Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш зьняволеных, міліцыі і адабраных дзяцей


Не магу ведаць, чаго больш — карысьці ці шкоды — прынясе закон, які зараз актыўна абмяркоўваецца — «Аб папярэджаньні гвалту ў сямʼі». Але я раскажу вам, што атрымаецца ў выніку.

Відавочна, што наш МУС — сам, ці на загад зьверху — вырашыў трошкі «прагнуцца» перад Эўропай. У стратэгічным сэнсе закон адпавядае эўрапейскаму трэнду на павялічэньне ролі дзяржавы, яе ўмяшаньне ў прыватнае жыцьцё грамадзян, і адпаведна, зьмяншэньне (скажам мякка) ролі сям’і як сацыяльнага інстытута. А ў нашых канкрэтных умовах ужо зараз можна прадбачыць некаторыя відавочныя вынікі, якія прынясе новы закон:

1. У Беларусі павялічыцца колькасьць зьняволеных. Закон прымаецца, каб ён дзейнічаў, і каб за яго парушэньне каралі. Ёсьць, наколькі я зразумеў з дыскусіяў, некалькі галоўных адрозьненьняў ад існуючай практыкі. Паводле новага закону, падаваць заяву можа ня толькі ахвяра, але і трэцяя асоба. Сусед, напрыклад. І калі раней унутры сям’і нешта здарылася і яны маглі пасьля гэтага памірыцца і забыць («больш такога ніколі ня будзе»), то цяпер — «будзеш сядзець». Назад ужо не адкруціш, суседка заяву падала.

Як у нас пачалі «змагацца» з наркотыкамі, дык тысячы маладых людзей аказаліся за кратамі, і зьявілася арганізацыя Маці 328. Думаю, праз нейкі час пасьля прыняцьця закону зьявіцца арганізацыя жонак, у якіх пасадзілі мужоў.

2. У дзяржаве стане больш міліцыі. Ну гэта ж натуральна — ў іх зьяўляецца новы вялізны блок працы. Бо, паводле нашых фэміністак, «У большай частцы кватэр, у якіх я жыла, за сьценамі білі — дарослыя дзяцей і дарослыя адно аднаго». Тады, вядома ж, колькасьць участковых трэба павялічваць разоў у 10. Ці перадаваць функцыі ўчастковых настаўнікам, пра што ўжо пісалі ў ФБ. У любым выпадку паліцэйскія функцыі дзяржавы, яе кантроль над грамадзянамі павялічыцца шматкроць.

3. Нашмат болей дзяцей будуць адбіраць у бацькоў. Магчыма, дае некаторых краінаў нам далёка, але патэнцыял для росту вялікі. Асабліва з улікам таго, што ўжо цяпер забіраюць дзяцей з прычыны «малых даходаў» бацькоў. Паводле новага закону, дзяцей за «пабоі» будуць адбіраць у бацькоў і сяліць у інтэрнаты — дзе іх, вядома ж, ніхто ніколі біць ня будзе.

Падсумоўваю. Больш зьняволеных, больш міліцыі, больш адабраных дзяцей. «Благие намерения», — яны такія.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG