Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: за тры дні з Пуціным не абмяркоўвалі ні падатковы манэўр, ні сувэрэнітэт

абноўлена

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка наведваюць адукацыйны цэнтар у Сочы, 15 лютага
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка наведваюць адукацыйны цэнтар у Сочы, 15 лютага

На трэці дзень сустрэчаў з Уладзімірам Пуціным Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не абмяркоўваў з расейскім кіраўніком тэму кампэнсацыі за расейскі падатковы манэўр.

«Мы, па-мойму, нават гэтае слова не прамовілі за гэтыя тры дні», — заявіў Аляксандар Лукашэнка пра абмеркаваньне падатковага манэўру.

Ён адзначыў, што праблема з падатковым манэўрам сапраўды існуе, але яна не найважнейшая ў беларуска-расейскіх стасунках:

«Да падатковага манэўру мы падыдзем, але акрамя падатковага манэўру ў нас яшчэ шмат праблемаў, якія акрамя нас ніхто ня вырашыць. Прынамсі, штуршок да гэтага мы павінны былі даць. І мы гэта робім».

«Сувэрэнітэт гэта сьвятое», але «можам хоць заўтра аб’яднацца»

Таксама Лукашэнка сказаў словы пра важнасьць сувэрэнітэту Беларусі, але БелТА не перадае, на якое пытаньне ён адказаў такім чынам:

«Навошта нам падымаць пытаньні сувэрэнітэту Беларусі і Расеі? Гэта ікона, гэта сьвятое. Няма ў нас праблемы сувэрэнітэту. Мы нават у гэтым кантэксьце не абмяркоўваем гэтыя праблемы».

Лукашэнка, зьвяртаючыся да журналіста, таксама заявіў, што «мы гатовыя настолькі ісьці далёка ў яднаньні-аб’яднаньні нашых высілкаў, дзяржаваў і народаў, наколькі вы гатовыя»:

«Слухайце, мы заўтра можам аб’яднацца, у нас праблемаў няма, — казаў Лукашэнка, верагодна, пра сябе і Пуціна. — Але ці гатовыя вы, расейцы і беларусы, на гэта — пытаньне. Таму гэта вам трэба адрасаваць пытаньне да сябе. Наколькі вы гатовыя, настолькі мы і будзем выконваць вашую волю. А калі не гатовыя, якая б ні была магутная і велізарная Расея, яна сёньня ня ў стане навязаць камусьці волю. Тым больш мы, нам гэта і ня трэба.

На сайце Крамлю разьмешчаная стэнаграма вітальнага слова Ўладзіміра Пуціна, у якім ён кажа аб працягу дыялёгу ў гуманітарнай супрацы. Слова «інтэграцыя» ў прамове не гучала.

Пуціну перамовы спадабаліся

Уладзімір Пуцін, як піша БелТА, застаўся задаволены перамовамі з Лукашэнкам, і заявіў: «Мне здаецца, праца ў нас атрымалася».

Ён адзначыў, што запрасіў Лукашэнку ў Сочы і для перамоваў, і каб даць яму «магчымасьць крыху адпачыць, пакатацца на лыжах па схілах і, можа быць, пагуляць у хакей».

Візыт Лукашэнкі пачаўся 12 лютага — зь невядомых прычынаў ён прыляцеў у Сочы загадзя. 13 лютага пачаліся перамовы з Пуціным, але папярэднія іх вынікі не паведамляліся (перадавалася толькі, што Пуцін пакатаўся на лыжах з Аляксандрам і Мікалаем Лукашэнкамі). 14 лютага пра перамовы Пуціна і Лукашэнкі не паведамлялася — Лукашэнка толькі прысутнічаў на нефармальным чаяваньні з удзелам кіраўнікоў Ірану, Расеі і Турэччыны.

На 15 лютага былі заплянаваныя перамовы, на якіх «будуць абмеркаваныя канкрэтныя прапановы па далейшым паглыбленьні супрацы ў гэтых важных галінах», у якіх возьмуць удзел міністры, адказныя за адукацыю, культуру і спорт.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG