Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьвятар, але дэактываваны». Як пакаралі Аляксандра Шрамко за крытыку патрыярха


Менскі сьвятар Аляксандар Шрамко, які адпраўлены як мінімум на 1 год за штат, сказаў, што ўказ адносна яго быў прыняты без кананічнага абгрунтаваньня. Праз фэйсбук ён таксама зьвярнуўся з просьбай аб фінансавай дапамозе і напісаў, што прымае прапановы аб супрацоўніцтве.

16 кастрычніка сьвятар Аляксандар Шрамко быў залічаны за штат «бяз права служэньня, нашэньня ярэйскага крыжа і даваньня блаславеньня». Падставай для звальненьня з пасады названыя «сыстэматычныя публікацыі ў СМІ паведамленьняў, якія ганьбяць Праваслаўную Царкву і сеюць у сэрцах людзей варожасьць і нянавісьць». Праз год будзе разглядацца пытаньне пра далейшае служэньне Аляксандра Шрамко ў ярэйскім сане.

«Звольнілі некананічна»

«Пры патрыярху Кірылу прынялі палажэньне аб забароне ў сьвятарстве і накіраваньні за штат. Там ёсьць канкрэтная форма ўказу, якая тут парушана. Бо ў дакумэнце павінна быць указана прычына, кананічнае абгрунтаваньне. Яго тут няма. Са мной нават пагадзіўся мітрапаліт Павал, калі я сказаў, што фармальна няправільна аформлена. Ну, магчыма, сказаў ён, але сутнасьць вось такая. Таксама згодна з палажэньнем павінен быць указаны тэрмін. Бо забарона ў сьвяшчэннаслужэньні прадугледжвае, што гэта часовая мера ў любым выпадку. Яна можа доўга працягвацца, але часовая», — сказаў айцец Аляксандар, камэнтуючы ўказ мітрапаліта Паўла.

Свой цяперашні статус ён патлумачыў так:

«Сьвятар, але дэактываваны».

Ва ўказе айцу Аляксандру ставяцца ў віну «парушэньне ярэйскай прысягі, клятвапарушэньне».

«Маецца на ўвазе, што трэба паслушэнства праяўляць адносна сьвяшчэннаначальля. „Клятвапарушэньне“ тычыцца і прысягі, і таго, што я ў 2009 годзе прыносіў публічнае пакаяньне. Але я казаў, што я яго не прызнаю, бо яны самі далі мне паперу і сказалі прачытаць. Гэта нельга лічыць пакаяньнем. То бок там я абяцаў, што спыню сваю дзейнасьць у сацсетках.

Яшчэ яны спаслаліся на рашэньне эпархіяльнай рады ад 25 кастрычніка, калі мяне таксама выклікалі адносна майго камэнтара наконт паводзінаў патрыярха Кірыла падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Баўгарыі. Але тады не было прынята ніякага рашэньня. І вось цяпер усё разам злучылі».

«Мяне пачалі ціснуць да апошняга»

Айцец Аляксандар сказаў, што і надалей будзе працягваць публікавацца ў фэйсбуку. Ён мяркуе таксама адкрыць відэаблог.

«Сумны вопыт з клятвай і пакаяньнем, якое было 10 гадоў таму, паказаў, што кампрамісы тут як бы не прымаюцца. Чаму так атрымалася 10 гадоў таму? Бо я думаў, калі прыйшоў і сказаў, што гатовы пакаяцца, што яны неяк пойдуць насустрач. І я насустрач пайду, у нечым сябе абмяжую, каб знайсьці агульны кансэнсус.

Але атрымалася, калі я ўжо трапіў у рукі, пагадзіўся, то мяне пачалі ціснуць да апошняга, каб я поўнасьцю раззброіўся, як кажуць, перад партыяй. Таму „мець меркаваньне“ пра далейшае служэньне праз год ярэя Шрамко можа зноў прывесьці не да самага лепшага для душы дзеяньня, калі ты вымушаны, на цябе ціснуць, прымушаюць нешта падпісваць», — сказаў айцец Аляксандар.

«Мітрапаліт Філарэт быў больш рэзкі»

— Як вернікі аднесьліся да ўсёй гэтай сытуацыі, ці выказвалі вам падтрымку?

— Я адчуваю падтрымку. Мала нават хто піша нешта дрэннае. Напрыклад, адзін сьвятар мне патэлефанаваў і сказаў, што я вас падтрымліваю, і шмат хто падтрымлівае, але думаю, што ў вас ужо паляцелі какашкі. Але я кажу, што няма какашак. Я паглядзеў, што ў камэнтарах ёсьць некаторыя выказваньні, але рэзкіх ці абразьлівых няма. Усе пішуць толькі пра падтрымку.

— А гэтыя фатаздымкі з аховай патрыярха Кірыла вы будзеце выдаляць са сваёй старонкі ў фэйсбуку?

— А мне не паставілі такой умовы. Наагул ніякіх умоваў не паставілі. Проста выдалі ўказ і сказалі: думайце самі, вырашайце самі. Я нават падзякаваў за спакойны тон. Яны і я вялі аўдыёзапіс нашай размовы. Але яна была ў спакойным тоне. Бо мітрапаліт Філарэт быў больш рэзкі. А гэты такі спакойны.

Айцец Аляксандар пакуль ня вызначыўся, чым будзе займацца цягам бліжэйшага году.

«Сказалі: праз год, калі вы пакаецеся, зьменіце сваё стаўленьне і служэньне — напэўна, маецца на ўвазе, што я перастану пісаць, выказвацца, — тады праз год будзе магчымасьць перагляду рашэньня».

«Гэта беззаконны ўказ»

Тэоляг, дырэктарка Цэнтру «Экумэна» Натальля Васілевіч сказала карэспандэнту Свабоды, што рашэньне, прынятае адносна айца Аляксандра, не адпавядае рашэньню сыноду РПЦ ад 2014 году.

Беларускі праваслаўны тэоляг і блогер Натальля Васілевіч
Беларускі праваслаўны тэоляг і блогер Натальля Васілевіч

«Тут нават не зразумелы прадмет указу, бо ён выводзіць клірыка за штат у якасьці пакараньня. Але за штат можна вывесьці альбо паводле просьбы самога сьвятара, альбо па стане здароўя, альбо як дадатковае наступства забароны на служэньне. А тут атрымалася наадварот: яго вывелі за штат — і як дадатковае наступства пазбавілі права служыць, насіць крыж і даваць блаславеньне вернікам.

Фактычна яны хацелі гэта сфармуляваць, каб сьвятар быў у забароне, але без самой забароны.Таму гэты ўказ у прававым сэнсе памылковы і бессэнсоўны».

Таксама ў дакумэнце няма спасылкі на царкоўныя каноны, таму, паводле Натальлі Васілевіч, «гэта беззаконны ўказ».

«Таксама гэта эканамічны спосаб уціску»

«Тут справа ў тым, што айцец Аляксандар — фігура даволі папулярная ў публічнай прасторы Беларусі. Ягоныя фатаздымкі з сустрэчы патрыярха шмат хто перадрукаваў. У яго шмат прыхільнікаў ня толькі ў Беларусі, але і ў РПЦ. Таму на яго і зьвярнулі ўвагу і выказалі незадаволенасьць. Цяпер сьвятар, які ня можа служыць, часта рэзка перастае быць цікавым публіцы. Вельмі часта сьвятары цікавыя публіцы ў расах.

Таксама гэта эканамічны спосаб уціску, бо айцец Аляксандар жыў збольшага са сваёй сьвятарскай дзейнасьці».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG