Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Беларусі апублікаваў канцэпцыю закону аб хатнім гвалце. Што ў ёй і чаму гэта важна


Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі апублікавала на сваім сайце канцэпцыю закону «Аб папярэджаньні гвалту ў сям’і». Яе накіравалі на разгляд у Савет міністраў.

Новы закон плянуюць прыняць у 2019 годзе. Пасьля ўзгадненьня ў Савеце міністраў канцэпцыю законапраекту чакае ўзгадненьне зь Вярхоўным судом, пракуратурай і кіраўніком дзяржавы.

Чаму неабходны такі закон?

Не заўжды агрэсара можна пакараць паводле дзейнага заканадаўства, казаў Tut.by намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі МУС Алег Каразей.

У кожным другім выпадку агрэсар пазьбягае адказнасьці, і тады супрацоўнікі міліцыі праводзяць з агрэсарам прафіляктычную размову.

Хто рыхтаваў канцэпцыю?

Ірына Альхоўка
Ірына Альхоўка

З канца 2017 году ў межах праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі Эўразьвязу пры МУС утварылі працоўную групу, паведаміла Свабодзе кіраўніца аб’яднаньня «Гендэрныя пэрспэктывы» Ірына Альхоўка.

Акрамя дзяржаўных органаў, над канцэпцыяй закону працавалі:

  • фонд ААН у галіне народанасельніцтва;
  • «Беларуская асацыяцыя маладых хрысьціянскіх жанчын»;
  • міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Гендэрныя пэрспэктывы».

У аспэкце папярэджаньня хатняга гвалту працоўная група вывучала:

  • практыку міжнароднага заканадаўства;
  • магчымасьці ўдасканаленьня беларускіх законаў.

Што новага?

  1. У канцэпцыі закону даецца азначэньне крыўдзіцеля — грамадзяніна, які зьдзейсьніў хатні гвалт у любой форме. У ранейшых дакумэнтах азначэньне агрэсара ў хатнім гвалце не давалася.
  2. Уводзіцца працэдура ацэнкі рызыкі, то бок вызначэньня паўторнай верагоднасьці нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага.
  3. Ствараецца інструмэнт абарончага прадпісаньня, якое будзе абмяжоўваць дзеяньні агрэсара ад 3 да 30 сутак. Напрыклад, крыўдзіцелю будзе забаронена кантактаваць з пацярпелым і наведваць агульныя месцы знаходжаньня зь ім. Калі пацярпелы і крыўдзіцель жывуць разам, апошні мусіць пакінуць агульнае жылое памяшканьне. Такі дакумэнт зможа выдаваць кіраўнік органа ўнутраных спраў ці яго намесьнік.

Што яшчэ хочуць узаконіць?

Верагодна, дзеяньне новага закону будзе распаўсюджвацца незалежна ад фактару сумеснага пражываньня на наступных асоб:

  • бацькі, дзеці;
  • бацькі і дзеці ў прыёмнай сям’і;
  • родныя браты і сёстры;
  • дзядулі, бабулі, унукі;
  • муж і жонка;
  • муж і жонка ў разводзе;
  • грамадзяне, якія маюць агульных дзяцей;
  • асобы, якія жывуць ці жылі агульнай сям’ёй, але не знаходзіліся ў шлюбе.

Таксама канцэпцыя вызначае, як караць крыўдзіцеля і як працаваць з ахвярамі сямейнага гвалту.

Экспэрт: важна, як закон будзе ўжывацца на практыцы

Кіраўніца цэнтру па прасоўваньні правоў жанчыны «Яе правы» Аляксандра Дзікан адзначае, што важна, якім чынам закон будзе ўжывацца на практыцы.

«Са сваёй працы мы ведаем, што нешта можа быць добра напісана на паперы, але па факце гэта не працуе. То бок няма мэханізмаў укараненьня. Калі закон будзе прыняты, дзяржава мусіць праводзіць адукацыйную працу, бо цяпер вельмі нізкі ўзровень ведаў пра гэтую праблему», — сказала Дзікан.

Экспэртка ўзгадала выпадкі, калі ахвяру адгаворваюць паведамляць пра гвалт. Канцэпцыя закону пераносіць хатні гвалт у публічную прастору, а гэта прагрэсіўны момант, кажа Дзікан.

У студзені-красавіку сёлета ў Беларусі праз бытавыя канфлікты МУС зафіксавала 23 забойствы і 40 выпадкаў зьбіцьця, а таксама 12,5 тысячы выпадкаў хатняга гвалту.

На момант публікацыі няма мэханізму абароны ад хатняга гвалту. Няма і канкрэтных артыкулаў у кодэксах наконт дамаганьняў на працы або непрыстойных заляцаньняў.

Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці. За сэксуальныя дамаганьні прадугледжана крымінальная адказнасьць.

Што рабіць, калі мяне дамагаюцца: інструкцыя

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG