Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе ўвялі нулявую плату за роўмінг. Чаго чакаць беларусам?


Ад 15 чэрвеня ў 28 краінах Эўразьвязу мабільныя апэратары ў межах праграмы «Roam like at home» мусяць амаль скасаваць дадатковую плату за роўмінг — злучэньне з абанэнтамі апэратараў іншых краінаў.

Шэраг краінаў Шэнгенскага пагадненьня, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз (Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія) абяцалі далучыцца да праграмы крыху пазьней.

Як гэта працуе і што значыць «амаль»?

Умоўны жыхар Латвіі з латвійскай SIM-карткай зможа тэлефанаваць па «хатніх» латвійскіх тарыфах хоць у суседняй Эстоніі, хоць у далёкай Партугаліі (і туды, і туды можа ехаць бязь візы). Цэны маюць быць тымі ж «хатнімі» на SMS-паведамленьні і інтэрнэт-трафік, плата за прыём тэлефанаваньняў таксама скасоўваецца. Але тэлефанаваньні з Латвіі ў Эстонію ці Партугалію — ня роўмінг, яны не рэгулююцца новымі правіламі.

Адмова ад даплаты за роўмінг адбывалася паступова: ад папярэдняй дамовы да рэалізацыі прайшло больш за 11 гадоў. Яшчэ ў 2007 годзе цэны на роўмінг у Эўразьвязе былі зьніжаныя на 90%. Паступова пагадненьні і зьніжэньні тарыфаў прывялі да таго, што ў 2016 годзе даплата за хвіліну тэлефанаваньня ў роўмінгу не павінна была быць большай за 5 эўрацэнтаў. Цяпер жа даплаты скасаваныя (за выключэньнем асобных выпадкаў).

У новых правілах прадумалі барацьбу са злоўжываньнямі, каб эўрапейцы не скуплялі SIM-карткі ў краінах, дзе тарыфы найменшыя. Калі чалавек праводзіць за мяжой роднай краіны больш часу, чым дома, цягам 4 месяцаў, апэратары могуць папрасіць абанэнта патлумачыць сытуацыю і нават увесьці дадатковую плату (ня болей за 3,2 эўрацэнта за хвіліну).

Апэратары Эўразьвязу выстаўляюць пэўныя ліміты на інтэрнэт-трафік (якія таксама рэгулююцца і пра якія мусяць загадзя папярэдзіць карыстальніка). Калі ліміты перавышаныя, уводзіцца дадатковая плата. Але і яна невялікая: ня больш за 7,7 эўра плюс падатак за 1 Гб трафіку (да 2022 году зьнізіцца да 2,2 эўра). Тэлефанаваньні і SMS без даплаты безьлімітныя.

Што там у Беларусі, хаця б з Расеяй?

На беларускіх апэратараў эўрапейская праграма не распаўсюджваецца, пляны скасаваньня платы за роўмінг у Эўропе не агучваліся.

Напрыклад, сёньня зь SIM-карткай беларускага апэратара ў Латвіі (цэны адрозьніваюцца для розных краінаў) давядзецца даплочваць за хвіліну тэлефанаваньня ад 99 беларускіх капеек да 1,32 рублі, калі не падключаць дадатковыя паслугі. І даплочваць за атрыманьне тэлефанаваньняў ад 48 да 82,5 капеек. За 1 Мб трафіку давядзецца даплаціць ад 1,5 да 6,9 рубля. Гэта значыць, прагляд кліпу Лявона Вольскага «Маё каханьне» можа каштаваць аж 473 рублі — месячны заробак сярэднестатыстычнага творчага работніка!

Нават з Расеяй, зь якой Беларусь у так званай «Саюзнай дзяржаве» і эканамічным саюзе, плата за роўмінг адчувальная: напрыклад, больш за 1,2 рубля за хвіліну тэлефанаваньняў (хоць апэратары прапануюць за дадатковую плату асаблівыя тарыфы для роўмінгу ў Расеі). Больш за тое, у самой Расеі ёсьць унутраны роўмінг: даплочваць прыйдзецца, напрыклад, уладальніку маскоўскай сімкі ў Сыбіры.

У Эўразійскім эканамічным саюзе (Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея) ужо некалькі гадоў абмяркоўваюць скасаваньне платы за роўмінг, але пакуль прыйшлі толькі да дамовы аб зьніжэньні цэнаў. Так, у 2016 годзе плата за роўмінг у ЭАЭС зьнізілася ў некаторых апэратараў аж у 4 разы, у 2017 годзе таксама плянуецца зьніжэньне тарыфаў. Чыноўнікі краінаў ЭАЭС кажуць, што да 2019-2020 году даплата за роўмінг можа быць амаль скасаваная, але гэта пакуль толькі вусныя заявы.

Як тэлефанаваць таньней?

Калі за мяжой знайсьці злучэньне з Wi-Fi, можна скарыстацца тэлефанаваньнямі празь інтэрнэт (іх у Беларусі ледзь не забаранілі, але пакуль карыстацца можна). Шэраг праграмаў, у тым ліку папулярныя Skype і Viber, прапануюць ня толькі тэлефанаваньні між сваімі карыстальнікамі, але і тэлефанаваньні з праграмы на мабільныя і стацыянарныя нумары.

Так, зь любога месца плянэты праз Viber можна патэлефанаваць на латвійскі тэлефон за 21-36 беларускіх капеек за хвіліну, праз Skype — за 13-37 капеек. Цэны для тэлефанаваньняў на беларускія нумары не настолькі прывабныя, але ўсё роўна не касьмічныя: 94 капейкі праз Viber, 99-103 капейкі праз Skype.

Ды калі дамовіцца з суразмоўцам, каб той усталяваў адпаведную праграму, можна тэлефанаваць і бясплатна праз гэтую праграму, калі ёсьць Wi-Fi. Больш за тое, шэраг праграмаў прапануе аўдыёвыклікі, абароненыя ад праслухоўваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG