Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарбачоў абвінаваціў ЗША ў імкненьні «атрымаць абсалютную ваенную перавагу»


Міхаіл Гарбачоў. Архіўнае фота. 2017 год.
Міхаіл Гарбачоў. Архіўнае фота. 2017 год.

Выхад ЗША і Расеі з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (РСМД) прывядзе да дэстабілізацыі сусьветнай стратэгічнай сытуацыі, новай гонцы ўзбраеньняў, усё большай хаатычнасьці і непрадказальнасьці сусьветнай палітыкі. Пра гэта ў сваёй калёнцы ў расейскай газэце «Ведомости» заявіў былы прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў.

Менавіта Гарбачоў у 1987 годзе разам з прэзыдэнтам ЗША Рональдам Рэйганам падпісваў дамову РСМД. Аднак цяпер, на яго думку, над сьветам навісла пагроза — з прычыны жаданьня Злучаных Штатаў «дыктаваць сьвету сваю волю», паведамляе «Голас Амэрыкі».

Ва ўсім вінаватыя ЗША?

Гарбачоў усумніўся, што Вашынгтон выходзіць з дамовы праз парушэньні з боку Расеі. Як лічыць экс-прэзыдэнт СССР, «за рашэньнем ЗША аб выхадзе з дамовы стаяць ня тыя прычыны, на якія спасылаюцца амэрыканскія лідэры, а зусім іншае: імкненьне ЗША вызваліцца ад любых абмежаваньняў у сфэры ўзбраеньняў, атрымаць абсалютная ваенную перавагу».

Гарбачоў адзначыў, што краіна, якая адмаўляецца ад дамовы РСМД, павінна паказаць, якія менавіта «выключныя абставіны» вымусілі яе пайсьці на гэта.

«Ці заявілі ЗША аб такой пагрозе сусьветнай супольнасьці, грамадзкасьці, Радзе бясьпекі ААН... Не, гэтага не было зроблена, — заявіў Гарбачоў. — Замест гэтага выказваюцца прэтэнзіі да Расеі з нагоды меркаваных парушэньняў, у якіх нялёгка разабрацца нават дасьведчаным спэцыялістам. І абмеркаваньне гэтых прэтэнзій вядзецца ва ўльтыматыўным тоне».

Былы прэзыдэнт СССР лічыць, што прычынай адсутнасьці дыялёгу паміж Вашынгтонам і Масквой, у тым ліку па праблемах ядзернай зброі, зьяўляецца «вострая ўнутрыпалітычная сытуацыя» у ЗША. «Час пераадолець міжпартыйныя супярэчнасьці і пачаць сур’ёзную гутарку. Упэўнены, што Расея будзе да яе гатовая», — заявіў Гарбачоў, зьвяртаючыся да амэрыканскіх заканадаўцаў.

Пазыцыя ЗША і NATO

1 лютага 2019 года прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб пачатку працэдуры выхаду з дамовы РСМД. Ён абвінаваціў у гэтым Расею, якая, па яго словах, «занадта доўга беспакарана парушала дагавор, таемна распрацоўваючы і разгортваючы забароненую ракетную сыстэму, якая ўяўляе сабой наўпроставую пагрозу нашым саюзьнікам і войскам за мяжой». Гаворка ідзе аб расейскіх крылатых ракетах 9М729 «Наватар». Расея адмаўляе, што яны парушаюць дамову, і ў адказ заяўляе пра парушэньні з боку ЗША.

2 лютага Масква прыпыніла свой удзел у дамове РСМД. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін пры гэтым запатрабаваў ад кіраўнікоў Міністэрства абароны і МЗС не ініцыяваць новыя перамовы па раззбраеньні. «Пачакаем, пакуль нашы партнэры сасьпеюць для таго, каб весьці з намі раўнапраўны, зьмястоўны дыялёг па гэтай найважнейшай тэматыцы», — заявіў Пуцін.

У NATO абвінавачваньні Крамля лічаць беспадстаўнымі. «Вашынгтон гатовы адклікаць сваё рашэньне аб прыпыненьні ўдзелу ў дамове на працягу шасьці месяцаў, калі Масква зноў будзе выконваць пагадненьне, зьнішчыўшы ракеты. Але мяне засмучае тое, што прэзыдэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што больш ня хоча арыентавацца на дыпляматыю », — заявіла напярэдадні ў інтэрвію нямецкаму выданьню Süddeutsche Zeitung намесьнік генэральнага сакратара NATO Роўз Гетэемюлер.

Што важна ведаць пра дамову аб ліквідацыі РСМД

ЗША 2 лютага пачалі выходзіць з Дамовы аб ліквідацыі РСМД. У адказ на гэта Ўладзімір Пуцін 2 лютага заявіў, што Расея прыпыняе ўдзел у дамове.

  • Вашынгтон сьцьвярджае, што Масква парушыла дамову аб РСМД, стварыўшы і разгарнуўшы ракетную сыстэму 9М729. Цяпер Расея валодае 100 такімі ракетамі.
  • Масква абвяргае ўсе абвінавачаньні, заяўляючы, што далёкасьць палёту ракеты 9М729 складае 480 кілямэтраў, што на 20 кілямэтраў менш за ніжнюю мяжу, вызначаную дамовай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG