Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля рэстарацыі «Поедем поедим» аўтамабіль зьбіў актывіста Леаніда Кулакова. У яго пералом рукі


Леанід Кулакоў, архіўнае фота

Інцыдэнт адбыўся 27 чэрвеня каля 17 гадзіны падчас пікетаваньня рэстарацыі «Поедем поедим». Пра здарэньне Свабодзе апавёў сустаршыня БХД Павал Севярынец.

«Дзьве дзяўчыны пад’ехалі да рэстарана на аўтамабілі „Таёта“ і, не зьніжаючы хуткасьці, хоць бачылі пікетоўцаў, паспрабавалі праехаць на тэрыторыю рэстарана. Хоць тут знак вісіць — усяго 5 кілямэтраў на гадзіну.

Аўтамабіль літаральна ўехаў у пікет і зьбіў Леаніда Кулакова з ног. У яго пашкоджана нага і рука зьдзёрта да крыві. Пікетоўцы выклікалі хуткую і ДАІ. Цяпер з кіроўцам разьбіраюцца супрацоўнікі ДАІ, а Леаніду Кулакову аказваюць дапамогу мэдыкі», — сказаў Павал Севярынец.

Алесь Туровіч пазьней паведаміў Свабодзе, што ў шпіталі, куды яго адвезла хуткая, у яго дыягнаставалі пералом левай рукі.

Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў цягам чэрвеня рэгулярна бярэ ўдзел у пікетах каля рэстарацыі ў Курапатах, закрыцьця якой ужо месяц дамагаюцца актывісты розных партый і грамадзкіх арганізацый дэмакратычнага кірунку.

Супрацоўнікі ДАІ раней склалі на Леаніда Кулакова некалькі пратаколаў за парушэньне правілаў дарожнага руху. У адным з пратаколаў Леанід Кулакоў напісаў, што «стаяў і будзе стаяць у пікетах», паколькі пратэстуе супраць знаходжаньня забаўляльнай установы ў ахоўнай зоне Курапатаў.

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Дагэтуль дакладна не вядома, хто ўладальнік рэстарацыі. Яе адрас супадае з адрасам ТАА «Амізбел», яго прадстаўнікі не ідуць на кантакт. Раней паведамлялася, што комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст».
  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG