Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіць, калі мяне дамагаюцца: інструкцыя


Што рабіць, калі вас дамагаюцца на працы ці па-за ёй, як бараніцца, да каго зьвяртацца па дапамогу? Свабода даведалася, ці існуе гэта праблема ў Беларусі. А на дадатак — некалькі практычных парадаў.

У Беларусі не было судовых працэсаў за дамаганні​

Цэнтар па прасоўваньні правоў жанчын «Яе правы» — бадай, адзіная грамадзкая арганізацыя ў Беларусі, якая аказвае канфідэнцыйную інфармацыйна-прававую дапамогу жанчынам па самых розных пытаньнях.

За паўтара года працы па кансультацыі і дапамогу ў цэнтар зьвярнулася 666 жанчын. Аднак толькі 2,5% зваротаў зьвязаныя з прыватнай сфэрай: пагрозамі, дамаганнямі, перасьледам, фізычным і сэксуальным гвалтам.

Юрыстка цэнтру Вераніка Нікалайчык кажа Свабодзе, што яны рэкамэндуюць жанчынам фіксаваць усе выпадкі дамаганняў: рабіць аўдыё-, відэазапіс, фота, таксама пажадана мець сьведак, бо з галаслоўнымі заявамі ў суд ня зьвернесься.

«Мы рэкамэндуем, каб жанчына распавядала, дзялілася інфармацыяй са сваякамі, сяброўкамі, хто можа сьведчыць, што гэта адбываецца сыстэматычна. Калі ёсьць пэўныя доказы, мы можам зьвяртацца ў праваахоўныя органы. Калі няма магчымасьці фіксаваць, раім хаця б проста паразмаўляць — ісьці да начальства», — кажа Вераніка Нікалайчык.

Юрыстка цэнтру «Яе правы» прывяла толькі адзін прыклад звароту ў пракуратуру. І то справу «замялі».

«Справа нашай кліенткі была даведзеная да пракуратуры, але да суду не дайшла — урэгулявалі на сярэднім узроўні. Гэта была вайсковая структура. Жанчына мела доказы, і калі дайшла да высокага начальства, пытаньне вырашылі. Чалавека, які яе сэксуальна дамагаўся, звольнілі. Прынамсі, жанчыне так сказалі. А магчыма, яго проста перавялі ў іншае месца службы», — кажа Вераніка Нікалайчык.

Мэханізму, альгарытму абароны жанчыны ад дамаганняў у Беларусі няма. Як няма канкрэтных артыкулаў у кодэксах наконт дамаганняў на працы ці заляцаньняў, кажа юрыстка цэнтру «Яе правы» Вераніка Нікалайчык.

Можна абапірацца на Канстытуцыю: права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці. Ну, а далей — залежыць ад сытуацыі, што гэта было: калі сэксуальнае дамаганне — можа быць і крымінальная адказнасьць (Артыкул 170 Крымінальнага Кодэксу РБ. Прымус да дзеяньняў сэксуальнага характару).

Тое, што вельмі мала жанчын зьвяртаюцца па дапамогу ці па кансультацыю, зусім не азначае, што ў Беларусі няма праблемы дамаганняў, лічыць юрыстка.

«Чаму жанчыны амаль не зьвяртаюцца да нас, да праваабаронцаў, у праваахоўныя органы? У першую чаргу яны баяцца страціць працоўнае месца. А калі гэта праца з пэрспэктывай, то часьцей за ўсё будзе маўчаць. На жаль, такія беларускія рэаліі», — падсумавала юрыстка цэнтру «Яе правы» Вераніка Нікалайчык.

Што рабіць, калі вас дамагаюцца

1. Зразумець, што адбываецца

Калі ў вас ёсьць сумненьні — «гэта флірт або дамаганьне?» — гэта ўжо трывожны знак: хутчэй за ўсё, гаворка пра апошняе. Дакладных крытэрыяў, на жаль, няма. Таму трэба арыентавацца на здаровы сэнс і судовую практыку. Прыкметамі дамаганьняў можа быць наступнае:

  • Прыставаньні не спыняюцца. Дапусьцім, кожную раніцу начальнік (начальніца) прыабдымае вас і шэпча на вуха непрыстойныя камплімэнты. Або былы аднаклясьнік кожны вечар сустракае ля пад’езда з бутэлькай віна і просіцца ў госьці, а атрымаўшы чарговую адмову, засыпае вас СМС з прызнаньнямі ў каханьні. Вы спакойна сказалі абодвум, што вам непрыемныя іх дзеяньні і вы хочаце, каб яны спыніліся. Але прыставаньні працягнуліся.
  • Вам пагражаюць. Начальнік (-ца) кажа: «ня будзеш са мной — звольню», аднаклясьнік чаргуе любоўныя СМС з фатаздымкамі аблітых кіслатой жанчын.

2. Не цярпець

Праблема набыла ўсясьветны маштаб пасьля таго, як дзесяткі жанчын абвінавацілі ў дамаганьнях і згвалтаваньнях галівудзкага прадусара Гарві Вайнштэйна
Праблема набыла ўсясьветны маштаб пасьля таго, як дзесяткі жанчын абвінавацілі ў дамаганьнях і згвалтаваньнях галівудзкага прадусара Гарві Вайнштэйна

​Усё роўна, хто вас дамагаецца: начальнік, былы аднаклясьнік, школьны настаўнік, лекар. Калі вы адзін раз папрасілі крыўдзіцеля спыніць непрыемныя дзеяньні, але гэтага не адбылося, трэба далучаць трэці бок. Не, само па сабе гэта ня скончыцца. Наадварот: дамаганьні будуць прымаць усе менш бяскрыўдныя формы. Ад СМС справа можа хутка дайсьці да фізычнага перасьледу, псаваньня маёмасьці, гвалту.

3. Не баяцца асуджэньня

Гэта самы цяжкі пункт, але і самы важны. Пра дамаганьні страшна расказаць: могуць абвінаваціць у непрыстойных паводзінах, ханжастве. Маўляў, чалавек хацеў вам камплімэнт зрабіць — а вы яго караеце. Хтосьці баіцца цкаваньня: напрыклад, вы школьніца, і да вас прыстае папулярны аднаклясьнік. Расказаць аб праблеме — значыць выставіць сябе даносчыкам.

Так можа здавацца, але гэта ня так: у дамаганьнях вінаваты толькі той, хто дамагаецца. Гэтак жа як у крадзяжы кашалька вінаваты рабаўнік — а ня той, хто купіў чырвоны кашалёк замест сіняга. Паспрабуйце ўспрымаць расказ пра дамаганьні як лячэньне: так, могуць быць пабочныя эфэкты, але бязь лекаў хвароба ня пройдзе.

Калі вам складана даць рады гэтым страхам, зьвярніцеся да псыхолягаў.

4. Сабраць максымум доказаў

Як мага раней пачніце зьбіраць усё, што пацьвердзіць вашы словы. Рабіце скрыншоты перапіскі і захоўвайце іх у некалькіх месцах: напрыклад, на цьвёрдым дыску і на флэшцы. Запісвайце размовы: самы просты спосаб — паставіць тэлефон на гучную сувязь падчас званка і ўключыць дыктафон на той жа прыладзе.

Не публікуйце гэтыя матэрыялы. Паколькі запіс недазволены, закон дазваляе весьці яго толькі дзеля ўласнай бясьпекі — а ня для публічнага выкарыстаньня.

Калі вас дамагаюцца на працы:

  • Пагаварыць з начальнікам або з аддзелам кадраў

Не пачынайце эмацыйных абвінавачваньняў, спакойна раскажыце: хто вас дамагаецца, у чым гэта выяўляецца і чаму менавіта вам гэта непрыемна. Запішыце размову на дыктафон. Калі ў вас ёсьць доказы, пакажыце іх.

Тут магчымыя два варыянты разьвіцьця падзей: або вас зразумеюць і паспрабуюць вам дапамагчы, або, наадварот, пачнуць пераконваць, што нічога жудаснага не адбываецца і трэба паставіцца да ўсяго з гумарам. На жаль, могуць і прыстрашыць — маўляў, лепш вам памаўчаць, інакш пачнуцца праблемы.

  • Клікаць на дапамогу праваабаронцаў

Можна зьвярнуцца да праваабаронцаў. Там вам бясплатна і ананімна дапамогуць і парадай, і канкрэтнымі дзеяньнямі.

  • Ісьці ў працоўную інспэкцыю

Наступны крок — зьвярнуцца ў працоўную інспэкцыю з заявай аб «невыносных умовах працы». Заяву трэба аднесьці або адправіць заказным лістом у працоўную інспэкцыю вашага населенага пункту.

Тут вам якраз спатрэбіцца запіс размовы з начальствам або аддзелам кадраў — да заявы лепш прыкласьці доказы. Інспэкцыя абавязаная прыехаць да вас на працу і праверыць сытуацыю. Магчыма, гэта ні да чога не прывядзе: парушэньняў ня знойдуць. І тым ня менш гэта карысны крок: зварот паслужыць доказам, што вы не прыдумалі абвінавачаньні, а сапраўды зазнавалі дамаганьні і спрабавалі змагацца зь імі.

Калі вас дамагаюцца ў звычайным жыцьці, у вас значна менш рычагоў узьдзеяньня на крыўдзіцеля. Таму трэба як мага хутчэй зьвяртацца па дапамогу да праваахоўных органаў — нягледзячы на тое, што яны могуць выклікаць недавер.

5. Як мага раней ісьці ў міліцыю

Апошні крок — заявіць у міліцыю аб «прымусе да дзеяньняў сэксуальнага характару» (артыкул 170 КК РБ). Галоўнае — зрабіць гэта як мага раней. Прычыны дзьве: па-першае, чым раней вы зьвернецеся па дапамогу, тым менш шанцаў, што справа дойдзе да фізычнага гвалту. Па-другое, тэрмін даўнасьці ў няцяжкіх злачынстваў невялікі.

Трэба разумець, што ў вас сапраўды ёсьць шанец страціць працу або сапсаваць адносіны з тымі, хто вырашыць стаць на бок крыўдзіцеля. Але працаваць ва ўмовах жудаснага стрэсу ўсё роўна немагчыма, а размаўляць з тымі, хто ня верыць вашым прызнаньням, ня варта.

«Эфэкт Вайнштэйна». Як (не) зьмяніўся сьвет пасьля скандалу вакол сэксуальных дамаганьняў у Галівудзе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG