Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест «Бульбаш-холу»: каля Курапатаў адкрыюць рэстарацыю «Поедем поедим»


Забаўляльны комплекс ля Курапатаў з вышыні птушынага палёту, студзень 2018
Забаўляльны комплекс ля Курапатаў з вышыні птушынага палёту, студзень 2018

За 50 мэтраў ад курапацкага мэмарыялу ў комплексе будынкаў, які раней атрымаў назву «Бульбаш-хол» і належыць кампаніі «БелРэстІнвэст», напрыканцы тыдня мае адкрыцца рэстаран «Поедем поедим».

У рэстарацыі, дзе пабываў карэспандэнт Свабоды, поўным ходам ідзе падрыхтоўка да адкрыцьця, хоць ні на будынку, ні на агароджы няма ніякіх шыльдаў і інфармацыі.

У залі ўжо гатовыя інтэр’еры, стаяць сталы і лаўкі, музычная апаратура. Расстаўляюць бутэлькі са сьпіртовымі напоямі. У цэнтры залі каля барнай стойкі вялізная рэкляма гарэлкі «Бульбашъ».

Адміністратарка рэстарацыі Віталія сказала Свабодзе, што ўся заля разьлічаная прыкладна на 300 наведнікаў. Да восені плянуецца адчыніць лазьню і саўну.

Іншых зьвестак у адміністрацыі не паведамілі, прапануючы дачакацца адкрыцьця ў пятніцу.

Пасьля таго як карэспандэнт Свабоды выйшаў з залі рэстарацыі, невядомы, які не прадставіўся, з пагрозамі запатрабаваў выдаліць з тэлефона фатаздымкі, зробленыя знутры і звонку памяшканьня. Маўляў, гэта прыватная тэрыторыя.

Яшчэ адна жанчына, якая не назвалася, выказала незадавальненьне паведамленьнямі мэдыя пра забаўляльны комплекс — тым, што журналісты «пішуць пра танцы на касьцях».

Менскі райвыканкам: «Ліцэнзію атрымалі, усе дакумэнты аформленыя»

Кіраўніца аддзелу гандлю Менскага райвыканкаму Тацяна Іванова пацьвердзіла карэспандэнту Свабоды, што на тэрыторыі комплексу будзе рэстарацыя «Поедем поедим».

«Яны ўжо даўно ўключаныя ў гандлёвы рэестар, але не магу сказаць, калі зьбіраюцца адчыніцца. Яны ліцэнзію атрымалі, усе дакумэнты аформленыя», — сказала Тацяна Іванова.

Таксама ў райвыканкаме сказалі, што ня маюць інфармацыі, калі адчыніцца рэстарацыя.

«Саўна і лазьня ні ў якія рэестры ня ўключаныя, уключаны толькі аб’ект грамадзкага харчаваньня», — сказала Тацяна Іванова.

Уладальнік комплексу: «​Чаму вас абурае ТАА „Бульбаш“»​

Знаходзіцца рэстарацыя па адрасе Бараўлянскі сельскі савет, 55, раён вёскі Драздова.

Комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст». Паразмаўляць зь яе дырэктарам Андрэем Ярмоленкавым не атрымалася.

«Усё афіцыйна. Чытайце на сайтах, рэкляма ёсьць, — сказаў ён Свабодзе праз тэлефон. — Каля лесу знаходзіцца Bigzz, і што? Зрабіце там інтэрвію. А чаму вас абурае ТАА „Бульбаш“, я не разумею?»

У сьнежні 2017 Ярмоленкаў пацьвердзіў «Белсату», што ёсьць уласьнікам «аб’екту на 51-м кіламетры», які ён здае ў арэнду прадпрыемству ТАА «Анісбел». Кіраўнік «Анісбела», што валодае маленькім барам і крамай садавіны ў Менску, заявіла журналістам, што нічога ня чула пра аб’ект на 51-м км МКАД.

Раней інтэрнэт-старонка будучага «Бульбаш-холу» зьявілася на сайце холдынгу «Наша рэстаранная група» («Белнаватэкс груп»), што валодае сярод іншага раскошнымі менскімі рэстаранамі «Гранд Кушавель» і The View.

«Мы на сёньня ніякіх адносінаў да гэтага ня маем і камэнтароў не даём», — сказаў Свабодзе ў студзені 2018 дырэктар холдынгу Ігар Вараб’ёў.

Забаўляльны комплекс ля Курапатаў, студзень 2018
Забаўляльны комплекс ля Курапатаў, студзень 2018

Як узьнік забаўляльны комплекс каля Курапатаў

Будоўля забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» у ахоўнай зоне ўрочышча Курапаты, за 50 мэтраў ад мэмарыялу, пачалася ў 2012 годзе.

Пасьля зваротаў грамадзкасьці дзяржаўныя ўстановы выявілі парушэньні пры будаўніцтве, і яно было спыненае. Аднак у 2015 годзе Міністэрства культуры скараціла ахоўную зону Курапатаў са 120 да 50 мэтраў, і «Бульбаш-хол» трапіў у зону рэгуляванай забудовы, дзе будаваць можна з улікам пэўных нюансаў.

Пратэсты грамадзкасьці, звароты ў суд і пракуратуру плёну не далі. Пазьней паведамлялася, што «Бульбаш-хол» зьмяніў назву на «Банкет-хол». Але рэстаранна-забаўляльны комплекс каля Курапатаў так і не адкрыўся.

Асноўнае пра Курапаты

Грамадзкасьць прапаноўвала дзяржаве выкупіць комплекс і перадаць яго на балянс Беларускага саюзу мастакоў «​дзеля творчай дзейнасьці ў інтарэсах Курапатаў». А таксама «сесьці за круглы стол з уладальнікамі гэтага аб’екта і падумаць, разабрацца, як гэта зрабіць, каб і бізнэс захаваць, і не парушаць маральныя нормы, якія там павінны быць захаваныя».

16 лютага 2017 году, грамадзкасьць распачала абарону Курапатаў супраць будаўніцтва бізнэс-цэнтру прыватным прадпрыемствам «Белрэканструкцыя». Будаўнічая пляцоўка разьмясьцілася за некалькі дзясяткаў мэтраў ад Курапацкіх крыжоў, на плошчы, якая ўваходзіла ў ахоўную зону Курапатаў. Гэты кавалак зямлі Менгарвыканкам прадаў прадпрымальнікам, скараціўшы межы ахоўнай зоны ўрочышча.

Супрацьстаяньне будаўнікоў і грамадзкасьці доўжылася больш за месяц і завяршылася перамогай апошніх: прадпрыемства «Белрэканструкцыя» адмовілася ад будаўніцтва. Але шмат каго з абаронцаў затрымалі, судзілі і аштрафавалі.

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Паводле розных падлікаў ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG