Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коля Лукашэнка: насьледны прынц ці жывы талісман

абноўлена

Аляксандар і Мікалай Лукашэнка на хакейным турніры «Алімпійскія надзеі».
Аляксандар і Мікалай Лукашэнка на хакейным турніры «Алімпійскія надзеі».

Пакуль іншыя дзеці на занятках у школе, у расейскім Сочы 14-гадовы Мікалай Лукашэнка катаецца на лыжах разам з бацькам і Ўладзімірам Пуціным. Якая цяперашняя і будучая роля «галоўнага вучня краіны»? Абмяркоўваюць Ганна Соўсь І Юры Дракахруст.

Сьцісла

  • Зьяўляцца на публіцы з маленькім сынам было адной з парадаў Лукашэнку брытанскага піярніка лорда Бэла.
  • У камуністычных рэжымах перадача ўлады ў спадчыну супярэчыць іх ідэакратычнай прыродзе, Кімы ў КНДР — выключэньне, якое пацьвярджае правіла.
  • Азэрбайджан — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе перадача ўлады ў спадчыну адбылася. Але Гейдар Аліеў не вазіў сына-падлетка з сабой на міжнародныя сустрэчы.
  • Ня выключана, што Лукашэнка зьяўляецца паўсюль з малодшым сынам таму што той для яго — як жывы талісман.
  • Большасьці беларусаў наўрад ці надта падабаецца дэманстрацыя кіраўніком дзяржавы свайго сына.
Мікалай Лукашэнка з усясьветнымі лідэрамі
Мікалай Лукашэнка з усясьветнымі лідэрамі

2007 год. Лукашэнка: малодшага буду рыхтаваць у пераемнікі. Унікальны чалавек»

Юры Дракахруст: У чым фэномэн Колі, Мікалая Лукашэнкі? Ён быў разам з бацькам і на сустрэчы з Папам Рымскім, і ў ААН слухаў прамову бацькі, седзячы побач зь міністрам Уладзімерам Макем, і шмат у якіх краінах бываў разам з Аляксандрам Лукашэнкам.

2015 год. Мікалай і Аляксандар Лукашэнкі з Баракам і Мішэль Абама падчас сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН.
2015 год. Мікалай і Аляксандар Лукашэнкі з Баракам і Мішэль Абама падчас сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН.

Вось і зараз у расейскім Сочы Мікалай катаецца на лыжах разам з бацькам і Ўладзімірам Пуціным. А нашто гэта Лукашэнку-старэйшаму? Ці гэта намёк на пераемства, «прынц-спадкаемца», так бы мовіць? Але «прынц» — яшчэ падлетак, а ўвогуле гэта пачалося ажно тады, калі ён быў дзіцём. Навошта гэта?

Мікалай Лукашэнка і міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей на сэсіі генэральнай асамблеі ААН, 28 верасьня 2015
Мікалай Лукашэнка і міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей на сэсіі генэральнай асамблеі ААН, 28 верасьня 2015

Ганна Соўсь: Нагадаю, што самая першая згадка пра Колю была калі яму было тры гады, яшчэ ніхто яго нават не бачыў. І першае, што Аляксандар Лукашэнка сказаў, што гэта — мой трэці, самы малодшы, ён якраз будзе прэзыдэнтам: «...самага малодшага буду рыхтаваць у пераемнікі. Унікальны чалавек. Можа, мы не дачакаемся, але іншыя пакаленьні беларусаў дачакаюцца».

Тады людзі пасьмяяліся, сур’ёзна не ўспрынялі. Але ўсё тое, што адбываецца ўсе гэтыя гады, сьведчыць якраз, што яго паступова, мэтанакіравана робяць прынцам-спадкаемцам.

Вельмі важна яшчэ нагадаць, што публічнае зьяўленьне Мікалая Лукашэнкі разам з бацькам была таксама і парадай брытанскага піяршчыка Аляксандра Лукашэнкі лорда Цімаці Бэла перад чарговымі выбарамі. Гэта была парада ачалавечыць, «уцяпліць» вобраз, зрабіць яго больш блізкім звычайным людзям. Вось бацька, які так апантана любіць свайго сына.

Мікалай Лукашэнка на «Менскай лыжні-2019»
Мікалай Лукашэнка на «Менскай лыжні-2019»

Ня ведаю, ці была дасягнутая тая мэта ачалавечваньня, але што людзі за ўсе гэтыя гады прызвычаіліся да такой сталай прысутнасьці малодшага сына прэзыдэнта — гэта дакладна. Гэта ўспрымаецца як дадзенасьць. Што нязьменны Лукашэнка, што нязьменны Коля зь ім, толькі што ўсё вышэйшы з кожным годам. І ўжо ў школе на былых палітінфармацыях, а цяпер дадатковых занятках, вывучаюць посьпехі Мікалая Лукашэнкі ў хакеі. Таксама гэтую думку нават паступова праводзяць у школьную праграму.

Юры, часам кажуць, што Лукашэнка — адэпт савецкага Саюзу. Мы з вамі жылі ў Савецкім Саюзе, памятаем гісторыю — ну не было такога, і жонак лідэраў зрэдку можна было пабачыць, не тое каб дзяцей.

Сыны і дочкі дыктатараў. Розныя лёсы і розная публічнасьць

Юры Дракахруст: Так, я б сказаў, не проста не было так, як зараз у Беларусі, а было падкрэсьлена наадварот. Савецкі Саюз быў аднапартыйнай дыктатурай, гэта была ідэакратычная дзяржава, гэта была дзяржава ідэялёгіі, а не дзяржава асобы. І многія людзі, якія вайну прайшлі, памятаюць чутку-не чутку, показку, што Сталіну прапанавалі абмяняць сына, які трапіў у нямецкі палон, на фэльдмаршала Паўлюса, і Сталін нібыта адказаў: «Я фэльдмаршалаў на салдатаў не мяняю». Ці такі быў адказ — невядома. Але абмен і сапраўды не адбыўся.

2013 год. На параде 3 ліпеня ў Менску.
2013 год. На параде 3 ліпеня ў Менску.

І ва ўсе савецкія гады, і пры Хрушчове, і пры Брэжневе, сям’я лідэра, асабліва дзеці, увогуле нідзе не зьяўляліся. Гэта хутчэй хавалася. Ну так, пры Хрушчове быў такі вершык: «Не имей сто рублей, а женись как Аджубей». Рэдактар «Известий» — Аляксей Аджубей — быў жанаты на дачцэ Хрушчова, але ні пра якія уладныя пэрспэктывы дзяцей кіраўнікоў не было нават цені намёку.

Так, ужо ў апошнія гады Савецкага Саюзу сямейнасьць усё больш і больш разьвівалася, напрыклад, зяць Брэжнева Чурбанаў стаў намесьнікам міністрам унутраных спраў СССР, але ў прынцыпе гэта не віталася. Гэта хутчэй адмоўна ацэньвалася ўсёй партыйнай лініяй.

Ганна Соўсь: Вы згадалі пра старэйшага сына Сталіна — Якава. Я б згадала пра яго малодшага сына Васілія. Зь ім асабліва Сталін не зьяўляўся на публіцы, але вялікія ў яго былі і пагоны, і пасады, і магчымасьці, і гэта вельмі разбэсьціла яго, і далейшы яго лёс быў вельмі трагічна склаўся.

Ну і фактычна лёсы дзяцей многіх дыктатараў, калі бацькі сыходзяць. Гэта можна сказаць і пра больш сучасных дыктатараў — прынамсі, пра дачок Іслама Карымава. Яны мелі вельмі шмат магчымасьцяў, велізарнае багацьце, а са сьмерцю бацькі іх лёс вельмі рэзка зьмяніўся.

Дракахруст: Атрымалася так: узбэцкія дысідэнты выходзяць з турмы, а Гульнара Карымава садзіцца ў яе.

Прэзыдэнт Узбэкістану Іслам Карымаў з дачкой Гульнарай
Прэзыдэнт Узбэкістану Іслам Карымаў з дачкой Гульнарай

​Ганна Соўсь: Пра гэта, напэўна, варта памятаць усім аўтарытарным кіраўнікам, якія любяць сваіх сыноў і вельмі прасоўваюць іх. Дарэчы, іншы прыклад у сувязі з тым, як насьледуецца ўлада, якое стаўленьне да дзяцей: гэта Паўночная Карэя, трэці Кім краінай кіруе.

Юры Дракахруст: Ну так, але я б сказаў, што гэта хутчэй выключэньне, якое пацьвярджае правіла. Так, сапраўды трэці Кім кіруе, і можа і чацьверты будзе, але варта ўлічваць, што ступень рэпрэсіўнасьці, ступень таталітарнасьці Паўночнай Карэі абсалютна беспрэцэдэнтная.

Лідэр КНДР Кім ІР Сэн сустракаецца зь першым сакратаром ЦК КПБ Мікалаем Сьлюньковым у Менску
Лідэр КНДР Кім ІР Сэн сустракаецца зь першым сакратаром ЦК КПБ Мікалаем Сьлюньковым у Менску

І ў гэтым сэнсе калі нават браць рэгіён, умоўна кажучы, Кітай, Віетнам — таксама краіны не дэмакратычныя, але там ізноў жа і блізка нічога няма такога, каб дзецям лідэраў перадаваць уладу, увесь час дэманстраваць іх публіцы.

Дзяцей Пуціна нават біяграфіі хаваюць

Ганна Соўсь: Не паказвае сваіх дзяцей і Ўладзімір Пуцін.

Юры Дракахруст: Так. Пры гэтым Расея таксама не дэмакратыя, але дзяцей Пуціна, іх біяграфіі нават хаваюць. І ўжо тым больш не робяцца намёкі, што, маўляў, вось расейская прынцэса, спадчыніца Крамля.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і ягоны сын Коля ў Сочы
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і ягоны сын Коля ў Сочы

Ганна Соўсь: Як вы мяркуеце, што можа думаць Уладзімір Пуцін, калі зараз яны ўсе разам на лыжах? Вось мы бачылі фотаздымак: Аляксандар Лукашэнка, Мікалай Лукашэнка і ён. Пуціна дочкі невядома дзе, публічна не публікаваліся фота, дзе яны б з бацькам на лыжах каталіся. Што ён мог сказаць Лукашэнку? Што мог падумаць?

Юры Дракахруст: Пуцін у гэтым сэнсе чалавек пэўных правілаў. Мы ведаем, адкуль ён паходзіць, зь якіх органаў. І для яго гэта, зразумела, адхіленьне ад правілаў — так не паводзяць сябе. Але мяркую, што ён пра сябе думае: ну што ж, вось у чалавека такая фантазія. Ну хочацца яму так — хай сабе. Мне-та што? Хоць, напэўна, такая ўнутраная ўсьмешка ёсьць: ну такі чалавек.

Я, дарэчы, не ўпэўнены, што тут у Лукашэнкі ў гэтай вечнай прысутнасьці Колі чыста палітычны разьлік, што гэта дэманстрацыя, што Коля — насьледны прынц. Не выключана, што тая парада лорда Бэла ўжо пераасэнсавалася, і для Лукашэнкі-старэйшага гэты хлопчык, ужо юнак — гэта як бы такі жывы талісман. Талісман, што яму будзе шанцаваць, што ён будзе ў сядле.

І яшчэ — напамін, што ёсьць, прынамсі, адзін чалавек у сьвеце, які яго шчыра любіць. Я памятаю колішняе інтэрвію Лукашэнкі Каравулаву, калі ён распавёў, як часам раніцай у Драздах гуляе ў хакей. На пытаньне Каравулава, зь кім, адказаў: «Сам з сабой, часам з сабакам». Магчыма, гэты чалавек вельмі самотны. І Коля побач — кампэнсацыя гэтай самоты.

Я, дарэчы, паглядзеў у інтэрнэце, пагаварыў у азэрбайджанскімі калегамі пра тое, як было там. На постсавецкай прасторы Азэрбайджан — гэта адзіная краіна, дзе гэтая перадача ўлады ў спадчыну адбылася, ад Гейдара да Ільхама. Я пацікавіўся, ці вазіў Гэйдар Ільхама, як Лукашэнка Колю?

Прэзыдэнт Азэрбайджану Гейдар Аліеў з сынам Ільхамам (справа) і яго жонкай Мэхрыбан
Прэзыдэнт Азэрбайджану Гейдар Аліеў з сынам Ільхамам (справа) і яго жонкай Мэхрыбан

Кажуць, не. Ільхама прасоўваў бацька на розныя пасады, але каб Гейдар Аліеў вазіў сына ў Вашынгтон, Брусэль ці Маскву — не, такога не было. Праўда, Ільхам у апошнія гады кіраваньня Гейдара быў ужо дарослы. І да таго ж, як кажуць, плэйбой — дарагія кабакі і машыны, казыно, дзяўчаты, кола «залатой моладзі». Магчыма, Гейдар вырашыў, што такога сына не варта лішні раз паказваць публіцы.

Галоўны вучань краіны

Ганна Соўсь: У Аляксандра Лукашэнкі, як выглядае, вельмі адрознае стаўленьне да малодшага сына ў параўнаньні зь іншымі. Калі ён крытыкаваў канцэпцыю закону аб барацьбе з хатнім гвалтам, ён сказаў, што даставалася і старэйшаму, і сярэдняму, але малодшага ён ніколі ня біў. І бачна, што з малодшым сынам ён займаецца фактычна ўсім — урокі нават робяць разам.

Паколькі Коля цяпер, так бы мовіць, галоўны вучань краіны, то ўся сыстэма беларускай адукацыі, нават расклад, калі прыходзіць у школу, залежыць ад таго, як прачнецца Коля, і ці падабаецца яму біялёгія.

Я не выключаю, што нават вось гэтае замоўчваньне ў першыя дні трагедыі ў Стоўпцах зьвязанае з тым, што Аляксандар Лукашэнка не хацеў, каб Коля нэрваваўся, каб гэтая інфармацыя неяк на яго адмоўна паўплывала.

Юры Дракахруст: Ганна, а паводле вашых ведаў, досьведу — а як народ да гэтага ставіцца? Прычым я маю на ўвазе не апазыцыю, не адукаванае сталічнае асяродзьдзе, а звычайны беларускі люд з пэўнымі культурнымі ўяўленьнямі пра дзяржаву, пра ўладу. Ці так ужо яны радуюцца наяўнасьці гэтага «прынца»? Пры тым, што яны могуць падтрымліваць дзейнага прэзыдэнта, але ці такая дэманстрацыя ім падабаецца?

Ганна Соўсь: Я думаю, тут спэктар рэакцый, самых розных — ад іранічнай, злоснай, да можа нават і спачуваньня, што ня мае школьнага нармальнага жыцьця хлопчык. З другога боку, можа быць, і зайздрасьць, бо не кожны мае магчымасьць мець індывідуальныя ўрокі на раялі, вывучаць кітайскую мову з рэпэтытарам. І бачна, што Колю навучаюць найлепшыя рэпэтытары і настаўнікі.

Які вобраз Колі стварае прапаганда

Юры Дракахруст: Тут ёсьць больш складаная, на мой погляд, праблема. У нас часам манархія — гэта кшталту лаянкі: вось Лукашэнка ўсю ўладу забраў, дык зладзіў манархію. Насамрэч гістарычна спадчынная манархія — гэта даволі складаная штука. Ідэя манархіі — гэта ідэя Боскай, а не народнай, легітымацыі, гэта ідэя сьвятой крыві, якая перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне. Сам Аляксандар Лукашэнка — харызматычны чалавек, ён змагаўся за ўладу і ў 1994 годзе, і пазьней. А чаму краінай будзе кіраваць чалавек яго крыві, які ні за якую ўладу не змагаўся? Наколькі гэта ўпісваецца ў беларускую культурную, гістарычную традыцыю?

Ганна Соўсь: Я найперш скажу, як прапаганда спрабуе выбудаваць гэты вобраз. Вось мы бачылі некалькі гадоў таму, што Коля нібыта езьдзіў у пляцкартным вагоне. Паказваюць, што ён звычайны хлопчык, такі, як усе, з народам у пляцкарце едзе. Потым ён прыяжджае кожны год да пэнсіянэраў, нешта ім дорыць (з чаго, зь якіх грошай?).

Інтэрвію Мікалая Лукашэнкі расейскаму журналісту, 25 сьнежня 2016
Інтэрвію Мікалая Лукашэнкі расейскаму журналісту, 25 сьнежня 2016

Такі рознабаковы вобраз Колі будуецца. Спартовага хлопчыка. Потым на яго накладаюцца густы бацькі, калі, напрыклад, Аляксандар Лукашэнка на розных спартовых мерапрыемствах сядзіць у атачэньні дзяўчын са службы пратаколу. І можна заўважыць, што Коля таксама сядзіць побач паміж, вельмі часта, дзьвюх дзяўчын. Гэтак, напэўна, служба эскорту рыхтуе для яго суразмоўніц. Я думаю, што і нейкі конкурс паміж імі ёсьць — якую пасадзяць побач з Колем Лукашэнкам.

Рэальнага жыцьця, якім ён жыве, натуральна, мы ня ведаем, але бачылі некаторыя дэталі з афіцыйнай хронікі, калі, напрыклад, ён указваў, як станавіцца старэйшым братам — Віктару і Дзьмітрыю. Было бачна, што гэта ўжо хлопец, які ўмее кіраваць і ўказваць.
Як рэагуюць на гэта людзі? Паўтаруся, спэктар ацэнак шырокі, і я ня думаю, што пераважаць станоўчыя рэакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG