Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прасямейныя сілы Беларусі» хочуць пекла бяз добрых намераў


Нарэшце ў Беларусі распрацавалі канцэпцыю закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту — ад першых афіцыйных заяваў пра яго неабходнасьць не прайшло і дваццаці гадоў (але ўжо ідзе васемнаццаты). Аднак Каардынацыйная рада прасямейных сілаў Беларусі выступіў са зваротам да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай пераглядзець канцэпцыю закону.

Гэтая рада хвалюецца, што цяпер дзяцей нельга будзе «нармальна выхоўваць». І вельмі непакоіцца, што «Канцэпцыя не прадугледжвае стварэньня месцаў перабываньня для крыўдзіцеляў» і «не прадугледжвае права ахвяры гвалту адмовіцца ад "дапамогі" дзяржавы».

Як страшна будзе жыць! Ні пабіць дзіця за кепскія адзнакі, ні прымусіць ахвяру гвалту забраць заяву зь міліцыі!

Ні пабіць дзіця за кепскія адзнакі, ні прымусіць ахвяру гвалту забраць заяву зь міліцыі!

Але больш за ўсё Каардынацыйная рада непакоіцца, што новы закон будзе руйнаваць інстытут сям’і: «Паводле меркаваньня шматлікіх спэцыялістаў, якія вывучаюць сямейную праблематыку, узровень гвалту нарастае праз уплыў масавай культуры, якая разарвала шматвекавую ніць сямейных традыцый...», «Гэта — дэградацыя інстытуту сям’і, дэвальвацыя маральна-духоўных каштоўнасьцяў...», «Упершыню ў гісторыі славянскай дзяржаўнасьці на дзяржаўным узроўні можа быць зруйнаваны герархічны лад сям’і».

Людзі, якія стваралі гэты зварот да прэзыдэнта, і якія цяпер яго падпісваюць, не разумеюць адной прынцыпова важнай рэчы: закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту ня мае сваёй мэтай руйнаваць ці ўзмацняць сацыяльную адзінку «сям’я». Ён увогуле пра іншае. Гэты закон мусіць абараніць людзей, якія трапілі ў бяду. На першы плян тут выходзяць асобныя людзі, для якіх дом стаў турмой, а сям’я — інстытутам катаваньня.

Гэты закон не павінен працаваць на паляпшэньне дэмаграфічнай сытуацыі, на замацоўваньне так званых традыцыйных каштоўнасьцяў ці на ўзмацненьне пазыцый нейкай рэлігіі ў грамадзтве. Ён мусіць даць шанец на нармальнае жыцьцё тым, хто трапіў у сапраўднае пекла.

Цяпер справы заводзяцца толькі па заяве пацярпелых, у працэсе магчыма «прымірэнне бакоў», што дае агрэсарам велізарную прастору для запалохваньня і маніпуляцый.

У звароце да прэзідэнта напісана, нібыта існуючыя законы ўжо дастаткова абараняюць ахвяраў хатняга гвалту. Але гэта няпраўда: справы заводзяцца толькі па заяве пацярпелых, у працэсе магчыма «прымірэнне бакоў», што дае агрэсарам велізарную прастору для запалохваньня і маніпуляцый. Нярэдка суд прызначае «хатнім баксёрам» штраф, які ў выніку плацяць зь сямейнага бюджэту, і гэта зноўку грае супраць ахвяры гвалту. У выніку жанчыны проста перастаюць звяртацца ў міліцыю, бо гэта аказваецца бессэнсоўнай працэдурай.

«Прасямейныя сілы Беларусі» спрабуюць ёрнічаць і даволі цынічна зводзяць праблему эканамічнага гвалту да пытаньня «ці будзе зьяўляцца гвалтам адмова ў набываньні каштоўных вырабаў і вырабаў з футра... а таксама розных фактычна непатрэбных цацак?». Такі падыход да пытаньня выдатна ілюструе, што іх незадаволенасьць канцэпцыяй новага закона — гэта ня той выпадак, калі з найлепшымі намерамі людзі выкладваюць дарогу ў пекла. Тут няма добрых намераў, а ёсьць жаданьне кантраляваць жанчын і дзяцей (у такой важнай для «Прасямейных сілаў Беларусі» герархіі мужчыны заўжды займаюць больш высокія пазыцыі) і велізарны страх згубіць гэты кантроль.

Альбо яны самі тыраны, альбо ім прасьцей салідарызавацца з тыранамі.

Яны ўсё разумеюць і сьвядома шкадуюць і клапоцяцца пра тых, хто гвалціць, зьбівае, шантажуе родных і робіць іх жыцьцё невыносным. Чаму так? У мяне ёсьць два варыянты адказу: альбо яны самі тыраны, альбо ім прасьцей салідарызавацца з тыранамі (гэта на нейкі час дае ілюзію сілы і бясьпекі). Я нават ня думаю, што варта спадзявацца на іх сумленьне і эмпатыю і нешта тлумачыць пра тое, наколькі страшна быць ахвярай хатняга гвалту. І чалавечыя пачуцьці, і фармальная лёгіка не маюць вялікага значэньня, калі аргумэнтацыя апанэнтак і апанэнтаў будуецца на адсылках да рэлігійных тэкстаў як ісьціны ў апошняй інстанцыі.

У канцы я хачу зьвярнуцца да прыхільніц і прыхільнікаў пралайфэрскага руху ў Беларусі. Калі вам так хочацца кагосьці біць, не заводзьце дзеля гэтага сям’ю і не нараджайце дзяцей! Проста набудзьце цацку. Ёй ня будзе балюча.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG