрэча Пуціна і Лукашэнкі будзе цягнуцца цэлы дзень 13 лютага, працягнецца 14-га і 15-га.

«Большую частку часу прэзыдэнты будуць размаўляць удвох, прыцягваючы да размовы па меры неабходнасьці профільных куратараў, — казаў Пяскоў апоўдні. — Размовы плянуюцца фактычна на цэлы дзень, пры гэтым мы ўжо анансавалі, што яны не абмяжуюцца адным днём. Ужо заплянавана, што, так ці інакш, кантакты будуць працягвацца паміж Пуціным і Лукашэнкам заўтра і нават пасьлязаўтра».

Паводле Пяскова, заплянаваная таксама кароткая нарада з удзелам міністраў фінансаў і эканомікі Расеі, расейскага віцэ-прэм’ера Дзьмітрыя Козака і памочніка Пуціна Юрыя Ўшакова, а таксама амбасадара Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча.

У апошні дзень студзеня адбылася тэлефонная размова Лукашэнкі з Пуціным. Гаворка ішла пра наданьне большай эфэктыўнасьці працы міжурадавай групы дзеля «паглыбленьня інтэграцыі». Тады яны дамовіліся «найбліжэйшым часам» правесьці сустрэчу і абмеркаваць рэалізацыю дамоўленасьцяў, дасягнутых у канцы мінулага году.

Галоўнай праблемай у беларуска-расейскіх дачыненьнях застаецца падзеньне даходаў беларускага бюджэту праз расейскі падатковы манэўр у нафтавай сфэры. Менск налічыў каля 15 млрд даляраў стратаў і цяпер разьлічвае на кампэнсацыю. Масква ставіць прэфэрэнцыі ў залежнасьць ад ступені інтэграцыі дзяржаў.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG