Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За крыжы павінны ўсе паўстаць — і каталікі, і праваслаўныя, і пратэстанты». Людзі ідуць у Курапаты, каб памаліцца


Ад раніцы суботы ў Курапаты ішлі людзі, многія дзеля таго, каб памаліцца ня толькі за расстраляных у часы рэпрэсій, але і за тых будаўнікоў, якія пазаўчора выконвалі загады аб зносе часткі курапацкіх крыжоў.

«У нас свой крыжовы шлях, молімся і за збаўленьне ад граху гэтых людзей. Яны мусілі рабіць гэтую дрэнную справу, такі быў ім загад, але гэтак нельга», — кажа спадарыня Яніна.

Яны з сяброўкай Сафіяй — шчырыя каталічкі. Прышлі сёньня ў Курапаты «на заклік душы».

Яніна (справа) і Сафія правялі ў Курапатах свой крыжовы ход
Яніна (справа) і Сафія правялі ў Курапатах свой крыжовы ход

Пра падзеі ў Курапатах Яніна даведалася з фэйсбуку і вельмі абурылася тым, што зьнесьлі крыжы. Ці можна было пазьбегнуць канфлікту? Спадарыня Яніна не сумняваецца.

«Дакладна сказаў наш мітрапаліт Кандрусевіч, што доўга гэта гісторыя цягнулася, даўно трэба было Курапаты добраўпарадкаваць, як яны кажуць, але спачатку трэба было ўсё ўзгадніць з людзьмі, якія гэтым месцам апякуюцца. Знайсьці спосаб, каб і агароджу паставіць, і крыжы не ламаць».

Спадарыня Сафія дадала, што цяпер яны часьцей будуць прыходзіць у Курапаты.

«За крыжы павінны ўсе паўстаць — і каталікі, і праваслаўныя, і пратэстанты».

Пэнсіянэр Васіль жыве ля Курапацкага лесу, у мікрараёне Зялёны Луг. Сын знайшоў навіну ў інтэрнэце, вось ён і прыйшоў сёньня ў Курапаты, каб паглядзець на тыя месцы, дзе стаялі зламаныя крыжы.

Разводзіць рукамі і таксама абураецца:

«Хіба нельга было іх захаваць?!»

Адносна таго, што вакол Курапат будуюць агароджу пэўнага стаўленьня яшчэ ня мае:

«Можа і патрэбна, але неяк 30 гадоў без яе абыходзіліся і нічога. Ня ведаю».

Ці прыйдзе ён заўтра на малітву за Курапаты на плошчу Свабоды? Сказаў, што можа і прыйшоў бы, але ў яго хворыя ногі, пасьля апэрацыі.

«Але — я на баку абаронцаў. Крыжы ламаць — гэта суцэльнае дзікунства».

Малады чалавек Сяргей у Курапатах упершыню. Паводле адукацыі гісторык, але да Курапат ніколі не даходзіў. А тут праняло, вырашыў усё на свае вочы пабачыць. І насамрэч, убачаным Сяргей быў вельмі ўражаны.

«Так, крыжы ў лесе — як постаці людзей, толькі маўчаць».

Сяргей упершыню у Курапатах. «Прыйшоу пад уплывам апошніх падзей»
Сяргей упершыню у Курапатах. «Прыйшоу пад уплывам апошніх падзей»

Ухваліў малады чалавек і мэмарыяльны знак, які летась зьявіўся ў Курапатах на замову Фэдэрацыі прафсаюзаў.

«Так, уражаньня не разбурае і вобраз такі, што ўсім зразумелы».

Абмяркоўваем зь Сяргеем, чаму мэталёвыя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі, якія аказаліся па-за агароджай, гэтак і ня зьнесьлі, а вось вялікім не пашанцавала. Сяргей мяркуе, што «аднаму чалавеку» вялікія крыжы не спадабаліся, вось ён і загадаў іх зьнесьці.

«А чыноўнікі кінуліся выконваць, што яны яшчэ могуць?».

Але ў тое, што на зносе 70 вялікіх крыжоў улады ня спыняцца і навісла пагроза над усімі Курапатамі Сяргей ня верыць.

«Ня той час. Курапаты ўжо сымбаль Беларусі, адмовіцца ад яго немагчыма», — мяркуе малады чалавек.

У Курапатах удалося пагаварыць яшчэ з адным наведнікам. Аляксандру каля 40 гадоў, ён адзін з амаль 50 працаўнікоў арганізацыі «Заслаўебудіндустрыя», якая ўсталёўвае вакол Курапат агароджу. Будаўнік прыйшоў паглядзець на помнік і курапацкія магілы ў перапынку на абед.

«І колькі ж тут было расстраляна?» — з гэтага пытаньня Аляксандра пачалася наша зь ім размова пра Курапаты. Аляксандр доўга ня мог паверыць, што ў гэтым лесе можа ляжаць да 200 тысяч землякоў.

«Гэта ж трэба было эшалёнамі сюды звазіць людзей».

Але на згадку пра начныя «варанкі» кіўнуў і сказаў, што ягонага прадзеда з братам гэтак жа расстралялі нізавошта.

«І невядома дзе ляжаць».

Яшчэ два браты маці Аляксандра былі выселеныя з Чэрвеньскага раёну ў Амурскую вобласьць падчас калектывізацыі, у Благавешчанску дагэтуль жывуць далёкія сваякі.

«Як быў сход пра ўтварэньне калгасу, а ніхто не хацеў уступаць, дык нешта сказалі на тым сходзе, пасьмяяліся ці што... Неўзабаве ноччу за імі прыехалі. Там пад Чэрвенем так было: у каго хата з пяцьцю вокнамі — ужо ў кулакі запісвалі і высялялі».

Але аб працы на аб’екце Аляксандр казаў не ахвотна. Іх перакінулі ў Курапаты з Калодзішчаў, дадаткова заплаціць за працу ў выходныя не абяцалі.

«Мы часта па суботах працуем».

Што да крыжоў, то гэта не яны іх разбуралі і куды крыжы падзеліся, ён ня ведае. Фатаграфавацца Аляксандр адмовіўся.

Працягваецца будоўля агароджы вакол Курапатаў

Будоўля агароджы вакол Курапатаў спынялася толькі падчас абеду.

Па стане на 14 гадзінаў суботы панэлі зялёнай сеткі былі цалкам усталяваная з боку рэстарацыі «Поедем-поедим», напалову на ўчастку ўздоўж Заслаўскай дарогі і амаль цалкам на ўчастку ад кальцавой. Пачалі мантаваць сетку і ля Курапацкага лесу з боку гандлёвага цэнтру «Экспабел». Дзьве брыгады рабочых будуць працягваць працаваць да канца дня.

Побач з выкапанымі ямамі ўжо ляжаць зялёныя слупкі і панэлі сеткі. Будоўлю па-ранейшаму кантралююць міліцыянты ў форме і супрацоўнікі у цывільным.

Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. ​Што важна ведаць

Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

​1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.

З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.

Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.

За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.

Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.

​7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG