Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Матолька ініцыяваў пэтыцыю супраць незамоўленых платных паслуг мабільных апэратараў


Ілюстрацыйнае фота

На сайце Petitiions.by распачаўся збор подпісаў за ўрэгуляваньне ўмоў падпіскі на забаўляльныя парталы і іншыя платныя паслугі мабільных апэратараў. Зварот апублікаваў менскі блогер Антон Матолька.

У пэтыцыі згадваюцца розныя выпадкі, калі абанэнты высьвятлялі, што яны падпісаныя на платныя сэрвісы, на якія не зьбіраліся падпісвацца.

Так, адзін абанэнт life:) расказваў, што атрымаў платную падпіску на эратычны канал, але міліцыя выявіла, што ён сам «падпісаўся» на паслугу, націснуўшы на адным з сайтаў кнопку «глядзець» (бяз згадкі пра тое, што «глядзець» каштуе дадатковых 1,4 рубля на тыдзень за мабільную сувязь). Іншы абанэнт МТС — што нават пасьля таго, як яму дадалі паслугу «адмова ад інтэрнэт-падпіскі», у яго зьявіліся новыя непажаданыя платныя паслугі «Гульні» за 20 капеек на дзень.

Калі абанэнт «падпісваецца» на нейкія падобныя платныя паслугі, то атрымлівае SMS з паведамленьнем пра падпіску і цаной. Але абанэнты наракаюць: з паведамленьняў не заўсёды ясна, што гэта не рэкляма паслугі, а паведамленьне пра ўжо зьдзейсьненую падпіску. Да таго ж абанэнты скардзяцца, што такія паведамленьні могуць прыйсьці і пасярод ночы.

У пэтыцыі згадваецца, што паўтара года таму Міністэрства сувязі прыняла пастанову, паводле якой апэратары абавязаныя даць абанэнту права адмовіцца ад непажаданых SMS-рассылак. Цяпер міністэрства мелася б заняцца тым, што апэратары нярэдка называюць «выпадковымі націсканьнямі» з боку абанэнтаў.

Працэдуру падпіскі на платныя сэрвісы прапануецца зрабіць больш складанай, з абавязковым пацьверджаньнем падпіскі перад тым, як яна будзе актываваная, а таксама зь лістом пра цану падключэньня паслугі і памерам абанэнцкай платы, спосабам адключэньня і копіяй дамовы аб аказаньні паслугі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG