Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея абвінаваціла Беларусь у зрыве перамоваў аб скасаваньні платы за роўмінг


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларусь і Расея зноў не дамовіліся скасаваць дадатковую плату за тэлефанаваньні між краінамі.

Як перадае «Інтэрфакс», расейскі міністар сувязі зьвінаваціў беларускі бок у нежаданьні скасаваць плату за роўмінг.

Міністар сувязі Расеі Канстанцін Наскоў заявіў, што ягонае ведамства гатовае перавесьці перамовы аб роўмінгу на ўзровень прэм’ер-міністраў або нават прэзыдэнтаў (Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін якраз праводзяць трохдзённыя перамовы ў Сочы). Ён сьцьвярджае, што беларускі бок скарэктаваў расейскі плян так, што цэны на роўмінг толькі зьнізіліся б на 25–30%, але не да нуля. На ўзроўні міністраў, кажа Наскоў, «дамовіцца ня можам».

Дамовіцца аб тым, каб прыём тэлефанаваньняў з Расеі ў Беларусі і ў Беларусі з Расеі быў бясплатным, не ўдалося, хоць Беларусь і Расея ўжо шмат гадоў плянуюць гэта.

На люты 2019 году быў заплянаваны першы этап скасаваньня платы за роўмінг. Гэты этап прадугледжваў усталяваньне роўных тарыфаў на пропуск трафіку, затым на другім этапе — у траўні 2019-га — тарыфы для абанэнтаў на роўмінг мелі б зьнізіцца. У кастрычніку 2018 году меркавалася, што плата за роўмінг будзе скасаваная цягам году або паўтарох гадоў.

Наскоў раней адзначаў, што тарыф на пропуск трафіку ў сетках апэратараў сувязі самы дарагі ў СНД і складае каля 30 цэнтаў за хвіліну, тады як у Расеі гэты тарыф вагаецца ад 14 да 19 цэнтаў. Ён прадказваў страты ў мільярды расейскіх рублёў для кожнага расейскага апэратара, калі роўмінг скасуюць без выроўніваньня гэтых тарыфаў.

Апэратыўна зьвязацца з прадстаўнікамі беларускага Міністэрства сувязі не ўдалося.

Тым часам у Эўразьвязе плата за роўмінг скасаваная — яшчэ летам 2017 году краіны Эўразьвязу дамовіліся, што тэлефанаваньні і SMS у межах адной краіны маюць адбывацца па «хатніх» тарыфах для ўладальнікаў любой эўрапейскай сім-карты. Зьніжэньне тарыфаў адбывалася паэтапна ад 2007 году.

У Расеі пакуль — да 1 ліпеня — існуе ўнутраны роўмінг між рэгіёнамі: у адрозьненьне ад Беларусі, там могуць рабіць асобныя тарыфы для «хатняй» вобласьці і асобныя для астатніх. То значыць, патэлефанаваць са Смаленску ў Сыбір адчувальна даражэй, чым са Смаленску ў Бранск. Але ад 1 ліпеня плата за ўнутраны роўмінг будзе скасаваная.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG