Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук: «Я яшчэ не настолькі праштрафіўся, каб атрымаць „у падарунак“ калгас»


Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Удзельнік сёньняшняй «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» эканаміст Яраслаў Раманчук падзяліўся са Свабодай сваімі ўражаньнямі ад імпрэзы.

Найперш ён адзначыў, што атрымаў ня проста адказ на сваё пытаньне пра эканоміку, затрыманьні бізнэсоўцаў і «недалібэралізацыю».

«Кіраўнік дзяржавы прасіў мяне падрабязьней распавесьці пра факты, некаторыя рэчы перапытваў. І вельмі добра, што наш дыялёг адбыўся. У мяне такое ўражаньне, што Аляксандру Рыгоравічу не хапае аб’ектыўнай інфармацыі пра стан эканомікі ў краіне. І гэта адбіваецца на яго поглядах. Думаю, у нейкай ступені якраз з гэтай прычыны ён не давярае прыватызацыі і не гатовы да дэцэнтралізацыі. Таму трэба даводзіць да яго як мага больш праўдзівай інфармацыі. І такія сустрэчы для гэтага — цудоўная магчымасьць. Бо калі ты сваё стаўленьне да сучаснай эканомікі фармуеш толькі з расейскіх крыніцаў, то яно і будзе нэгатыўным для бізнэсу і іншых рынкавых рэчаў», — упэўнены экспэрт.

Раманчук таксама патлумачыў, чаму ён прапанаваў Лукашэнку стаць «вечным» прэзыдэнтам у Беларусі з прыватнай эканомікай:

«Летась у сьнежні на сустрэчы з Лукашэнкам шмат казалі пра праблемы зь дзяржаўным сэктарам эканомікі. Менавіта тут ствараюцца амаль усе праблемы для эканомікі. І ён тады жартам сказаў: калі б не было дзяржаўных прадпрыемстваў, то я быў бы пажыцьцёвым прэзыдэнтам, паколькі прыватны сэктар праблемаў не стварае. Я згадаў гэты момант і падкрэсьліў, што прыватны сэктар сапраўды не стварае такіх сацыяльных праблемаў для краіны і яе кіраўніка, як дзяржаўны. Так што мае словы трэба разглядаць выключна ў гэтым кантэксьце».

Напрыканцы дыялёгу Лукашэнка прапанаваў даць Раманчуку для выпраўленьня стратны калгас, каб той апусьціўся зь нябёсаў на зямлю. Тады экспэрт не пасьпеў адказаць кіраўніку дзяржавы.

«А аўдыторыі Свабоды я скажу тое, што не ўдалося распавесьці Лукашэнку. У нас стратныя калгасы даюць былым пракурорам, былым генэральным дырэктарам прадпрыемстваў, былым высокім чыноўнікам. А я яшчэ не настолькі праштрафіўся, каб атрымаць „у падарунак“ калгас», — сказаў Яраслаў Раманчук.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG