Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі не ўяўляюць, наколькі страшны сталінізм», — праваслаўны сьвятар, аўтар блогу «Batushka ответит»

абноўлена

Праваслаўны сьвятар і влогер Аляксандр Кухта
Праваслаўны сьвятар і влогер Аляксандр Кухта

Аўтар блогу Batushka ответит — праваслаўны беларускі сьвятар Аляксандар Кухта — зьняў у Курапатах ролік з асуджэньнем сталінізму. Цяпер пад ім паўтысячы камэнтароў, дзе адны дзякуюць маладому сьвятару за сьмеласьць, а іншыя абараняюць Сталіна. Спыталі ў Аляксандра Кухты, што для яго Курапаты. І ён адказаў.

Аляксандру Кухту 26 гадоў. Ён служыць у царкве ў Міханавічах. Калі тры гады таму задумаў весьці на Ютубе праваслаўны блог, зьдзівіўся, што нічога падобнага дагэтуль не было. Цяпер Аляксандар апавядае ў сваіх роліках пра Хрыста, Гары Потэра, сэкс, анімэ і эвалюцыю. У блогу каля 25 тысяч падпісчыкаў, а ў Аляксандра рэпутацыя прасунутага праваслаўнага сьвятара.

Мае жонку і малога сына. Жонка да ягонага занятку ставіцца пазытыўна і вядзе ўласны паблік. «Яна мяне называе "эксцэнтрычным", але я зь ёй ня згодны», — сьмяецца Аляксандра. — Хаця я разумею, што блог забірае амаль увесь уласны час. У тым ліку той, які мусіў бы быць прысьвечаны сям’і.


Усе відэа для блогу Аляксандар робіць сам — ад здымкаў да мантажу. Толькі для складаных задачаў — ролік пра сталінізм акурат такі — просіць кагосьці дапамагчы. «Сам пішу сцэнар, бо мне важна, каб блог заставаўся ўласным, не пераўтвараўся ў агрэгатар, падобны да тэлеканалу ці СМІ. Мне важна, каб гэта была думка чалавека, хрысьціяніна і сьвятара», — тлумачыць ён.



«Сталінізм — гэта ня толькі індустрыялізацыя і атамная бомба»

— Чаму палічылі, што сталінізм — годная тэма для вашага блогу?

— 70% гледачоў майго блогу — гэта расейцы. Таму ў сваіх тэмах я часта арыентуюся на гэтую аўдыторыю. Але ўвогуле я гавару пра Хрыста. Я зьвярнуў увагу, што згодна дасьледаваньням расейскага «Левада-цэнтру», летась 40% расейцаў вельмі добра ставіліся да Ёсіфа Сталіна і ягонай палітыкі. Але я ведаю, што сама па сабе гэтая лічба нічога ня значыць, бо яна цікавая ў дынаміцы. Дык вось 20 гадоў таму было ня 40%, а значна-значна менш. Тэндэнцыя росту павагі да Сталіна і ягонай палітыкі мяне зьбянтэжыла.

Калі ролік ужо быў у працэсе мантажу, выйшлі актуальныя на 2019 год дасьледаваньні. І гэтая лічба ўзрасла да 70%. Гэта вельмі шмат. Калі я рыхтаваў блог, патэлефанаваў пэўным сваім знаёмым, каб задаць гэтае пытаньне. І кожны мне сказаў, што іх гэта закранула.

Я разумею, што насамрэч людзі не ўяўляюць сабе, што такое сталінізм, як гэта страшна, чаму гэта негуманна. Яны мараць пра чалавека, які прыйдзе, навядзе парадак — і ўсё будзе вельмі добра. Нічога ня маю супраць гэтай мары. Але ролік папярэджвае ўсіх, у тым ліку і беларусаў, што сталінізм — гэта не выйсьце.

Курапаты, дзе здымаўся ролік, вельмі прыгожае месца, і яно мне падабаецца ў тым выглядзе, які яно цяпер мае — з крыжамі і народным мэмарыялам. Гэта знакавае месца, каб нагадаць, што сталінізм — гэта ня толькі прагрэс, атамная бомба, індустрыялізацыя і выйграная Другая ўсясьветная вайна, але шмат-шмат ахвяраў.

— Як вы ставіцеся да таго, што нядаўна ў Курапатах афіцыйныя ўлады пазносілі крыжы?

— Я ня раз выказваўся пра гэта ў сваіх сацыяльных сетках. Мне вельмі не падабаецца тое, што сымбалем разьдзяленьня стаў менавіта крыж. Разумею, што мне нельга ўлазіць у актуальную палітыку, бо мая місія — гаварыць пра Хрыста. Але мне не падабаецца, як дэманстратыўна зносіліся гэтыя крыжы. Мы таксама зносім старыя храмы, каб на іх месцы пабудаваць новыя. Але калі мы гэта робім, зьбіраем людзей, служым малебен. Не разумею, чаму нельга было зрабіць па-людзку — сабраць усіх зацікаўленых людзей і прадстаўнікоў розных вызнаньняў, паразмаўляць зь імі, адслужыць малебен і пасля гэтага прыйсьці да поўнай згоды, якім чынам наводзіць парадак.

У краіне, дзе амаль 80% — гэта хрысьціяне розных канфэсіяў, бульдозэрам выкарчоўваць крыж — гэта дзіўна, непрыгожа і для мяне асабіста брыдка. Крыж — сымбаль хрысьціянства, за які і зь якім людзі паміралі. Гэта сымбаль гуманізму. Нельга яго так зносіць і кранаць вельмі моцныя пачуцьці такой вялікай колькасьці людзей.

Яшчэ раз скажу, што мне асабіста падабаюцца Курапаты з крыжамі як народны мэмарыял, які ўзьнік стыхійна. Ня маю нічога супраць таго, каб яшчэ лепш іх упарадкаваць. Зь іншага боку, аднак, мне важна, каб мэмарыял заставаўся жывым, народным і актуальным для людзей. А ня быў стандартным помнікам, які нікому не цікавы.

— Вы кажаце, што ў грамадзтве сымбалем разьдзяленьня стаў крыж. Але выглядае, што і ў Беларускай праваслаўнай царкве няма адзінства наконт лёсу Курапатаў. Напрыклад, Фёдар Поўны палічыў, што дзяржаўнае добраўпарадкаваньне зроблена добра, у тым ліку і знос крыжоў.

— Я бачыў меркаваньне айца Фёдара, але мне падалося, што ён таксама супраць дэманстратыўнага крыжазносу — але гэта няважна, бо папраўдзе царква гэта ня войска. Я сустракаў людзей, якія называюць сябе праваслаўнымі, жывуць у Беларусі, і яны вельмі добра паставіліся да крыжазносу. Для мяне гэта незразумела, бо я хрысьціянін, і крыж для мяне не пусты сымбаль. Але тое, што ў нас ёсьць розныя думкі на гэты конт, — нармальна і гаворыць пра тое, што царква — жывы арганізм.

«Хрысьціянства — гэта не "папы на мэрсэдэсах"»

— Ці па-рознаму рэагуюць на вашыя блогі гледачы ў розных краінах?

— Калі чалавек піша камэнтар, мне складана вызначыць, адкуль ён. Але быў у мяне ролік пра Гары Потэра, які я зрабіў па-беларуску. Я чакаў, што шмат камэнтаў будзе з асуджэньнем мяне, маёй мовы. Думаў, што расейцы будуць жартаваць зь яе. Але я вельмі зьдзіўвіся, бо атрымаў вельмі шмат пазытыўных водгукаў на беларускую мову, яе мілагучнасьць. І людзі зьдзіўляліся, чаму я ўвесь час не размаўляю на гэтай прыгожай мове. І наадварот: я атрымаў вельмі шмат нэгатыву ад беларускіх «рускамірцаў», скажам так.

А на ролік пра сталінізм я, з аднаго боку, злавіў вельмі шмат нэгатыву ад расейскай аўдыторыі. Пэўна, гэта адзін з самых нэгатыўна ацэненых ролікаў у камэнтах. Набегла шмат прасталіністаў, якія спрабуюць пераканаць мяне, што сталінізм насамрэч тое, чым трэба ганарыцца. А з другога боку, беларусы дзякавалі за тое, што я праз Курапаты зноў нагадаў гісторыю, напомніў, чаму гэтае месца важнае для нас.

— Ці вам трэба прасіць дазволу зьвярнуцца да той ці іншай тэмы? Ці паказвае свае відэа камусьці з кіраўніцтва да публікацыі?

— Цэнзуры няма. Але калі я сумняюся, то кансультуюся. У нас ёсьць інфармацыйны аддзел, які агульна кантралюе, што кажуць у публічнай прасторы розныя сьвятары. Лічу, што гэта нармальна. З кіраўніком гэтага аддзелу айцом Сяргеем Лепіным я сябрую. Часта зь ім кансультуюся, але як сябра зь сябрам, а не як падцэнзурны з цэнзарам. Да таго ж я працую ў Сынадальна-місіянэрскім аддзеле, чыя праца — актуальна гаварыць пра Хрыста і несьці гэтае слова да людзей на актуальнай мове. Таму гэта мой абавязак у пэўным сэнсе — весьці блог.

— Ці вы сапраўды верыце, што праз ютуб, «анбоксінг», «відосы» і ўсе гэтыя штукі можна пераканаць цяперашнюю моладзь, што сэкс магчымы толькі ў шлюбе?

— Я нікога не пераконваю. Я папулярызую. Ёсьць навукоўцы, якія папулярызуюць навуку. Яны не апавядаюць пра складаныя навуковыя формы ці складаныя дасьледаваньні. Але яны кажуць, што навука — гэта важна, цікава і мяняе жыцьцё ў лепшы бок. Я займаюся гэтым самым — папулярызую хрысьціянства сярод свайго пакаленьня. На падставе сваіх культурных кодаў кажу, што хрысьціянства — гэта ня тое, што вы думалі, ня толькі «папы на мэрсэдэсах», а глыбокая каштоўнасьць.

— І што вы супрацьпастаўляеце «папам на мэрсэдэсах»?

— Нармальна, калі людзі ведаюць пра царкву толькі ў кантэксьце «папоў на мэрсэдэсах». Кожны з нас ня можа дакладна разабрацца ва ўсіх пытаньнях і праявах жыцьця. Напрыклад, я нічога не разумею ў палітыцы. Амаль усе мае палітычныя меркаваньні сфармуляваныя кімсьці, каго я гляджу ці слухаю. Нічога не разумею ў мабільных тэлефонах. Я апошні свой тэлефон купляў, грунтуючыся на рэкляме. Ведаў, што адна мадэль робіць добрыя фатаздымкі, а другая нічога добрага ня робіць, але мець яе — прыкмета крайняга мажорства. У сутнасьці, я выбіраю паміж мажорствам і фатаздымкамі, бо я нічога не разумею ў мабільных працэсарах, камэрах, альгарытмах апрацоўкі фота.

Разумею, што шмат людзей прыблізна гэтаксама ставіцца да рэлігіі, хрысьціянства — на ўзроўні тых кавалкаў інфармацыі, якія яны бачаць і чытаюць у інтэрнэце. Звычайна гэта «папы на мерседэсах» і ўсё, што мы з вамі любім.

Адзін з сакрэтаў посьпехаў кавалкаў гэтай інфармацыі ў тым, што яны даступныя, простыя для разуменьня. Яны аформленыя звычайнай актуальнай чалавечай мовай. Таму я не разумею, чаму не магу на сваёй мове расказваць пра Хрыста. І наадварот, дзіўна, калі я ў 26 гадоў буду размаўляць на мове 60-гадовага царкоўнага старца.

— Вам у царкве не прылятае за тое, што вы робіце ў інтэрнэце?

— У нас штогоду праходзіць сход сьвятароў менскай япархіі. Тры гады таму да мяне на гэтым сходзе падышоў масьціты, вядомы беларускі сьвятар і сказаў: «Ай-яй-яй, якой ерундой вы займаецеся». Але праз год гэты ж сьвятар да мяне падышоў, паціснуў руку і сказаў: «Дзякуй табе, бо ў тым ліку дзякуючы тваім ролікам мае дзеці цяпер вярнуліся ў царкву». Для мяне гэта паказьнік.

Зноў-такі, царква ня войска, і ў кожнага ўласнае стаўленьне да таго, чым я займаюся. Але я сам бачу вынікі сваёй дзейнасьці. Штодня атрымліваю камэнтары і паведамленьні ў прыват. Кшталту «Прывітаньне, я лічу, што я атэіст (ці агностык), але дзякуй табе за тое, што ты кажаш, бо я знайшоў для сябе новы сьвет і мне цікава ў ім разьбірацца». Я лічу, што гэта ўжо перамога і ў эвангельскім сэнсе насеньне веры я пасеяў у гэтым чалавеку. А далей вырасьціць гэтае насеньне — справа іншых сьвятароў і самога Бога. Прыкладна так.

Калі казаць пра афіцыйныя адносіны, то паўгода таму мяне выклікалі ў Маскву на фэстываль «Вера і слова». Там зьбіраюцца самыя вядомыя царкоўныя СМІ. І ўручылі мне дыплём як найлепшаму царкоўнаму ютуб-каналу.

Таму я магу з упэўненасьцю казаць, што так, на афіцыйным узроўні царква падтрымлівае тое, чым я займаюся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG