Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра Колю, пяцібальную сыстэму, міліцэйскі ўлік і мову. Топ цытатаў Лукашэнкі з пэднарады


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка бярэ ўдзел у рэспубліканскай пэдагагічнай нарадзе, прысьвечанай чарговаму навучальнаму году.

Як паведамляюць афіцыйныя СМІ, у сваім выступе ён запатрабаваў «пастаяннага ўдасканальваньня ў сыстэме адукацыі»

Перад пачаткам паседжаньня Лукашэнку правялі па выставе новых падручнікаў, выдадзеных да 2017-2018 навучальнага году. На стэндзе выстаўлены навучальныя праграмы па беларускай і расейскай мовах і літаратуры, замежных мовах, усясьветнай гісторыі, гісторыі Беларусі, матэматыцы, інфарматыцы, чарчэньні, працоўным навучаньні, грамадазнаўстве, фізыцы, хіміі, біялёгіі.

Лукашэнка навацыі ўхваліў, але заўважыў, што праграмы «павінна ўдасканальвацца практычна кожны год».

Выступаючы перад удзельнікамі пэднарады — у Менску сабралася блізу тысячы дэлегатаў — Лукашэнка зрабіў шэраг заяваў.

Расейская мова такая ж родная, як і беларуская

«Расейская мова — гэта наша родная мова. Ну, можа быць, крыху менш родная, чым беларуская. А наогул я іх стаўлю на роўныя ўзроўні і лічу, што ад гэтай спадчыны нам ні ў якім разе адмаўляцца нельга».

Ламаць існую сыстэму адукацыі ня варта

«Вы ведаеце мае падыходы да пераўтварэньня, удасканаленьня, дзесьці рэфармаваньня сыстэмы нашай адукацыі. Сутнасьць гэтых падыходаў у тым, што я катэгарычна супраць нейкай ломкі, нават рэфармаваньня ў поўным сэнсе гэтага слова».

Непрымальна вучыць карыстацца гатовым наборам ведаў

«Сёньня часьцяком школьнікаў і студэнтаў вучаць карыстацца толькі гатовым наборам ведаў. Вучні перастаюць аналізаваць, разважаць. Без інтэрнэту многія ўжо не здольныя лягічна сфармуляваць думку, выказаць сваё меркаваньне».

Галоўныя прынцыпы беларускай адукацыі

«Нас чакае вялікая праца ў разьвіцьці чалавечага патэнцыялу. Таму неабходна аб’ектыўна, без эмоцый даць ацэнку вынікам разьвіцьця ўсіх зьвёнаў нацыянальнай адукацыі, намеціць пэрспэктывы яе ўдасканаленьня. Вядома, ужо шмат зроблена ў гэтым кірунку».

Прышчапляць гонар за Беларусь

«Зь дзіцячага садка, зь першай клясы школы трэба прышчапляць гонар за сваю краіну. У гэтым павінны ўдзельнічаць ўсе — і ўлада, і школа, і сям’я. Вельмі важна выхаваць асобу маральную, навучыць моладзь адрозьніваць праўду ад хлусьні. Наша задача — даць пакаленьню такія арыенціры, якія дапамогуць кожнаму стаць сапраўдным патрыётам і грамадзянінам. Беларусь сёньня — гэта мір і спакой. Трэба дзяцей навучыць шанаваць гэта».

Настаўнік мусіць выхоўваць дзяцей

«Ці вырашаныя пытаньні, якія перашкаджалі пэдагогу ўкладаць душу ў сваіх выхаванцаў? Было шмат нараканьняў на высокую загружанасьць настаўнікаў неўласьцівымі функцыямі. Міністэрства запэўніла: прыняты вычарпальны пералік школьнай дакумэнтацыі, пытаньне залішняй нагрузкі зьнята. Аднак мне дакладваюць, што выкладчыкі па-ранейшаму скардзяцца на гэтую праблему. Галоўная задача настаўніка — вучыць і выхоўваць дзяцей, а не займацца паператворчасьцю».

Коля пра пяцібальную сыстэму

Лукашэнка сказаў, што ідэю вярнуць савецкую пяцібальную сыстэму ацэнкі ведаў скрытыкаваў ягоны сын Мікалай. «Я яму кажу: пачытай пра пяцібальную сыстэму, дыскусія ідзе. А ён мне: ты ўжо зь дзявятай гадзіны прымусіў усіх заняткі пачынаць, табе яшчэ і пяцібальную сыстэму давай». Паводле Лукашэнкі, «гэтае пытаньне ня мае крытычнай масы, каб прымаць нейкія рашэньні».

Лукашэнка стаяў на міліцэйскім уліку

«Я быў цяжкім вучнем. Прызнаюся: у дзіцячым пакоі міліцыі на ўліку стаяў у пераходным узросьце. І калі прыходзіла жанчына, капітан міліцыі, мне пальцам трэсла — у мяне сэрца ў пяты ўцякала. Хоць я быў нахабістым хлопцам. Гэта значыць, дзесьці міліцыю трэба падключыць, каб дырэктару і настаўніку дапамагчы. Таму што ў школе вольніцы шмат».

Папрасіў Шуневіча дапамагчы навесьці дысцыпліну

«Дысцыпліна ў школе не хапае. Трэба, Ігар Анатольевіч Шуневіч, падумаць і ў сваёй частцы папрацаваць зь некаторымі вучнямі. Дзесьці нам трэба і міліцыю падключыць, каб дырэктару школы, настаўніку, кляснаму кіраўніку дапамагчы».

Пра дэструктыўную інфармацыю

«Нам трэба зьвярнуць на гэта ўвагу. І праваахоўныя органы, і ня толькі. Мы цяпер рыхтуем шэраг законапраектаў, накіраваных менавіта на гэта. Ня ў тым, каб дзесьці закрыць інтэрнэт, нейкія нават сайты і рэсурсы „пятай калёны“. Не, няхай пішуць. Людзі разьбяруцца. Але вось гэты дэструктыў — суіцыды і іншае... Расейцы ўжо прынялі шэраг рашэньняў. Спахапіліся, але вельмі позна. Вось нам бы гэты момант ня выпусьціць. Трэба вельмі жорстка ў гэтым пляне паступіць».

Тры гады, каб атрымаць вышэйшую адукацыю

«Ну навошта пяць гадоў вучыць? Я па сабе ведаю, што там (у ВНУ) пяць гадоў рабіць няма чаго. За тры гады можна дашліфаваць чалавека, калі праз тэхнікумы і каледжы, або прафтэхвучэльні, дзе ён ужо папрацаваў на вытворчасьці».

Урокі ў школах павінны пачынацца з 9 раніцы

«Пытаюся ў свайго: „Слухай, ну як на першым уроку?“ — „Так, тата, нічога, усе сьпяць, і я там прыкархну трошкі“. — „Ну, слухай, ты ж сын прэзыдэнта, нельга там“. — „Спаць хачу!“ Бязладзьдзе ў школе. У элемэнтарных рэчах».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG