Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя рэстарацыі «Поедем поедим»: «Мы абавязкова адкрыемся»


Падчас пікету супраць адкрыцьця рэстарацыі ля Курапатаў, 31 траўня 2018

А старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры лічыць пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў «спэкуляцыяй на касьцях».

Як каля месца масавых расстрэлаў зьявіўся рэстаран

Рэстарацыя «Поедем поедим» павінна была адчыніцца 1 чэрвеня. Прынамсі, такую дату называлі яе супрацоўнікі ў размове з карэспандэнтам Свабоды яшчэ тыдзень таму. Аднак ні ў першы дзень лета, ні ў першыя летнія выходныя ўстанова «Поедем поедим» так і не адчынілася. За высокім плотам, які атачае комплекс, заўважная актыўнасьць. Час ад часу за браму заяжджаюць аўтамабілі з прадуктамі. Але на самой браме ўжо каторы дзень вісіць ліст паперы зь вялікімі чорнымі літарамі «Закрыто».

Пратэст ля брамы рэстараннага комплексу
Пратэст ля брамы рэстараннага комплексу

«Пра ўсё даведаецеся са СМІ»

«Пра што вы хочаце паразмаўляць? — непрыхільна адказвае праз тэлефон жанчына, якая назвалася супрацоўніцай кампаніі „Амізбел“. — Пра тое, чаму мы яшчэ не працуем? Мы не працуем, бо не пасьпелі ўсё падрыхтаваць да адкрыцьця. А зусім не таму, што вы там пад нашай брамай стаіце. Абавязкова адкрыемся».

Нумар таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Амізбел», на якое аформленая рэстарацыя «Поедем поедим», знаходжу на сайце з прапановамі працы. З абвесткі вынікае, што рэстаратары наймаюць на працу ў комплекс афіцыянтаў (заробак ад 450 рублёў), кухараў (850) і бармэнаў (650). Апошняе абнаўленьне вакансіяў — 4 чэрвеня.

Інфармацыі пра ТАА «Амізбел» у адкрытых крыніцах няшмат. У Міністэрстве падаткаў і збораў зарэгістраванае год таму — 17 траўня 2017 г. Пры Менскім райвыканкаме (юрыдычны адрас аформлены пры Бараўлянскім сельскім савеце) на дзень раней. Устаноўчы фонд — 267 637 рублёў.

«Я ня буду з вамі зараз ні пра што размаўляць, — рашуча заяўляе Свабодзе іншая супрацоўніца „Амізбел“, якая назвалася дырэктарам кампаніі. — Пра ўсё даведаецеся са СМІ. Да пабачэньня».

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч

«Яны максымум год прапрацуюць»

«Не трэба нават пратэсты праводзіць. Максымум год прапрацуе і будзе закрыты праз эканамічную неэфэктыўнасьць, — апісвае пэрспэктывы рэстарану „Поедем поедим“ старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. — Ня тое месца там для рэстарана, нават без уліку Курапатаў. Паміж дзьвюма дарогамі, побач кальцавая. Ну хто туды спэцыяльна паедзе адпачываць? Гэта сьмешна... А вось тыя, хто цяпер ладзіць там акцыі пратэсту, я лічу, спэкулююць на касьцях».

Паводле Антона Астаповіча, усё, што адбываецца вакол Курапатаў, адбываецца ў межах заканадаўства. У тым ліку зьмена ахоўных зонаў.

«Нашая публіка зараз дагуляецца да таго (маюцца на ўвазе пратэсты супраць адкрыцьця „Поедем поедим“), што ўсё гэта абрыдне ўладам і яны ўвогуле прыбяруць ахоўную зону вакол Курапатаў. Зробяць яе межы аднолькавымі зь межамі самога помніка, — гаворыць Астаповіч. — Абрэжуць, і гэта будзе ў межах закону. Я вам хачу сказаць, што Курапаты — гэта адзіная гісторыка-культурная каштоўнасьць у Беларусі, якая мае такія шыкоўныя ахоўныя зоны. Такія ідэалягічныя аб’екты, як Трасьцянец, Берасьцейская крэпасьць, нават Хатынь маюць зоны аховы, якія супадаюць зь межамі саміх гэтых помнікаў».

Як кажа Астаповіч, беларускае заканадаўства прадугледжвае 50-мэтровыя ахоўныя зоны для могілак, што зьвязана з санітарнымі нормамі. А таксама для археалягічных помнікаў, бо вызначыць іхныя дакладныя межы без дасьледаваньняў бывае складана.

«Курапаты маюць выключную сытуацыю, — дадае Астаповіч. — Апошні раз ахоўная зона карэктавалася ў 2014 годзе, тады подпіс пад дакумэнтам ставіў намесьнік міністра. І зрабілі вінаватай гэтую Дрыгу (Ірына Дрыга, першая намесьніца міністра культуры. — РС) ва ўсім. А ў чым яе віна? Перад выхадам у Мінкульце гэты дакумэнт зацьвярджаўся ў мностве іншых ведамстваў. Не зацьвердзіла б Дрыга гэты праект, і Курапаты ўвогуле маглі б застацца без ахоўных зонаў... Я сур’ёзна гавару, на курапацкай праблеме ідзе спэкуляцыя. Цэлы шэраг нашых, як я іх называю, палітычных лузэраў хоча ўзгадак пра сябе. Я разумею маральны аспэкт разьмяшчэньня там рэстарацыі, але заканадаўча яна там будзе».

Павал Севярынец на акцыі ў Курапатах у лютым 2017
Павал Севярынец на акцыі ў Курапатах у лютым 2017

«Пракуратура пастанавіла зьнесьці»

Тым часам адзін з самых актыўных пратэстоўцаў, сустаршыня БХД Павал Севярынец, 4 чэрвеня абвясьціў пачатак штодзённай вахты ля брамы рэстарана «Поедем поедим». Пачынаючы з 5 чэрвеня актывісты будуць ладзіць там акцыі. Сярод агучаных: маляваньне вугалем «Вугальная раніца», сход «Паэтычная абарона», акцыя «Не паеду, не паем», а таксама выступы бардаў.

«Да 2012 году гэтая тэрыторыя (на якой цяпер знаходзіцца рэстаран „Поедем поедим“. — РС) знаходзілася ў 150-мэтровай ахоўнай зоне, — тлумачыць сваю пазыцыю Павел Севярынец. — Там ня мусіць будавацца проста нічога, нуль. У 2012 годзе пракуратура гораду Менску вынесла пастанову, згодна зь якой чатыры павільёны тагачаснага „Бульбаш-Холу“ мусілі быць зьнесеныя. Але ў лістападзе 2013 году Міністэрства культуры за подпісам Ірыны Дрыгі выводзіць гэтую тэрыторыю з ахоўнай зоны, а ахоўную зону вызначае шырынёю 50 мэтраў. Тая ж самая сытуацыя паўтарылася летась зь бізнэс-цэнтрам (маецца на ўвазе абарона Курапатаў увесну 2017 г. — РС). Але пракуратура пастанавіла зьнесьці гэтыя будынкі, таму засталося толькі два выйсьці: зьнесьці іх альбо выкарыстаць у якасьці музэю сталінскіх рэпрэсіяў. Для мяне асабіста прымальная як адна, так і другая».

Ігар Чарняўскі
Ігар Чарняўскі

«Інвэстар быў гатовы перадаць грамадзкасьці 1 ці нават 2 будынкі»

Ігар Чарняўскі сыйшоў з пасады начальніка ўпраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры ў канцы 2016 году. Да звальненьня актыўна ўдзельнічаў у сытуацыі вакол будаўніцтва побач з Курапатамі «Бульбаш-Холу». Ужо былы чыноўнік лічыць, што пяць гадоў таму гісторыя гэтага комплексу магла б скласьціся зусім іначай.

«Пяць гадоў таму інвэстар быў гатовы перадаць грамадзкасьці адзін альбо нават два будынкі, — узгадвае Чарняўскі. — Але ніхто на сябе гэта не ўзяў. Ніхто не захацеў атрымаць гэтыя дамкі».

Таксама, паводле Чарняўскага, менавіта будаўніцтва «Бульбаш-Холу» стала падставай для ўвядзеньня вакол Курапатаў паўнавартаснай ахоўнай зоны. Раней яе папросту там не існавала.

«У 2004 годзе была прынятая пастанова Міністэрства культуры, дзе гаварылася не пра праект зонаў аховы, а пра схему зонаў аховы, — расказвае Чарняўскі. — У гэтага таксама свая гісторыя ёсьць. Праект не ўзгадняў Менгарвыканкам і давялося, не назаву гэта хітрасьцю, але давялося пайсьці на тое, каб хоць нейкі дакумэнт стварыць. Так і зьявілася схема. І там у першым пункце гаварылася, што яна дзейнічае да распрацоўкі праекту дэталёвага пляну».

Такая сытуацыя, паводле Чарняўскага, захоўвалася да 2014 году, пакуль не пачаліся гарачыя спрэчкі вакол будаўніцтва «Бульбаш-Холу».

Экспэрты: «Ахоўны статус» не бароніць Курапаты, яго трэба зьмяніць на сакральны

«Вось тады і быў падрыхтаваны дэталёвы плян, — кажа Чарняўскі. — Праўда, ня цалкам для ўсяго комплексу, а толькі для таго спрэчнага ўчастку. Быў вызначаны рэглямэнт, функцыянальнае прызначэньне тэрыторыі... Пазьней стварылі паўнавартасны праект. Былі прааналізаваныя архіўныя фотаматэрыялы, мапы. Вызначылі, што папраўдзе ў канцы 1930-х лясны масіў быў не такім, якім мы яго маем цяпер. Ён быў значна меншы, гэта добра бачна на аэрафотаздымках, якія таксама аналізаваліся. І ўрэшце рэшт усе падзеі гэтыя сталі прычынай, каб быў падрыхтаваны паўнавартасны праект зонаў аховы з аналізам усіх акалічнасьцяў... Такім чынам, паўнавартасны праект зонаў аховы вакол Курапатаў быў прыняты толькі ў 2014 годзе».

Рэстаранны клмплекс "Паедзем, паядзім"
Рэстаранны клмплекс "Паедзем, паядзім"

Адпаведна, гаварыць пра зьмяншэньне ахоўнай зоны вакол Курапатаў у сувязі з будаўніцтвам сумнавядомага «Бульбаш-Холу» у 2012-2015 гадах не зусім правільна, кажа Чарняўскі. Паводле яго, не зусім адпавядае рэчаіснасьці і рашэньне пракуратуры зьнесьці пабудаваны рэстаранны комплекс, на якое зараз часта спасылаюцца праціўнікі адкрыцьця рэстарана «Поедем поедим».

«Было прадстаўленьне пракуратуры аб зносе будынкаў, ёсьць у іх такі дакумэнт, — расказвае Чарняўскі. — Дакладна яго тэкст я не ўзгадаю ўжо. Але дакладна памятаю, што пасьля яго была праведзеная нарада, дзе прысутнічалі прадстаўнікі аблвыканкаму, Міністэрства культуры, райвыканкаму і Генэральнай пракуратуры. І там ішла гаворка ня столькі аб зносе будынкаў, колькі аб рэалізацыі пастановы Міністэрства культуры ад 2004 году аб распрацоўцы дэталёвага пляну. І пракуратура тады гэта падтрымала».

Ці могуць улады зьмяніць ахоўную зону, прадугледжаную апошнім на дадзены момант плянам 2014 году? Ігар Чарняўскі прызнае, што гэта таксама магчыма. «Гэта магчыма, але мусяць быць падставы. Ня проста так — захацелі і зьмянілі», — гаворыць Чарняўскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG