Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі будзе пры ўладзе — і яшчэ 10 галоўных тэзаў з выступу Лукашэнкі


Свабода сабрала найбольш адметныя заявы Аляксандра Лукашэнкі падчас 7-гадзіннай прэс-канфэрэнцыі.

98% беларусаў ня хочуць у склад Расеі

Паводле Лукашэнкі, у Расеі «няма ніякіх намераў паглынуць Беларусь». Калі сёньня ў Беларусі вынесьці на рэфэрэндум пытаньне пра ўключэньне Беларусі ў склад Расеі, «98% прагаласуюць супраць».

Не прызнае Крым расейскім

Лукашэнка сказаў, што нічога ня зьменіцца, калі ён скажа сёньня, што Крым «наш ці расейскі». Маўляў, у Расеі і дзякуй ня скажуць, а ва Ўкраіне «скажуць „сабака“ і плюнуць у мой бок... Не магу я быць марыянэткай».

Пра беларускую мову

«Узарваць элемэнтарна проста — але потым доўгія гады давядзецца расхлёбваць. Мая мова — беларуская, але і расейская таксама. Гэта таксама наша мова, навошта адмаўляцца? Так гістарычна здарылася. У свой час была „фішка“ апазыцыі, калі Голубеў, Трусаў пачалі размаўляць па-беларуску. Але ж на кухні яўна на расейскую пераходзяць? Мова — прыкмета кожнага народа, трэба падтрымліваць, але ня трэба нічога фарсіраваць».

Пра шосты тэрмін

«Я не змагу ня высунуць сваю кандыдатуру на пост прэзыдэнта... Але каб вы потым мяне не абвінавацілі ў баязьліўстве і не сказалі, што я ў цяжкую хвіліну зьбег кудысьці. Я высуну сваю кандыдатуру, вы абірайце любога, можна за мяне не галасаваць».

Колькі будзе прэзыдэнтам

«Абяцаю вам, што на той сьвет мяне з прэзыдэнцкага крэсла не панясуць. Гэта я цьвёрда абяцаю».

Пра новую Канстытуцыю

Над ёй працуюць «граматныя юрысты» і судзьдзі Канстытуцыйнага суду.

«А што трэба? Абмежаваць паўнамоцтвы прэзыдэнта — як вы гэта бачыце?.. Нам давядзецца ўзмацняць іншыя галіны ўлады: выканаўчую, заканадаўчую. Пасьля сурʼёзнага аналізу, можа, нешта трэба будзе прадпрыняць па выбарчай сыстэме».

Пра сьвяткаваньне ўгодкаў незалежнасьці БНР на «Дынама»

«Што тычыцца сьвяткаваньня БНР на „Дынама“, то такога ня будзе. Ідзіце на Бангалор, там абсталяванае месца для правядзеньня падобных акцый... Навошта вы лезеце на стадыён „Дынама“? Вы ведаеце, гэта нават асабістая зьнявага для мяне».

Пра крыжы ў Курапатах

«Прывядзём у парадак Курапаты, каб дэманстрацыі з крыжамі па пэрымэтры не было. Навошта вы павыстаўлялі там белыя крыжы? Вам што, царква дазволіла гэта рабіць? Гэта дэманстрацыя, а я супраць такой дэманстрацыі».

Пра акцыю «Несьмяротны полк» у Беларусі

«Несьмяротны полк і гэтак далей... Я катэгарычна супраць. Не таму, што супраць гэтай акцыі. Гэта бліскучая акцыя, расейская акцыя...»

Пра стварэньне расейскіх прапагандысцкіх інтэрнэт-рэсурсаў у Беларусі

«Купка людзей стварае нешта, нацэленае нібыта на прапаганду расейскіх дасягненьняў і, як яны кажуць, цытую, — на тое, каб утрымаць Беларусь у рамках інтарэсаў Расеі... Глупства страшнае, гэта на шкоду робіцца. Гэта памылка з боку асобных дзеячоў у Расеі, якія лічаць, што такім чынам Беларусь можна ўтрымаць каля сябе».

Пра танец Румаса і Качанавай

«Гэта было маё жорсткае рашэньне... Потым я думаю: чаго з Румасам? Качанава Натальля Іванаўна — сымпатычная, худзенькая, у адрозьненьне ад многіх нашых жанчын-чыноўніц, — з вайсковым чалавекам, а Румас — з сымпатычнай дзяўчынкай».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG