Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбываецца з загадкавым «Бульбаш-холам» у Курапатах. Відэа з дрона


Што адбываецца з загадкавым «Бульбаш-холам» у Курапатах
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:54 0:00

За 50 мэтраў ад курапацкага мэмарыялу комплекс будынкаў, які раней атрымаў назву «Бульбаш-хол» і належыць кампаніі «БелРэстІнвэст», падобна, ужо ўведзены ў эксплюатацыю. Аднак ягоныя ўладальнікі ўпарта не ідуць на кантакт.

«Бульбаш-хол» за агароджай
«Бульбаш-хол» за агароджай

Карэспандэнт Свабоды, які пабываў каля «Бульбаш-холу», заўважыў прыкметы яго функцыянаваньня. Комплекс абнесены аўтаматызаванай агароджай. Уваход на тэрыторыю зачынены. Ніякіх шыльдаў не відаць, на весьнічках пазначаны нумар тэлефону для сувязі.

Мужчына, які не назваўся, сказаў, што на тэрыторыю комплексу не прапусьціць.

— У нас яшчэ зачынена, мы яшчэ не працуем. Тут толькі служба бясьпекі, і ўсё.

— А што тут будзе — кавярня нейкая, ці што?

— Ну, хлопцы, вы задаяце пытаньні, самі ж ведаеце, што тут будзе.

— А калі будзе адчыняцца гэтая ўстанова?

— Да пабачэньня.

За кароткі час на тэрыторыю комплексу заехала аўта, кіроўца якога сказаў нам толькі, што едзе туды ўпершыню і «там знаходзіцца офіс адной кампаніі». А іншы аўтамабіль з тэрыторыі выехаў. У адным з будынкаў гарэла сьвятло, там былі людзі.

Як узьнік «Бульбаш-хол» каля Курапатаў

Гэтак званы комплекс «Бульбаш-хол» ля Курапатаў з вышыні птушынага палёту
Гэтак званы комплекс «Бульбаш-хол» ля Курапатаў з вышыні птушынага палёту

Будоўля забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» у ахоўнай зоне ўрочышча Курапаты, за 50 мэтраў ад мэмарыялу, пачалася ў 2012 годзе.

Пасьля зваротаў грамадзкасьці дзяржаўныя ўстановы выявілі парушэньні пры будаўніцтве, і яно было спыненае. Аднак у 2015 годзе Міністэрства культуры скараціла ахоўную зону Курапатаў са 120 да 50 мэтраў, і «Бульбаш-хол» трапіў у зону рэгуляванай забудовы, дзе будаваць можна з улікам пэўных нюансаў.

Пратэсты грамадзкасьці, звароты ў суд і пракуратуру плёну не далі. Пазьней паведамлялася, што «Бульбаш-хол» зьмяніў назву на «Банкет-хол». Але рэстаранна-забаўляльны комплекс каля Курапатаў так і не адкрыўся.

Улады: «Быў выдзелены ўчастак пад будаўніцтва кавярні — і яна пабудаваная»

У Менскім райвыканкаме Свабодзе сказалі, што «там быў рэалізаваны праект будаўніцтва кавярні».

Начальнік упраўленьня эканомікі Ірына Меляшэнка патлумачыла, што «інвэстыцыі ў нас прайшлі, мы іх бачым, аб’ект дабудаваны».

«„БелРэстІнвэст“ — арганізацыя, якая будуе. А які апэратар туды ўвойдзе са сваёй кухняй, я вам сказаць не магу. Вам лепш аддзел гандлю падкажа», — сказала прадстаўніца Менрайвыканкаму.

Колькі грошай укладзена ў праект, у аддзеле таксама не сказалі. Затое Ірына Меляшэнка спыталася ў нас, «у якім ключы будзе падавацца інфармацыя».

— У якім ключы «высьветліць» — у станоўчым, у адмоўным? Мяне гэта вельмі цікавіць, бо мы памятаем, што там было некалькі гадоў таму. А чаму вас гэта так зацікавіла? Вы зноў будзеце асьвятляць у тым жа ключы, што вось побач Курапаты, а тут дабудаваная кавярня? Дык якую вы ад нас хочаце інфармацыю? Яна стаіць, узьведзеная.

— А ці магчыма там зрабіць музэй, напрыклад, як прапануе грамадзкасьць?

— Гэта кальцавая дарога, высокі ўзровень адказнасьці кожнага аб’екта. Я гэта камэнтаваць не магу. Там быў выдзелены ўчастак пад будаўніцтва кавярні, і кавярня пабудаваная.

Кіраўніца аддзелу гандлю Менрайвыканкаму​ Тацяна Іванова адмовілася сказаць, якая кавярня будзе ў будынку і калі яго адчыняць.

«Можаце зьвярнуцца да ўласьніка, калі вас нешта канкрэтна цікавіць пра гэты аб’ект. Можаце ў яго спытацца, каму яны здалі ў арэнду, — адказала яна. — Я пакуль не магу адказаць на ваша пытаньне, бо гэта заяўны прынцып. Зямельны ўчастак аформлены на „БелРэстІнвэст“. Паводле мэтавага прызначэньня зямельнага ўчастку, гэта аб’ект грамадзкага харчаваньня. І ён там і будзе».

Забудоўнік: «Камэнтароў не даём»

Карэспандэнт Свабоды наведаў офіс забудоўніка «БелРэстІнвэст» у менскім завулку Казлова, 5а. Аднак там наадрэз адмовіліся паведамляць, што будзе ў іхным будынку каля Курапатаў і каму ён здадзены ў арэнду.

Будынак, дзе месьціцца «БелРэстІнвэст»
Будынак, дзе месьціцца «БелРэстІнвэст»

Дырэктар кампаніі Андрэй Ярмоленкаў сказаў праз тэлефон, што не дае камэнтароў пра гэтыя пытаньні. На наша пытаньне пра прапанову грамадзкасьці, каб дзяржава выкупіла гэты будынак, у адказ зноў прагучала «Без камэнтароў».

У сьнежні 2017 Ярмоленкаў пацьвердзіў «Белсату», што ёсьць уласьнікам «аб’екта на 51-м кіламетры», які ён здае ў арэнду прадпрыемству ТАА «Анісбел». Кіраўнік «Анісбела», што валодае маленькім барам і крамай садавіны ў Менску, заявіла журналістам, што нічога ня чула пра аб’ект на 51-м км МКАД.

Раней інтэрнэт-старонка будучага «Бульбаш-холу» зьявілася на сайце холдынгу «Наша рэстаранная група» («Белнаватэкс груп»), што валодае сярод іншага раскошнымі менскімі рэстаранамі «Гранд Кушавель» і The View.

«Мы на сёньня ніякіх адносінаў да гэтага ня маем і камэнтароў не даём», — сказаў Свабодзе дырэктар холдынгу Ігар Вараб’ёў.

Грамадзкасьць: «Мы гатовыя сесьці за круглы стол з уладальнікамі гэтага аб’екта»

Дасьледчык палітычных рэпрэсій, гісторык Ігар Кузьняцоў, сябра працоўнай групы ў справе стварэньня мэмарыяльнага знаку ў Курапатах пад кіраўніцтвам галоўнага рэдактара газэты «СБ. Беларусь сегодня» Паўла Якубовіча, агучыў зварот да кампаніі «БелРэстІнвэст» у размове з карэспандэнтам Свабоды.

Ігар Кузьняцоў
Ігар Кузьняцоў

«​Мы, прадстаўнікі грамадзкасьці, спэцыялісты, гатовыя сесьці за круглы стол з уладальнікамі гэтага аб’екта і падумаць, разабрацца, як гэта зрабіць, каб і бізнэс захаваць, і не парушаць маральныя нормы, якія там павінны быць захаваныя. Вырашыце гэтае пытаньне без канфлікту, каб не паўтарылася сытуацыя лютага мінулага году. Тады грамадзкасьць усё ж перамагла, а не дзяржава. Дык навошта яшчэ такое процістаяньне там? Ну, можа розум усё ж пераможа?»

Тым часам грамадзкая ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў» зноў агучыла ў СМІ прапанову дзеля вырашэньня канфліктнай сытуацыі вакол гэтак званага «Бульбаш-холу». Яны мяркуюць, што дзяржава магла б выкупіць комплекс і перадаць яго на балянс Беларускага саюзу мастакоў дзеля творчай дзейнасьці ў інтарэсах Курапатаў.

«Мы ня можам на гэты працэс неяк уплываць»

Паводле Ігара Кузьняцова, сытуацыя дагэтуль застаецца няяснай.

«То бок адкрыцьцё нібыта пакуль не адбылося. Мы ня можам на гэты працэс уплываць, бо ніхто не дае інфармацыі. Ужо ня першы год робіцца спроба ўступіць зь імі ў перамоўны працэс, за гэты час ужо гаспадар памяняўся там. Аднак ні разу не адбылося сустрэчы хаця б на ўзроўні кіраўніка ці ўпаўнаважанай асобы».

Ён адзначае, што аб’ект стаіць з 2012 году і цягам гэтага часу «ніхто нават усярэдзіну ня мог трапіць, каб пераканацца, гатовыя яны да адкрыцьця ці не».

«Бульбаш-хол»
«Бульбаш-хол»

Паводле Ігара Кузьняцова, актывістам невядома, ці будзе перапрафіляваньне аб’екта.

«5 гадоў аб’ект стаіць, нясуць страты і ня могуць вырашыць пытаньня. Або

Няхай хоць зробяць там офісны будынак, але ні ў якім разе не рэстарацыю ці нейкі іншы забаўляльны аб’ект

перапрафілюйце, або нарэшце зрабіце крок добрай волі. Яны самі маглі сказаць: калі вы знойдзеце, хто нам кампэнсуе хаця б 50–70% укладаньняў, то мы гатовыя гэты аб’ект, груба кажучы, прадаць. Дык гэтае ж пытаньне таксама не стаіць, — абураецца суразмоўца. — Колькі ўжо было прапаноў — няхай хоць зробяць там офісны будынак, але ні ў якім разе не рэстарацыю ці нейкі іншы забаўляльны аб’ект. Зноў уцямнага адказу няма».

Па словах Кузьняцова, было спадзяваньне на працоўную групу пад кіраўніцтвам Паўла Якубовіча, але гэтая група апошні раз зьбіралася ў красавіку летась.

«Фактычна гэта была імітацыя таго, што да канца году ў Курапатах пабудуюць дзяржаўны мэмарыял. Але ўсё спушчана на тармазах. І вось гэты конкурс праектаў, які ініцыяваў Мінкульт, а потым на „СБ“ было перацягнута. Якубовіч сказаў, што калі не да канца 2017 году, то на пачатку гэтага пытаньне ўсё роўна нібыта будзе вырашана. Цяпер ніякіх сыгналаў няма», — кажа дасьледчык сталінскіх рэпрэсій.

Пратэст супраць будоўлі офіснага цэнтру каля Курапатаў у 2017 годзе
Пратэст супраць будоўлі офіснага цэнтру каля Курапатаў у 2017 годзе

Ён перакананы, што спроба ўладальніка «ў таямніцы ўсё прамацаць» і адкрыць рэстаранную ўстанову непазьбежна скончыцца новым супрацьстаяньнем з грамадзтвам.

«Ім не дадуць гэта зрабіць, будзе пікетаваньне. І нават наведнікі сто разоў падумаюць, ці трэба туды ехаць. То бок уладальнікі не атрымаюць прыбытку».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG