Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марзалюк: законапраект супраць хатняга гвалту «супярэчыць традыцыйным каштоўнасьцям»


Ігар Марзалюк, архіўнае фота

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк заявіў, што законапраект аб хатнім гвалце «распрацаваны МУС пры судзейнічаньні глябальных фондаў».

Прыняцьце ў Беларусі закону «Аб процідзеяньні хатняму гвалту» можа «нашкодзіць традыцыйнай сыстэме стасункаў», перадае БелаПАН заяву старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка.

Канкрэтных радкоў, якія яму не спадабаліся ў законапраекце, Марзалюк не пералічыў. Але заявіў, што канцэпцыя закону не абмяркоўвалася з дэпутатамі і «народжаная ў адным з падразьдзяленьняў МУС пры актыўным судзейнічаньні глябальных фондаў».

«Ёсьць фундамэнтальныя каштоўнасьці, якія я падзяляю і буду бараніць усімі фібрамі свайго жыцьця, — казаў Марзалюк. — І ёсьць рэчы, на якія я ніколі катэгарычна не пагаджуся.

Калі мы кажам пра сыстэму традыцыйных каштоўнасьцяў, то яна неаддзельная ад хрысьціянскай традыцыі, таму што эўрапейскасьць і хрысціянскасьць у добрым сэнсе — гэта словы-сынонімы».

Ён дадаў, што лічыць канцэпцыю закону антыканстытуцыйнай, супярэчнай Кодэксу аб шлюбе і сям’і, а таксама Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі.

Але ў канцэпцыі «няма нічога добрага і нічога кепскага», заявіў Марзалюк. Ён адзначыў, што законапраект «мае калясальны дысбалянс між правамі і абавязкамі мужчын і жанчын». Марзалюк зьдзівіўся «жаданьню бяздумна малпаваць, выкарыстоўваць чужы досьвед і перакладваць яго на беларускія рэаліі».

«Таму што агрэсар і крыўдзіцель, як і ў эўрапейскіх законах, чамусьці толькі мужчына, — заявіў Марзалюк, не ўдакладніўшы, дзе ў законапраекце такое напісана. — І жанчына заўсёды пазыцыянуецца як ахвяра. Кожны з нас ведае сытуацыі, калі ахвярай бывае нехта іншы. Бацькі чамусьці заўсёды выступаюць у вобразе крыўдзіцеляў, якія толькі і робяць, што шкодзяць сваім дзецям.

Ну і самае асноўнае, што нам прапануецца сытуацыя, у якой справы аб хатнім гвалце будуць выведзеныя за межы адміністрацыйнага і крымінальнага працэсу, а працэс – гэта адзіны спосаб, калі можна пры дапамозе закону высьветліць, якія адбываліся падзеі».

Раней супраць законапраекту выступалі беларускія і расейскія «прасямейныя сілы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG