Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Б — Бангалор, Н — Наеўся, Ч — Чарка: «Вялікая размова з Лукашэнкам» як альфабэт

абноўлена

1 сакавіка Аляксандар Лукашэнка сабраў на «вялікую размову» журналістаў, блогераў, навукоўцаў, дэпутатаў і чыноўнікаў. Вось, пра што ён гаварыў, калі паглядзець на гэта, як на альфабэт.

А — Апазыцыя

Пра апазыцыю ён гаварыў некалькі разоў, калі ўзгадваў Вярхоўны Савет і былых дэпутатаў Валянціна Голубева і Алега Трусава, якія былі сярод запрошаных на «вялікую размову».

«Яны гэтую вышыню [незалежнасьць] спрабавалі ўзяць штурмам, як Украіна, а я гэта рабіў спакойна, памяркоўна. Ніколі Лукашэнка ня быў супраць сувэрэнітэту і незалежнасьці. І той жа Валянцін [Голубеў] і Алег [Трусаў] і іх дзеці, унукі зь мяне спытаюцца. Я прэзыдэнт той краіны, якую мы самі стварылі. Толькі я ня маю права як прэзыдэнт так крычаць: усім паб’ём, усіх пасячэм за сувэрэнітэт», — заявіў ён.

Згадаў Аляксандар Лукашэнка і Зянона Пазьняка: «Не разумею, чаму ён там па Варшавах сядзіць, хай бы прыехаў на радзіму пасядзеў».

Б — Бангалор

Адказваючы на пытаньне журналіста «Эўрарадыё» Зьмітра Лукашука Аляксандар Лукашэнка згадаў пра апазыцыю і сьвяткаваньне 101-годзьдзя БНР. Калі проста, сьвяткаваньня там ня будзе.

«Ідзіце на Бангалор, там абсталяванае месца на правядзеньне падобных акцый. Навошта лезеце на стадыён? Ня трацьце нэрвы, не ідзіце на канфрантацыю. 100-годзьдзе — вялікая дата, адсьвяткавалі. І ўсё, хопіць», — адзначыў ён.

В — Валянцін

Імя гісторыка, экс-дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня, доктара гістарычных навук Валянціна Голубева Аляксандар Лукашэнка згадаў каля дзясятка разоў у кантэксьце пытаньняў, прысьвечаных гісторыі, мове, а таксама 90-х гадоў.

Валянцін Голубеў быў дэпутатам у адзін час з Аляксандрам Лукашэнкам, Зянонам Пазьняком, Анатолем Лябедзькам і Алегам Трусавым. Валянцін Голубеў — адзін з аўтараў Канстытуцыі Беларусі.

Ё — Ёсіф

Падчас «вялікай размовы» Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў згадваў галоўнага рэдактара газэты «Народная воля» Ёсіфа Сярэдзіча ў кантэксьце праблемных пытаньняў грамадзка-палітычнага жыцьця краіны.

Ж — Жанчыны

Адказваючы на просьбу былой міністаркі працы Мар’яны Шчоткінай зьвярнуцца да жанчын напярэдадні 8 сакавіка, Лукашэнка заклікаў жанчын нараджаць больш дзяцей і паабяцаў дапамогу семʼям пасьля нараджэньня трэцяга дзіцяці.

«Проста нараджайце больш дзяцей... З мужыкамі бяда. Дзе мужыкоў браць, калі яны ў войску не былі. Нават не жарт. Цяжкая справа... Галоўнае — жытло. Калі трэцяе дзіцё народзіцца, і будзе бясплатная кватэра ад дзяржавы, думаю, што будуць нараджаць. Будзем вымушаныя прыняць беспрэцэдэнтныя захады па падтрымцы сямʼі».

К — Крым

Адказваючы на пытаньне ўкраінскай журналісткі, Лукашэнка прызнаўся, што некаторыя людзі ў Расеі патрабавалі, каб ён прыняў прарасейскую пазыцыю па сытуацыі ў Крыме і Данбасе.

У сувязі з гэтым Лукашэнка нагадаў, што ў 1995 годзе ён быў адным з падпісантаў Будапэшцкага мэмарандума. «Крым афіцыйна ў маёй прысутнасьці быў прызнаны тэрыторыяй Украіны, — адзначыў ён. — І я падпісаў гэты дакумэнт. Што вы ад мяне сёньня хочаце?» Ён нагадаў, што раней у Расеі яго крытыкавалі за непрызнаньне незалежнасьці самаабвешчаных Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Аднак, дадаў Лукашэнка, ён адмовіўся ад такога кроку з прычыны магчымасьці ўвядзеньня эканамічных санкцый супраць Беларусі.

Н — наеўся

Так сказаў Лукашэнка, адказваючы на пытаньне Свабоды пра тое, які са шляхоў «транзыту ўлады» яму імпануюць найбольш — нязьменнасьць улады, зьмена Канстытуцыі ці перадача пасады спадкаемцу.

«Абяцаю, што на той сьвет з прэзыдэнцкага крэсла мяне не панясуць, — сказаў Лукашэнка. — І дзеля сваіх дзяцей ня буду ўтрымліваць уладу і перадаваць у спадчыну — асабліва што тычыцца малодшага сына. Не хачу гаварыць, што я пакутую — ніхто і не паверыць. Я наеўся прэзыдэнцтва, і загубіць краіну дзеля асабістых амбіцый — на такое ніколі не пайду.... Але я не змагу ня вылучыць кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта, каб не абвінавацілі мяне ў баязьлівасьці, што зьбег».

П — Парашэнка

Прэзыдэнтам Украіны будзе Парашэнка, — такі прагноз зрабіў Аляксандр Лукашэнка на вынікі прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне.

«Ён выйдзе ў другі тур, а там за Зяленскага прагаласуюць тыя, хто за яго ўжо прагаласаваў, а астатнія прагаласуюць за Парашэнку».

С — сувэрэнітэт

Пра гэта Аляксандар Лукашэнка казаў, адказваючы на пытаньні аб узаемаадносінах з Расеяй. Ён некалькі разоў паўтарыў, што ніхто на яго не замахваецца.

«Усіх пабʼем, усіх парубаем за незалежнасьць, за сувэрэнітэт. Гэта ня мой слэнг, не мая пазыцыя», — сказаў Лукашэнка.

Ч — Чарка

Нічога дрэннага няма, каб выпіць чарку ў рэстаране «Поедем Поедим», лічыць Аляксандар Лукашэнка, адрэагаваўшы на абвінавачаньні, што ён ігнаруе Курапаты.

«Там пахаваныя нашы людзі, і асабіста мне ня хочацца варушыць косьці. Вы ўпэўненыя, што забівалі толькі пры Сталіне? Што не забівалі немцы габрэяў? Прыляцеў Клінтан, лаўку паставіў. Разбурылі. Я сказаў, каб уначы па маёй камандзе аднавілі, каб супраць улады не плявузгалі. І чаго так па-зьверску ставіцеся да прадпрымальнікаў, якія паставілі за паўкілямэтра рэстаран? Ну паглядзелі, пастаялі, успомнілі, зайшлі туды, выпілі па чарцы. Што ў гэтым дрэннага? Гэта ж ня супраць Курапатаў рэстаран!»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG