Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць пераемнікі і ці зьявіцца новая Канстытуцыя? Лукашэнка адказаў на пытаньні Свабоды


Аляксандар Лукашэнка не зьбіраецца перадаваць уладу сваім дзецям. Ён абяцае не сядзець у прэзыдэнцкім крэсьле да сьмерці. А праект новай Канстытуцыі ён чакае пасьля бліжэйшых выбараў. Пра ўсё гэта ён падрабязна распавёў падчас прэсавай канфэрэнцыі, адказваючы на пытаньні Валянціна Жданко, карэспандэнта Радыё Свабода.

Валянцін Жданко, архіўнае фота
Валянцін Жданко, архіўнае фота

— Аляксандар Рыгоравіч, сёньня згадвалася, што сёлета спаўняецца 25 гадоў з часу першых прэзыдэнцкіх выбараў і вашага прыходу да ўлады. За гэтыя чвэрць стагодзьдзя амаль ва ўсіх постсавецкіх краінах адбылася зьмена прэзыдэнтаў. Хіба за выключэньнем прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Вы ўсіх іх выдатна ведалі і ведаеце. Гэтая зьмена на ўладным Алімпе адбывалася рознымі шляхамі. У Расеі, мы памятаем 1999 год, там быў прызначаны пераемнік. У Туркмэністане і ва Ўзбэкістане прэзыдэнты да апошняга трымаліся на капітанскім мосьціку, трымалі штурвал у руках. А калі раптоўна сышлі, уладу ў іх перанялі найбольш жвавыя асобы з бліжэйшага атачэньня. Недзе адбывалася перадача ўлады ад бацькі сыну, тут згадвалі Аліева старэйшага і малодшага (былы і цяперашні прэзыдэнты Азэрбайджану. — РС). Некаторыя прэзыдэнты былі заклапочаныя тым, каб зьмяніць заканадаўства, Канстытуцыю, пераразьмеркаваць паўнамоцтвы парлямэнту, каб засьцерагчыся ў будучыні ад непрыемных нечаканасьцяў, калі рана ці позна зьмена ўлады адбываецца. Вы чалавек зь вялізным палітычным досьведам, з вострай інтуіцыяй. Які са шляхоў транзыту ўлады вам найбольш імпануе?

— Я не зразумеў, якія шляхі ты маеш на ўвазе? На той сьвет сысьці? Ці самому? Гэты ты маеш на ўвазе?

— Як можа перайсьці ўлада ў такой постсавецкай краіне, як наша? На вашую думку, ці больш карысна для дзяржавы і народу, каб прэзыдэнт заставаўся нязьменным, ці ўсё ж такі рыхтаваць пераемніка, як Барыс Мікалаевіч, ці перадаваць сыну, як Гейдар Аліеў? Ці праводзіць палітычную рэформу, зьмяняць Канстытуцыю, каб займець іншыя полюсы ўлады? Каб ня толькі прэзыдэнцкая ўлада была моцнай і ўсёабдымнай?

— Дзякуй за пытаньне, асабліва за другую частку. Але я пастараюся адказаць і на першую. Абяцаю вам, што на той сьвет мяне з прэзыдэнцкага крэсла не панясуць. Гэта я цьвёрда абяцаю.

Другое, я вам абяцаю, што дзеля сваіх дзяцей я ня буду ўтрымліваць уладу і перадаваць ім у спадчыну. Няма такога жаданьня ў дзяцей. У ніводнага зь іх. Нават у меншага. Хоць яму да прэзыдэнцтва яшчэ 20 год. Я, можа, не дажыву да гэтага.

Дзеля сваіх дзяцей я ня буду ўтрымліваць уладу і перадаваць ім у спадчыну

Вы пераймаецеся за меншага. Часам я чытаю ў інтэрнэце і іншых СМІ дзікія выдумкі. Няма ў мяне такой мэты — у спадчыну перадаць уладу. Нашая краіна не пампуе нафту, газ. Трубу паклаў, сьпіш спакойна, валюта капае — і дзецям добра. У нас пасада прэзыдэнта — цяжкая пасада. Вельмі цяжкая. Я не хачу казаць, што я пакутую і іншае. Гэта маё. Ніхто не паверыць, але калісьці пераймаюся, калісьці радуюся. Але я рады толькі таму, што мяне выбралі першым прэзыдэнтам Беларусі. Я гэта шаную.

Утрымліваць уладу, ці як Радыё Свабода, вы ў тым ліку, разважаеце на тэму таго, што мы тут з Пуціным хочам аб’яднаць дзяржавы, падзяліць пасады. Публічна вам заяўляю ў прамым адкрытым эфіры: я ўжо ня першы тэрмін прэзыдэнтам, я ўжо наеўся гэтага прэзыдэнцтва. Таму загубіць краіну ў імя асабістых амбіцый — я ніколі на гэта не пайду. Гэта значыць перакрэсьліць усё тое, што ты рабіў больш за два дзясяткі гадоў.

Трэба супакоіцца ў гэтым пляне. Я не зьбіраюся сваё палітычнае жыцьцё працягваць за кошт палітычных выкрунтасаў ці канфігурацый. Ні ў якім разе.

Я чалавек вельмі самалюбівы. Калі вы заўтра за мяне не прагаласуеце, я паперажываю ўціхую, але нідзе плакацца ня буду і гвалтам крычаць таксама.

Не магу ня ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах

Адзінае, як мне зараз здаецца... Я гэтую заяву раблю зыходзячы зь цяперашняга стану свайго і краіны, [зыходзячы са] стаўленьня да мяне. Я не змагу ня высунуць сваю кандыдатуру на пост прэзыдэнта. Я цяпер так думаю. Бо можа зьмяніцца здароўе і гэтак далей. Давядзецца па-іншаму паступіць. Але каб вы потым мяне не абвінавацілі ў баязьліўстве і не сказалі, што я ў цяжкую хвіліну зьбег кудысьці.

Я высуну сваю кандыдатуру, вы абірайце любога, можна за мяне не галасаваць. Але калі нешта абваліцца потым, [бо] вы выбралі Пятрова, а не Лукашэнку, я буду спакойны, калі буду жыць. І калі вы мяне ў нечым папракняце, я вам скажу, вы за мяне маглі прагаласаваць, але не прагаласавалі. Я хачу сябе ў гэтым пляне засьцерагчы ад небясьпекі.

Я мінулую перадвыбарную кампанію ня вёў, бо яе і ня трэба было весьці. Ну што я мог дадаткова сказаць да таго, што столькі год працуючы прэзыдэнтам, мяне ўжо кожны сабака ў кожным двары ведае.

Калі будуць прэзыдэнцкія выбары і будзе ўсё як цяпер, я выстаўлю сваю кандыдатуру на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах, я абяцаю, што я ня буду весьці ніякай агітацыі, прапаганды. Ну, подпісы будзем зьбіраць. Мая справа — забясьпечыць роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў. Калі выберуць іншага, ні ў якім разе ня буду крыўдаваць. Я буду разумець, што прыйшоў час, трэба сыходзіць. Вось вы сказалі, жвавенькі. Я ж яшчэ не зусім няжвавенькі. Я буду зыходзіць з гэтага. Ну, гэта я ўжо зусім шчыра разгаварыўся.

Новую Канстытуцыю ўжо распрацоўваюць. Пасьля выбараў будзе першы варыянт

Што тычыцца Канстытуцыі. Вы не маглі не заўважыць маё даручэньне сябрам Канстытуцыйнага суду як спэцыялістам. Зыходзячы з той сытуацыі, на пэрспэктыву... Я іх папрасіў: падрыхтуйце новую Канстытуцыю. Я хачу паглядзець. Але зрабіць трэба не зыходзячы зь меркаваньняў гэтых судзьдзяў. Не арыентуючыся на нейкую групу. Вы агулам павінны бачыць краіну. Ведаць, што ў вас дзеці і ўнукі. Што ім потым жыць, пераймаемся за гэта. Прапануйце мне гэтую Канстытуцыю. Аснова ёсьць — цяперашняя Канстытуцыя. А што трэба? Абмежаваць паўнамоцтвы прэзыдэнта — як вы гэта бачыце? Бо судзьдзі Канстытуцыйнага суду — самыя пісьменныя і дасьведчаныя судзьдзі, юрысты.

Шчыра кажучы, даручэньне гэтае я даў, але ня ведаю, як яно выконваецца. Я ўпэўнены, што гэта людзі вельмі адказныя. Але пакуль мне нічога не прапанавалі. Але, думаю, бліжэйшым часам мне прапануюць.

Пагадзіцеся, ад мяне будзе шмат у чым залежаць, якая гэта будзе Канстытуцыя. Але я схільны сёньня да таго, што новую Канстытуцыю нам давядзецца прымаць. Нам давядзецца ўзмацняць іншыя галіны ўлады: выканаўчую, заканадаўчую. Пасьля сур’ёзнага аналізу, можа, нешта трэба будзе прадпрыняць па выбарчай сыстэме. Ці ўводзіць прапарцыянальную сыстэму, ці прыпыніцца на мажарытарнай? Гэта проста будзе зрабіць. Досьвед ёсьць Расеі, Казахстану, іншых краінаў. Мы вывучым досьвед іншых краінаў.

Я вам клянуся, што гэтая Канстытуцыя ня будзе прапіхвацца. Ня будзе прымацца нахрапам, з зацікаўленасьцю маёй. Я клянуся, што гэтага ня будзе. Усё будзе абсалютна шчыра. Таму што самым зацікаўленым чалавекам, каб потым было ўсё добра і каб у мяне кіямі і камянямі ня кідалі, я буду самым зацікаўленым чалавекам, каб Канстытуцыя адпавядала тым рэаліям, якія складуцца ў нашай дзяржаве.

Я думаў над гэтым пытаньнем. У любога разважлівага прэзыдэнта, калі ён вырашыў скончыць сваю палітычную кар’еру, гэта найважнейшае пытаньне. Вы назвалі гэта транзытам улады. Я шырэй гляджу на гэтае пытаньне: якая будзе нашая Беларусь, каму яна дастанецца? Нашым дзецям — ці камусьці, каму яна не павінна дастацца, што выклікае ў вас пэўную насьцярожанасьць. Гэта вельмі цяжкае, вельмі складанае і вельмі важнае для ўсіх пытаньне, якое вы паднялі.

— А ў якой агляднай пэрспэктыве можа быць разгледжана пытаньне з Канстытуцыяй? Гэта справа пяці ці дзесяці гадоў?

— Я думаю, гэта ня пяць гадоў, гэта будзе нашмат менш. Шчыра, зараз ламаць выбарчае заканадаўства, удасканальваць ці рэфармаваць, тым больш Канстытуцыю, у гэтыя два гады, калі гэтыя парлямэнцкія выбары, нельга. Гэта ня толькі маё меркаваньне. Мы павінны спакойна правесьці гэтыя выбары і заняцца тым, пра што вы казалі ў тым ліку. Хаця гэта не прыярытэт. Трэба захаваць стабільнасьць, бясьпеку, мір у грамадзтве. Як Раманчук патрабуе Яраслаў, дадаць дабрабыту нашаму народу. Каб не было сорамна перад дзецьмі. Бо краіну стварылі, а жыць у ёй не захочацца. Як у суседняй краіне вунь — было тры мільёны, засталося паўтара, якую вы ў прыклад часта прыводзіце. Каб у нас такога ня здарылася.

Можа, у прэзыдэнцкіх выбарах, калі я буду ў іх удзельнічаць, мне давядзецца нешта канкрэтнае пра гэта гаварыць. Але я хацеў бы мець прапановы спэцыялістаў на руках. Каб можна было сказаць, што першы варыянт Канстытуцыі, аснова, у прэзыдэнта ўжо ёсьць. Потым мы разам дапрацуем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG