Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Духоўнік Лукашэнкі» выказаўся наконт зносу крыжоў у Курапатах


Настаяцель храма-помніка Ўсіх Сьвятых протаярэй Фёдар Поўны
Настаяцель храма-помніка Ўсіх Сьвятых протаярэй Фёдар Поўны

Настаяцель храма-помніка Ўсіх Сьвятых протаярэй Фёдар Поўны, якога часам называюць духоўнікам кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, адказаў на пытаньне «Нашай Нівы» наконт сытуацыі ў Курапатах.

«Духоўны сьвет складаны, ён не дапускае маніпуляцый у нечых інтарэсах, гэта пагражае, па меншай меры, непрыемнасьцямі. Часта мы бачым толькі тое, што ляжыць на паверхні. Завяршаецца крыжапаклонны тыдзень Вялікага посту ў праваслаўных хрысціян. У кожным храме ляжыць расьпяцьце для пакланеньня. Мы смуткуем пра сьмерць Ісуса Хрыста. У гэты час не зусім паважна для сакральнага сымбаля прыбіраюць крыжы з тэрыторыі Курапатаў, каб прывесьці мэмарыяльнае месца ў належны выгляд. Зусім лягічна людзі ўспрымаюць гэтае дзеяньне як патаптаньне сьвятыні. Такая рэакцыя заканамерная, і чакаць іншай — тое ж самае, што спадзявацца на цуд.

Можна абвінаваціць ўлады ў бездухоўнасьці, але можна і задумацца над больш глыбіннымі рэчамі. Напрыклад, ці шмат тых, хто цяпер паўстаў супраць зносу крыжоў у Курапатах, прыйшлі пакланіцца Расьпяцьцю ў храме? Якая частка насельніцтва гораду Менску прыйдзе на пакутным тыдні ў храм, не на Вялікдзень радавацца і асьвячаць куліч, але суўкрыжоўвацца Хрысту? Ёсьць тонкая грань паміж абаронай Сьвятыні Крыжа і асуджэньнем ўлады, якую кожны спрабуе абазваць нелюдзямі...

Курапаты ж пачаліся з супрацьстаяньня і часта няпраўды: з завышаных лічбаў ахвяраў, у скажэньні фактаў, прыгожым прыкрыцьцём якіх сталі крыжы. Шчыра прызнаемся сабе, што кожны раз, калі згадваецца гэтае трагічнае месца ў публічны інфармацыйнай прасторы — гэта альбо скандал, альбо правакацыя. Я памятаю зусім няшмат публікацый пра Курапаты ў кантэксьце гістарычнай памяці, смутку аб загінулых, сумеснай малітвы, у кантэксьце навуковага дакладнага даследаваньня, у рэшце рэшт. Я прамаўляю гэтыя словы пры ўсім разуменьні паўнаты смутку аб загінулых, якую шчыра падзяляю з усімі беларусамі.

На жаль, рэакцыя на тое, што адбываецца і цяпер можа паслужыць расколу грамадзтва. Сумна, што яго нагодай, на жаль, робіцца крыж, што не дапушчальна, бо праўдзівы Крыж Хрыста ў тых, хто садзейнічае ўсталяваньню і ўмацаваньню міру.

Недапушчальна, каб Крыж стаў падставай для бойкі або сутыкненьняў, і мы, калі лічым сябе праўдзівымі хрысьціянамі, павінны цьвяроза асэнсаваць тое, што адбываецца і зазірнуць ўнутр сябе. Мы маем права на сваё меркаваньне, мы павінны казаць услых, але з якой адказнасьцю за кожнае слова».

Пазьней протаярэй Фёдар Поўны выказаўся на старонцы актывіста Антона Матолькі, які перадрукаваў ягоны ранейшы камэнтар.

«Супрацьпастаўленьне пачалося яшчэ тады, калі каты расстрэльвалі ахвяр. Паміж ахвярамі і катамі. Цяпер складваецца ўражаньне, што калі даць магчымасьць змагацца з рэлігіяй, то многія з тых, хто тут выказаўся, у тым ліку за абарону расстраляных (і сьвятароў), расправяцца з папамі яшчэ больш выдасканаленымі мэтадамі, чым гэта рабіла НКВД. З нагоды іконы Сталіна. Зайдзіце дзеля цікавасьці ў Храм-Помнік, магу асабіста правесьці экскурсію заўтра для ўсіх тых, хто тут камэнтаваў. Вы ўбачыце абліччы расстраляных сьвятароў. І, акрамя таго, там ёсьць сьвятары і біскупы, якіх забівалі каталікі ў 16 і 17 стагодзьдзі. І гэта не перашкаджае нам захоўваць міжканфэсійны мір у рэспубліцы, а мне запрашаць усіх духоўных лідэраў на мерапрыемствы, зьвязаныя з памяцьцю аб загінулых беларусах.

Памяць павінна аб'ядноўваць людзей, а не падзяляць, калі мы людзі...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG