Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каталікі там пачалі вазбухаць — Сьвёнтак і яшчэ іншыя». Што Лукашэнка сказаў пра Курапаты на «лініі Сталіна»

абноўлена

Дэмантаж крыжоў у Курапатах 4 красавіка.

У Курапатах будзе наведзены «пэўны парадак» і ўстаноўленыя правілы, пры гэтым нікому ня будзе забаронена наведваць урочышча. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытаньні журналістаў 20 красавіка падчас «рэспубліканскага суботніка» на «лініі Сталіна», паведамляе БелаПАН.

«На Курапатах вырасьлі многія нашы апазыцыйныя палітыкі»

Пасланьне Аляксандра Лукашэнкі парлямэнту 19 красавіка 2019 году.
Пасланьне Аляксандра Лукашэнкі парлямэнту 19 красавіка 2019 году.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ня варта перабольшваць градус палітызацыі адпаведнай тэматыкі. «Людзі сёньня занятыя на заводах, фабрыках, сеюць хлеб, разумеючы, што бяз гэтага нельга. Яны нават ня ведаюць пра нашы хітраспляценьні, нейкія дэбаты, градусы. А тыя, хто гэта чуе, задаюцца пытаньнем: што, больш няма чаго рабіць? Іншыя пытаюцца, хто больш у тэме: „Што, ізноў?“ Бо на Курапатах вырасьлі многія нашы апазыцыйныя палітыкі, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — І мне здавалася, што тэма Курапатаў стала той, якая павінна быць у грамадзтве. Я ўжо думаў, што ніхто больш ня будзе гэтую праблему палітызаваць, і ніхто не будзе нажывацца на гэтай тэме як палітык. А не..».

«Людзі, якім было даручана, з душой прыйшлі, вычысьцілі гэтую тэрыторыю»

Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі на „лініі Сталіна“
Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі на „лініі Сталіна“

Гаворачы пра навядзеньне ў Курапатах парадку, Лукашэнка зазначыў: «Якія да мяне прэтэнзіі? Мяне папрасілі, запатрабавалі, мяне папракалі пастаянна, чаму там няма парадку. Але і на "вялікай размове" я сказаў: "Добра, калі на тое пайшло, трэба прэзыдэнту і тут парадак навесьці, я паспрабую". Людзі, якім было даручана, з душой прыйшлі, вычысьцілі гэтую тэрыторыю, абгарадзілі лёгкай агароджай. Там яшчэ не скончана. На плот мы вывесім кветкі, як на праспэкце Пераможцаў на разьдзяляльнай паласе. Мы зробім браму, каб туды людзі маглі зайсьці і выйсьці».

Лукашэнка сказаў — і крыжы зьнесьлі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:00 0:00

«Стаіць за дрэвам "лоботряс", "бел-чырвона-белы сьцяг", і палівае гэтае дрэва»

Кіраўнік дзяржавы расказаў і пра іншыя прычыны, чаму было прынятае рашэньне ўсталяваць агароджу. Паводле яго слоў, даходзіла да таго, што некаторыя людзі спраўлялі ў гэтым месцы свае фізіялягічныя патрэбы. «Мне сорамна нават вам казаць, калі мне паказалі фатаздымкі, што там робіцца... Стаіць за дрэвам "лоботряс", "бел-чырвона-белы сьцяг", і палівае гэтае дрэва. Там жа ні прыбіральняў, нічога не было. Яны прыйшлі — хто пракалоўся, хто нанюхаўся гэтай брыдоты... Ёсьць некаторыя, хто і па-вялікаму там. Але, самае галоўнае, не было абгароджана: людзі выгульвалі сабак па гэтых магілах, па галовах людзей, якія там ляжаць, якім ня трэба гэтая палітыка. Сапраўдныя могілкі, дзе людзі пахаваныя, і ніхто не ведае, дзе тая магілка», — заявіў Лукашэнка.

«Крыжоў наўбівалі на гэтых могілках больш, чым дрэваў»

«І паглядзіце, там крыжоў наўбівалі на гэтых могілках больш, чым дрэваў. А ты, калі забіваў гэты крыж, думаў пра тое, што там галава загінулага чалавека, што ты заганяеш гэты крыж у яго цела або галаву. Калі ўжо хацелі гэтыя крыжы там прымацаваць, дык вазьміце гэтых „пакутнікаў“ — каталікоў і праваслаўных, якія раптам узбудзіліся (сьвятары), ідзеце туды, асьвяціце і прывяжыце гэты крыжык да дрэва, каб у галаву не ўбіваць гэты крыж там», — працягнуў ён.

«Гэта палітыка»

Лукашэнка згадаў і пра крыжы вышынёй у некалькі мэтраў, якія раней былі ўстаноўленыя па пэрымэтры ўрочышча. «Гэта што, для тых людзей?! Гэта палітыка, гэта трэба было паказаць. А што паказаць, я не разумею», — адзначыў ён. «Таму я даручыў па-хрысьціянску, па-мусульманску, па-юдзейску (там жа розныя людзі). І хтосьці з мусульман правільна заўважыў, калі каталікі там пачалі абурацца: чаго вы, кажа, хвалюецеся, злуяцеся — там жа і мусульмане, і габрэі, ня толькі хрысьціяне — праваслаўныя і каталікі», — распавёў Лукашэнка.

«І гэта яшчэ не заканчэньне. Мы прывядзем у парадак гэтае ўрочышча»

Ён заявіў, што тыя крыжы па 5-7 м вышынёй былі ўсталяваныя не ад душы і небескарысьліва. «Я спрабаваў зрабіць ад душы. І гэта яшчэ не заканчэньне. Мы прывядзем у парадак гэтае ўрочышча. Мы папросім прабачэньня перад гэтымі людзьмі за тое, што мы варушым іх прах. Яны ж адтуль на нас глядзяць і думаюць: "Людзі, навошта вы, пакіньце нас у спакоі". Яны гэтага хочуць. Любы памерлы чалавек, які знаходзіцца там, у зямлі, думае толькі адно: „Я сышоў, жывіце вы, доўга жывіце, толькі не варушыць мой прах“. А мы кожны год, палітызуючы праблему, топчамся па іх галовах. Гэта ненармальна. Гэта мой пункт гледжаньня. Можа быць, у кагосьці іншы, — сказаў беларускі кіраўнік. — Можа, нейкі іншы прэзыдэнт прыйдзе і пачне шукаць нейкі кансэнсус і зноў перарые гэтыя магілы. Пакуль я прэзыдэнт, гэтага ня будзе».

«Гэта нашы людзі, нават калі іх туды прывезьлі з Расеі, Украіны ці Аўстрыі»

Лінія Сталіна
Лінія Сталіна

Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што будзе вызначаны парадак і правілы, пры гэтым нікому не будзе забаронена наведваць урочышча. «Але па гэтых правілах. І аддаць даніну павагі тым, хто быў застрэлены ў 30-я, 40-я, яшчэ ў нейкія гады. Мы сёньня нават ня ведаем: гэта толькі сталінскія рэпрэсіі ці там хавалі і яшчэ кагосьці, ці там фашысты расстрэльвалі людзей. Мы ж гэтага ня ведаем. І я не прыхільнік, каб зноў варушыцца і капацца ад раскопак да архіваў. Трэба аддаць даніну павагі тым, хто там ляжыць. Ня трэба іх дзяліць на габрэяў, украінцаў, расейцаў, палякаў ці беларусаў. Гэта нашы людзі, нават калі іх туды прывезьлі з Расеі, Украіны ці Аўстрыі. Ня трэба іх варушыць. Ім трэба аддаць даніну павагі, як мы гэта робім у Трасьцянцы», — заявіў Лукашэнка.

«Думаю, прыйдзе час. Мне трэба яшчэ сур’ёзна падумаць над гэтымі пытаньнямі. І калі мы канчаткова ўладкуем гэтае ўрочышчы, мы яшчэ на гэтую тэму пагаворым», — падсумаваў беларускі кіраўнік.

«Каталікі там пачалі вазбухаць — Сьвёнтак і яшчэ іншыя»

Выступаючы 20 красавіка на «Лініі Сталіна», Аляксандр Лукашэнка паскардзіўся, што пасьля зносу крыжоў у Курапатах пачаў «узбухаць» кардынал Казімір Сьвёнтак.

«Хтосьці з мусульман правільна заўважыў, калі каталікі там пачалі вазбухаць — па-мойму, Сьвёнтак там і яшчэ іншыя, — чаго вы, кажа, хвалюецеся, злуецеся — там жа і мусульмане, і габрэі, не толькі хрысьціяне», — сказаў Лукашэнка.

Яго словы трапілі ў тэлевэрсію, аднак з паведамленьняў БелТА згадка пра Сьвёнтака была прыбраная, паведамляе Наша Ніва. Няма гэтай фразы і на сайце прэзыдэнта Беларусі.

Казімір Сьвёнтак у 1994 стаў першым беларускім кардыналам. Ён узначальваў каталіцкую царкву да 2006 году. У 2011 годзе Сьвёнтак памёр. Яму тады было 96 гадоў.

За савецкім часам Сьвёнтак быў 10 гадоў вязьнем сталінскіх лягераў у Сыбіры. Вярнуўся ў 1954-м у Пінск і пачаў служыць у францысканскім касьцёле. Адмовіўся выяжджаць у Польшчу. Не атрымаўшы рэабілітацыі, усё жыцьцё пісаў у анкетах, што мае судзімасьць.

Кардынал Сьвёнтэк у 1993 годзе быў ініцыятарам канцэпцыі мэмарыялізацыі Курапатаў, якую падпісаў на яго даручэньне ксёндз Завальнюк.

Пра сытуацыю ў Курапатах выказваўся насамрэч не Сьвёнтак, а дзейны мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG