Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка выказаўся супраць закону аб хатнім гвалце. І расказаў, каго біў са сваіх дзяцей


Сям’я Лукашэнкаў на суботніку: Мікалай, Аляксандар, Віктар і Дзьмітры, архіўнае фота
Сям’я Лукашэнкаў на суботніку: Мікалай, Аляксандар, Віктар і Дзьмітры, архіўнае фота

Што ня так у законапраекце, распрацаваным Міністэрствам унутраных справаў, Лукашэнка не растлумачыў.

Аляксандар Лукашэнка 5 кастрычніка выказаўся рэзка супраць законапраекту «Аб процідзеяньні хатняму гвалту», піша БелТА.

«Там на Захадзе мужык з мужыком жэніцца!» — Лукашэнка пра тое, чаму яму не падабаецца законапраект

«Усё гэта дурасьць, узятая перш за ўсё з Захаду, — казаў Лукашэнка. — Вы можаце не перажываць, і народ хай не хвалюецца — мы будзем зыходзіць выключна з уласных інтарэсаў, нашых беларускіх, славянскіх традыцыяў і нашага жыцьцёвага досьведу».

Ён абурыўся тым, што выкарыстоўваецца «модная на захадзе фармулёўка», бо «ў іх хутка сем'яў ня будзе: мужык з мужыком жэніцца або замуж выходзіць, дзяцей няма каму нараджаць, а мы ў іх пазычаем нейкія нормы паводзінаў у сям'і»

Паводле Лукашэнкі, займацца законапраектам супраць хатняга гвалту мусіла не Міністэрства ўнутраных справаў, а іншыя структуры: «прадстаўнікі органаў улады на месцах», грамадзкія арганізацыі, урад і ягоная адміністрацыя.

Ці праўда, што ў краінах з узаконенымі аднаполымі шлюбамі нараджаюць менш, чым у Беларусі?

З боку праваахоўнікаў трэба проста «ўлічыць меркаваньне» міліцыі, дадаў Лукашэнка, але заявіў, што можна абысьціся зьменамі ў дзейныя законы, а не прымаць асобны супраць хатняга гвалту.

Над канцэпцыяй законапраекту сапраўды працавалі фонд ААН у галіне народанасельніцтва і міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Гендэрныя пэрспэктывы», а таксама «Беларуская асацыяцыя маладых хрысьціянскіх жанчын».

Біў толькі старэйшага сына

Лукашэнка заявіў, што не зьяўляецца прыхільнікам таго, каб караць дзяцей, але дадаў, што часам гэтага не пазьбегнуць. Ён расказаў таксама, каго са сваіх дзяцей біў, а каго не:

«Добрая папруга часам таксама карысная для дзіцяці. Не для ўсіх, вядома, — заявіў Лукашэнка. — Віктар, як старэйшы, часта атрымліваў ад мяне. Сярэдні, Дзіма, ужо бачыў, як Віцю трапляла, і роўненька стаяў побач. Малодшага, яму пятнаццаты год, я наогул ніколі не караў: ён гэтага не заслугоўваў».

Фізычныя пакараньні дзецям Лукашэнка назваў «нашай традыцыяй, нашым жыцьцём, і мы будзем выхоўваць так, як трэба».

***

«Мяне лупілі скакалкамі і дратамі за тое, што я не памыла посуд»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:54 0:00

Раней супраць законапраекту выступаў дэпутат Ігар Марзалюк, які заяўляў, што той «распрацаваны МУС пры судзейнічаньні глябальных фондаў», можа «нашкодзіць традыцыйнай сыстэме стасункаў». Да яго супраць законапраекту выступалі беларускія і расейскія «прасямейныя сілы», а таксама тыя, хто засьцерагаў, што ў Беларусі такі закон можа прывесьці да неабгрунтавана жорсткіх пакараньняў і паўтарэньня сытуацыі з антынаркатычным заканадаўствам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG