Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паляцеў у Сочы за дзень да сустрэчы з Пуціным

абноўлена

Самалёт Аляксандра Лукашэнкі, архіўнае фота
Самалёт Аляксандра Лукашэнкі, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка вылецеў зь менскага аэрапорту ў расейскі Сочы ўвечары 12 лютага, піша БелТА.

Абноўлена: А 21:25 БелТА паведаміла, што самалёт Лукашэнкі сеў у Сочы. Аляксандра Лукашэнку сустрэлі расейскі амбасадар у Беларусі і беларускі амбасадар у Расеі, кіраўнік Сочы і віцэ-губэрнатар Краснадарскага краю.

Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у Сочы, вечар 12 лютага
Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у Сочы, вечар 12 лютага

Чаму Лукашэнка выправіўся загадзя, не ўдакладняецца. Першая сустрэча з Уладзімірам Пуціным заплянаваная толькі на наступны дзень, 13 лютага (час пачатку сустрэчы не анансаваўся).

На 15 лютага анансаваная другая сустрэча Лукашэнкі і Пуціна — з удзелам міністраў, адказных за адукацыю, культуру і спорт. Абедзьве сустрэчы былі анансаваныя спачатку расейскім бокам, затым пацьверджаныя беларускім.

Што будзе паміж гэтымі сустрэчамі, не ўдакладнялася. Невядома, ці вернецца Лукашэнка ў Беларусь на адзін дзень, ці правядзе Дзень сьвятога Валянціна ў расейскім курортным горадзе.

Тым часам парлямэнцкая дэлегацыя на чале са старшынём Савету Рэспублікі Міхаілам Мясьніковічам 11–14 лютага знаходзіцца з афіцыйным візытам у Польшчы. Заплянаваныя, у прыватнасьці, перамовы з прэзыдэнтам Анджэем Дудам.

У апошні дзень студзеня адбылася тэлефонная размова Лукашэнкі з Пуціным. Гаворка ішла пра наданьне большай эфэктыўнасьці працы міжурадавай групы дзеля «паглыбленьня інтэграцыі». Тады яны дамовіліся «найбліжэйшым часам» правесьці сустрэчу і абмеркаваць рэалізацыю дамоўленасьцяў, дасягнутых у канцы мінулага году.

Галоўнай праблемай у беларуска-расейскіх дачыненьнях застаецца падзеньне даходаў беларускага бюджэту праз расейскі падатковы манэўр у нафтавай сфэры. Менск налічыў каля 15 млрд даляраў стратаў і цяпер разьлічвае на кампэнсацыю. Масква ставіць прэфэрэнцыі ў залежнасьць ад ступені інтэграцыі дзяржаў.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG